— Нам далей.
— Я пайду на вакзал.— У голасе гучала рашучасць.— Вы не хвалюйцеся. Там людзі... цёпла...
З яго душы зваліўся шматпудовы цяжар. Але, выходзячы следам за Вітай з тралейбуса, Віктар уявіў, як яна самотна сядзіць на казённай вакзальнай канапе і да яе чэпіцца падхмелены нахаба, якога няма каму прыструніць. Дапусціць такое ён не мог.
— I ўсё ж мы паедзем да мяне.
— Не. Навошта вам непрыемнасці? Уяўляю сябе на месцы вашай жонкі.
У ражках сціснутых вуснаў лягла ўпартасць.
— Не,— паўтарыла яна, спыняючы ўгаворы. Віктару спадабалася, што яна стала думаць і пра іншых. Крызіс відавочна мінуўся, і ў яго бліснула кволая ідэя.
— У такім разе вяртаемся да вас.
Яе бровы прыўзняліся, у вачах запаліліся цёплыя агеньчыкі.
— Не-не, што вы...
— Мы вяртаемся.— Яго тон не дазваляў пярэчыць. У гаворцы ён свядома выбіраў нейтральныя тэмы.
Ён нават палічыў магчымым расказаць смешны і пікантны выпадак з жыцця знаёмага археолага: у таго ў археалагічнай разведцы недарэчна ўтапіліся ў рацэ штаны, і ён, не маючы запасных, мусіў вечар і ноч хавацца ў лесе ад сваёй лабаранткі, а раніцаю гародамі красціся да вясковай крамы... Віта смяялася і міла моршчыла не такі ўжо і непрыгожы нос.
У Віты яны нібы памяняліся на ролі. Як клапатлівы гаспадар, ён пакінуў у пакоі прыглушанае таршэравае святло, адшукаў аптэчку і даў Віце таблетку эленіуму. Яна слухалася і сачыла за ім удзячнымі прамяністымі вачыма.
— А цяпер прыляжце на канапу... Вось так, малайчына.— Віктар накрыў яе пледам.— Вы павінны хоць трошкі адпачыць.
Ён пасунуў крэсла бліжэй да святла і разгарнуў Мантэня.
Неўзабаве Віта задыхала роўна і глыбока, змарнелы твар палагаднеў, прыадкрыліся асмяглыя вусны.
На паліцах драмалі кнігі. Цьмяна блішчалі самавары. Па пакоі разліваліся спакой і заміранасць. Яшчэ крыху паслухаўшы таканне гадзінніка, Віктар паклаў Мантэня ў дыпламат і на дыбачках рушыў да дзвярэй. Па цішыні разанула рыпенне. Пракляты паркет! Віктар прыкіпеў да падлогі. Віта заварушылася і санліва слытала:
— Куды вы?
— Спіце, спіце...
Яна супакоена павярнулася на другі бок. Заўтра ён абавязкова пазвоніць.
Віктар, паўтарыўшы нумар тэлефона, асцярожна зашчоўкнуў тугі замок.
Ён выйшаў з таксі апоўначы. Заставалася перайсці вуліцу, але ён чамусьці спыніўся. Вуліца была пустэльная. Нізка над дамамі серабрыўся маладзічок, і да яго падпаўзала глухая чорная хмара. Віктар адчуў, як у душы загучала нейкая трывожная нота. «Усё добра»,— сказаў ён сам сабе, спрабуючы адолець трывогу. Заўтра ён пазвоніць, а ўвечары можна на гадзіну зазірнуць.
— Усё выдатна,— паўтарыў ён уголас. Але ўжо абрывалася, ляцела ў прадонне сэрца.
Праз секунду ён пабег, і за ім, ратуючыся ад хмары, ірвануўся маладзік.
Віктар бег проста пасярод вуліцы. На шчасце, яго хутка дагнала тое самае таксі: вадзіцель, не знайшоўшы пасажыраў, кіраваўся да цэнтра.
— Назад!
— Кашалёк згубіў, ці што? — уразіўся таксіст.
— Гані!
Ён, забыўшыся на ліфт, узбег на сёмы паверх і, пазваніўшы, змеціў, што дзверы толькі няшчытна прычынены.
На канапе ў нясцерпна зыркім святле люстры валяўся скамечаны плед. Са сцяны злавесна шчэрылася маска. Ён кінуўся на кухню, дзе таксама гарэла лямпачка, затым, зламаўшы ў ліхаманцы зашчапку, уварваўся ў асветленую ванную і з жахам адхіснуўся ад смяротна бледнага барадатага чалавека з вуглямі звар'яцелых вачэй і наліплымі на лоб валасамі.
Спатрэбілася некалькі секунд шалёнага грукату сэрца, каб зразумець, што ён спалохаўся самога сябе ў люстэрку. На Віктара абрынулася страшэнная млявасць, ён чуць дабрыў на чужых ватных нагах да канапы і, як падкошаны, заваліўся на яе.
Перад жахлівасцю таго, што здарылася, перад тым, як Віта білася ў клетцы пустой кватэры, як, баронячыся ад бяды, запальвала паўсюль святло, і праект, і адносіны з гконкай, усё яго жыццё здалося Віктару нечым нікчэмным, па-мурашынаму дробным.
— Падлюка... падлюка... падлюка...— шаптаў ён сухімі вуснамі і, дрыжучы ад агіды, адчуваў сябе той маленькаю пачварай, у якую ператваралі яго самавары.
Ён страціў пачуццё часу і не ведаў, колькі ляжыць вось так, выснажаны, быццам звер пасля гону, поўны нянавісці да разбітага цела і ўсяго сябе, не маючы змогі дацягнуцца да выключальніка, каб знішчыць бязлітаснае, балючае нават скрозь павекі святло...
Чорную тоўшчу ночы перамог гудок далёкага цягніка. Ён нагадаў, што недзе ёсць людзі, жыццё, і прымусіў Віктара з цяжкасцю адарваць голаў ад канапы. Пакутліва вярталася здольнасць думаць.
Але хто выклікаў «хуткую»?
Віктар ухапіўся за гэтае пытанне, як тапелец хапаецца за трэску.