Выбрать главу

Тэлефон зноў сыпле сухім трэскам, і маці нарэшце асцярожна здымае трубку. Мужчынскі голас прадстаўляецца карэспандэнтам. Будзе пісаць пра іх малады горад і абавязкова пра яе Васіля. Ці дазволіць яна завітаць?

Маці нават трошкі радуецца госцю. Перабраўшыся гады тры таму з вёскі, яна па-ранейшаму не можа сядзець склаўшы рукі і глядзіць суседскага хлопчыка. Але цяпер суседзі з малым у адпачынку, і яна почасту чуе ў душы непрыкаянасць і сваю непатрэбнасць.

Маці пачынае пакрысе рыхтавацца. Яна абводзіць позіркам па-сялянску проста абстаўлены пакой. У ім, як зазвычай, прыбрана, але вонкавы парадак і чысціня не могуць схаваць адбітку нейкай няўтульнасці, якая заўсёды бывае ў хаце, чые гаспадары не маюць аб кім клапаціцца. Маці перасцілае стол, ставіць на свежы абрус талерку з жоўтымі антонаўкамі. Прычэсвае грабянцом сівыя рэдкія валасы, павязвае цёмную ў белыя разводы хустку і сядае на старую канапу пад фотапартрэтам круглатварага хлопца з адкрытым паглядам і харошаю ўсмешкай.

На кухні размерана капае з няспраўнага крана: кап-кап-кап...

Маці не хвалюецца. За час, як не стала Васіля, яна перабачыла шмат карэспандэнтаў. Маці ніколі, нават калі ёй кволіцца, не адмаўляецца ад размоў, ад запрашэнняў да дзяцей у школу ці яшчэ куды. Ёй увогуле цяжка адмовіць чалавеку. Госці часта просяць сынавы фотакарткі, абяцаюць перазняць і вярнуць, а пасля, відаць, забываюцца, і зараз з усіх здымкаў Васіля ў яе застаўся адзін гэты партрэт...

Маці добра ведае, што будзе пытацца карэспандэнт, ведае, што будзе апавядаць сама. Спярша яна нетаропка і скупа раскажа пра вайну — як карнікі пусцілі дымам іхнюю вёску і яна з малымі ратавалася ў лесе, як затым, у канцлагеры, тыфус забраў старэйшую, Ніначку. Раскажа, як бедавала з Васільком, не прычакаўшы з вайны свайго Рыгора, як агорала бабскімі рукамі сякую-такую хаціну... Уніз ад ражкоў вуснаў залягуць два горкія раўчукі, але ціхі голас маці не сарвецца, не задрыжышь ад успамінаў — у соты раз і аб самым страшным горы чалавек гаворыць спакойна. А можа, гэта і не ўспаміны, мо толькі іхні цень ці малыя аскалёпкі, а самі ўспаміны схаваныя да нейкай хвіліны, бо душа ведае, што нельга даваць ім волю, што яны, як тыя асколкі, могуць упіцца ў сэрца і тады не будзе паратунку. Кап-кап-кап...

Раней, адразу пасля гібелі Васіля, было не так.

Калі яе распытвалі, маці старалася ўсё прыгадаць, баялася прапусціць нешта важлівае, развярэджвала сэрца і плакала. Потым, з цяжкасцю разбіраючы дробныя літары, яна чытала прынесеную суседзямі газету і горка здзіўлялася: нібыта і пра Васіля, і не пра яго. У газеце не было таго, што маці з болем даставала са сваёй памяці, затое пісалася шмат іншага, зусім ёй невядомага. Маці вось і імя такога нянаскага не чула — Расул, а выходзіла, што з гэтым Расулам тут, на будоўлі, яе Васіля было не разліць вадой: і рабілі разам, і ў футбольнай камандзе гулялі, і нейкіх хуліганаў разам злавілі. Газета як быццам пасміхалася з маці, быццам хвалілася: а я ведаю твайго сына лепей...

Аднаго разу маці паклікалі ў школу, і дырэктар, запрасіўшы яе ў кабінет, доўга тлумачыў, што маці павінна будзе расказваць піянерам, а потым пацікавіўся, як Васіль вучыўся. «Не дужа стараўся,— шчыра адказала маці.— Бывала, і калы хапаў. Я ўжо тады як адважу-адважу ляйчынай — назаўтра і справіць». Дырэктар збянтэжыўся і, пачырванеўшы, папрасіў яе сказаць, што Васіль займаўся на чацвёркі і пяцёркі. «Так патрэбна ў педагагічных мэтах», — растлумачыў ён. Маці паслухалася: гэты абыходлівы паважны чалавек у акулярах і дыхтоўным гарнітуры лепш за яе ведаў, як трэба. Гаварыць пасля гэтага пра калы яна ўясо нікому не адваясвалася.

Сама маці ні аб чым такім не думала, але незаўважна ў яе душы з'явіліся два Васілі. Адзін — герой, аб якім пішуць у газетах і перадаюць па радыё; гэта ён добра вучыўся, будаваў на голым месцы горад, сябраваў з Расулам... Ён, гэты Васіль, падобны да сапраўднага, але якісьці няблізкі, нібыта і не сын яе, а, можа, пляменнік, калі не далейніая радня. Таму гаманіць пра яго маці не гэтак балюча; ёй нават хвілінаю здаецца, што той, герой, і загінуў, ратуючы людзей, калі рака сарвала ў паводку пантонны мост, а яе Васіль — жывы, толькі зноў падаўся некуды на новую будоўлю, ды так далёка, што адтуль не даходзяць лісты.