Вось і ўсё.
Цікава, колькі захоўваюць “да запатрабавання” лісты, па якія ніхто не прыходзіць? Уяўляю, як дзяўчына, што сядзіць за тым акенцам, кожны дзень бачыць знаёмы канферт і шкадуе невядомага ёй мяне.
Але здараюцца дзівы, і, калі ты раптам атрымаеш мой ліст, не думай, што я хацеў перамагчы час.
І ўсё ж здараюцца дзівы. Юо ў чалавека заўсёды павінна заставацца надзея.
Эдзік назбіраў вялікі букет жоўтых і чырвоных лісцяў і старанна, рознымі ўзорамі расклаў іх на лаўках прывакзальнага сквера. Зморшчыўшы востры носік, Эдзік агледзеў сваю работу, потым нехаця выпіў чацвёртую шклянку газіроўкі з аўтамата і скіраваў на вакзал.
Чамаданчык адзінока чарнеў на старым месцы пад акном.
Робячы выгляд, што разглядвае стэнд «Іх шукае міліцыя», Эдзік стаў раз-пораз прастрэльваць жвавымі вачанятамі невялікую пачакальню. Усё было спакойна. Эдзік ужо быў памкнуўся выходзіць і раптам аж падскочыў: акулярысты дзядзька, які даўно сядзеў у пачакальні, закрыўшыся часопісам, знячэўку ўстаў і рушыў да чамаданчыка.
Эдзіка як ветрам здзьмула, і праз імгненне ягоны дробны тварык пад ускудлачанаю стрэшкай попельных валасоў вынік па другі бок зашклёных дзвярэй.
Акулярысты спыніўся над чамаданчыкам і на ўсю залу сказаў:
— Таварышы! Уласна кажучы, чый гэта багаж? Я тры гадзіны назіраю: багаж стаіць, а пасажыра няма. Непарадак, таварышы! Прапаную здаць у аддзяленне.
Пачакальня ўхвальна зашумела. Адразу знайшліся яшчэ два энтузіясты. Акулярысты падняў чамаданчык, паважыў яго ў руцэ і з напісаным на твары задавальненнем ад свайго ўчынку ў суправаджэнні энтузіястаў панёс «багаж» у аддзяленне.
Эдзік стаіўся каля газетнага кіёска і сачыў за чамаданчыкам, пакуль той не схаваўся за дзвярыма з шыльдай «Міліцыя». Тады ён састроіў смешную грымасу, ад якой стаў падобны да малпачкі, і, аддудурыўшы губу, прагугніў нешта незразумелае: «Толькі пакінь што, адразу ногі прыставяць...»
Каля акна ў школьным калідоры стаяў малады міліцыянер з акуратнымі вусікамі і ў новай шчыгульнай форме. Угледзеўшы Эдзіка, ён паклікаў яго пальцам. Эдзік слухмяна, без асаблівага хвалявання — толькі глыбока ў вачах з'явілася сумота — пабрыў да акна.
— Здароў, Верабейчык! — амаль весела прывітаўся міліцыянер.
— Драсця! — ветліва адказаў Эдзік.
— Пайшлі.— Міліцыянер узяў Эдзіка за руку.
— Пайшлі,— пакорліва пагадзіўся той.
— Глядзіце, зноў Вераб'я павязалі,— з адценнем павагі сказаў ззаду нехта са старшакласнікаў.
Дырэктар, сярэдняга веку кабета з падмалоджаным касметыкай тварам, паднялася з-за стала.
— Зноў ты...— стомлена сказала яна.— Што з цябе к дзесятаму класу вырасце?
— З мяне не што вырасце, а хто. Я адушаўлёны,— паправіў Эдзік. Маленькі, кудлаты, вастраносы, ён цяпер і сапраўды выдаваў верабейкам, што, ратуючыся ад холаду, натапырвае свае пёркі.
— I гэта чацвёрты клас,— гучна ўздыхнуўшы, сказала дырэктар і кіўнула міліцыянеру: — Сядайце.
— А ты пастой, пастой,— запыніла яна Эдзіка, які таксама мерыўся сесці.— Ты бачыў, што ў цябе на галаве робіцца?
— Валасы растуць,— хмурна азваўся Эдаік.
— I гэта чацвёрты клас,— пахітала галавой дырэктар.— Чац-вёр-ты.
Міліцыянер тым часам дастаў з папкі пакамечаны вучнёўскі сшытак і дапытліва, з вясёлымі жарынкамі ў вачах паглядзеў на Эдзіка:
— Не ведаеш, чый гэта сшытак?
— Не ве-е-даю...— здзівіўся Эдзік.— А што?
— На, зірні.
На вокладцы меўся пачацца паветраны бой. Пяць сініх, намаляваных шарыкавай аўтаручкай самалётаў ішлі на двух чырвоных. Трэці чырвоны, развярнуўшыся да сваіх хвастом, уцякаў. Пад гэтым самалётам стаяла: «Віцька». Ніжэй было напісана: «Сшытак па матэматыцы вучня 3 «Б» класа 3-й школы Верабейчыка Эдуарда».
— Твой? — спытаў міліцыянер.
— Мо-ой...— разгублена працягнуў Эдзік.— Стары... А адкуль ён у вас узяўся?
— Не здагадваешся?
— Не-а,— з відавочнай шчырасцю адказаў Эдзік.
— Дык у чым, уласна, справа? — не вытрымала дырэктар.— Зноў бульбіну на акно падвесіў?
Міліцыянер узяў з папкі паперу і стаў уголас чытаць:
— У чыгуначнае аддзяленне міліцыі...
Эдзік страпянуўся.
—...дастаўлены чамадан, чорны, сярэдняй зношанасці. Выявіць уладальніка чамадана на вакзале не ўдалося. Пасля ўскрыцця ў чамадане знойдзена: часопіс «Человек и закон», адзін, цэгла сілікатная, адна, бляшанкі кансервавыя пустыя, пяць, мыш нежывая, адна...
— Мыш...— паўтарыла дырэктар, хітаючы галавой.:— Божа-божа.
—...ранец школьны, вялікай зношанасці, адзін. У ранцы выяўлены сшытак на імя вучня трэцяй школы Верабейчыка Эдуарда.