Выбрать главу

— Хто выклікаў «хуткую»?..— Ён разважаў уголас, дзесьці ў падсвядомасці адчуваючы, што словы ў такіх выпадках пераконваюць больш, чым безгалосыя думкі.— Мабыць, яна сама... А калі сама, значыць... Значыць, не так і страшна... Чакай!!! А чаго, чаго ты, доўбня яловая, учапіўся за гэту «хуткую»?

Душа зайшлася ў салодкім прадчуванні вызвалення.

— Што, калі Віта... проста пайшла на вакзал?..

Ён быў падобны да чалавека, які, выбіраючыся ў капальні з завалу, убачыў наперадзе акраец неба.

Яна ж хацела начаваць на вакзале. Усё правільна: футра, хусткі і ботаў няма. Яна пайшла на вакзал! А там людзі, там усё будзе добра...

Ён адчуў, што памірае ад смагі, і, адкруціўшы на кухні кран, доўга не мог наталіцца і астудзіць вадою твар.

Зашчоўкнуўшы французскі замок, ён пакінуў кватэру дакладна такой, як заспеў,— са скамечаным пледам на канапе, з запаленымі ўсюды лямпачкамі, з прыладжанай на дзвярах ваннай зашчапкай. Адно на століку пад таршэрам ляжаў забыты Мантэнь...

Назаўтра Віктар працаваў.

Не, на душы ў яго зусім не панавала ціхамірнасць. Ён не мог па-сапраўднаму ўрупіцца ў справу, уменне цалкам пераключыцца з адной рэальнасці на другую давала збоі, і на прасторы ватману нечакана ўзнікалі нервовыя лініі дзявочага твару альбо грубыя абрысы маскі.

Так, учора ён быў не анёлкам. Аднак калі б ён застаўся ў яе... Няцяжка ўявіць, што адбывалася б дома. I гэта цяпер, калі яму, як ніколі, патрэбен спакой.

А хіба што-небудзь змянілася б у Віты? Як гэта ні жорстка і жудасна, але праз смерць маці раней ці пазней павінен прайсці кожны з нас.

Ён не бязвінны, але ён не страціў здольнасці пакутаваць за іншага, а гэта — галоўнае.

I, падумаўшы гэтак, Віктар з палёгкай уздыхнуў і нібы падвёў пад здарэннем нейкую рысу.

За акном, на павяснелай чорнай ліпе, усчынілі радасны гармідар вераб'і. У пакой, залоцячы паперу, зазіралі сонечныя промні. Увесь чысты і зіхаткі сакавіцкі дзень нашэптваў Віктару, што яго начныя страхі пустыя і недарэчныя; учарашняе блякла, пачынала выдаваць кашмарным сном ці трызненнем.

Яму прыйшла ідэя заміж звычайных кіламетровых паказальнікаў паставіць на дарозе да мемарыяла драўляныя слупкі з кутымі выявамі сонца — адмысловымі сімваламі паэзіі, і ён узяўся за аловак...

Перад полуднем жонка пасылала Віктара ў гастраном. З аўтамата ён пазваніў Віце. Тэлефон не адказаў. Віктар здагадаўся: паехала да маці, і не адважыўся прызнацца сабе, што, пачуўшы яе голас, павесіў бы трубку.

Увечары зваліліся на галаву госці, і, хоць ты разарвіся, нельга было адлучыцца.

У нядзелю і ў панядзелак Віцін тэлефон таксама маўчаў. Па логіцы рэчаў яна, відаць, перабралася да знаёмых, і Віктар вырашыў пазваніць альбо зайсці ў канцы тыдня.

Стаялі пагодлівыя вясновыя дні, і яму нядрэнна працавалася.

Вечар, ноч і раніца

Прыцемкам па клёне пад тваім акном нягучна залапоча дождж... У народжанай яго шапаценнем утульнасці табе будзе хораша чытацца на самоце добрая кніга, і час закружыць вакол цябе ў няспешным віраванні.

Не заўважыш, як аціхне шалясценне колаў па асфальце, як растануць у ночы хуткія крокі апошніх прахожых. Не заўважыш, што ты ўжо застаўся з ноччу і дажджом сам-насам... Ды вецер раптам секане кроплямі ў шыбу, і ты нібы ачуешся ад нейкай дрымоты, адкладзеш кнігу і падыдзеш да акна.

У святле ліхтара будуць падаць на клён аблытаныя ветрам пасмы дажджу. I ты ўбачыш, як адарвецца і роспачна, быццам хоча вярнуцца, паляціць долу цёмна-бурштынавы ліст. А дождж будзе падганяць яго і потым безуважна прыціскаць да бліскучай мокрай травы.

I ў табе народзіцца нейкае шчымлівае пачуццё.

Будзеш доўга глядзець на дождж, на клён, на неахайна разлінаваны абыякавым белым святлом ліхтароў пляц. Потым ліхтары пагаснуць, толькі тры ці чатыры застануцца гарэць — прывідліва і трывожна, а ты ўсё будзегп стаяць ля акна, наструнена і чуйна прыслухоўвацца да сябе і нечага чакаць.

Пройдзе апошні аўтобус. Паміж чырвонымі кроплямі агеньчыкаў згледзіш на заднім шкле чыюсьці постаць. I раптам да болю востра пазайздросціш таму незнаёмцу, пашкадуеш, што гэта не ты там, у цёплым жоўтым святле апошняга аўтобуса.

I твой неспакой знячэўку стане гаркава-салодкім, як каліна пасля зазімку.

Ты зразумееш, што трэба ехаць.

Назаўтра ты цэлы дзень, да вячэрняга самалёта, будзеш унікаць размоў, адпрэчваць дробязныя будзённыя думкі, каб не разбіць, не парушыць сваім ці чужым неасцярожным словам ці нікчэмнаю думкай кволую шчымлівую ўрачыстасць, што спеліцца ў душы.

...Горад не пазнае цябе. Ён безуважна, як па выпадковым сустрэчным, слізгане па табе позіркам і будзе па-ранейшаму заклапочана пераміргвацца святлафорамі і рэкламамі. I здасца, што ён зусім забыўся пра цябе — гарады заўсёды забываюць нас хутчэй, чым мы іх,— і кране халадок адчужанасці. А горад, быццам прачытаўшы ў тваёй душы, верне позірк, угледзіцца і, прасвятлеўшы, ляпне цябе па плечуку: «Ну, здароў! Прыехаў...» I ты, як дзіця, узрадуешся, што яшчэ не чужы яму, што не толькі горад — твой, але і ты — ягоны.