Выбрать главу

А ў яе Васіля свой дубок быў. Вунь там, з акна відаць, падымаўся ўскрай пляца гаёк з маладзенькіх дубкоў і бярэзінак — Васіль садзіў з тымі, што самыя першыя сюды прыехалі. I ладныя ўжо дрэўцы былі, на неба паглядаць пачыналі. Пазалетась не стала гайка: спляжылі і пабудавалі на тым месцы Палац культуры...

Кап-кап-кап...— чуецца з кухні.

У хату, ляпаючы па падвоканні адарванай бляхай, просіцца, нібыта нясе нейкую навіну ці суцеху, халодны восеньскі вецер. А можа, вецер думае, што ён і не халодны зусім, а цёплы?..

Нарэшце ў дзверы звоняць, і маці, ваяска ступаючы хворымі нагамі, ідзе адчыняць.

Трое над Атлантыдай

Замест усяго вольнага свету ім пакінулі лапік здратаванай зямлі і цененькі струмок вады з пакарабачанай трубкі ў закутку вальеры.

Пакорлівыя брудныя птушкі бязмэтна туляліся ўсцяж іржавай сеткі, а з кубла, звітага проста на зямлі, глядзела бусляня, народжанае і асуджанае жыць у няволі.

Жыць і не ведаць, як гарыць на паўнеба вясёлка пасля навальнічнае злівы, як стамлёнае сонца апускаецца на залатыя вершаліны дубоў і як крумкаюць на туманістых вечаровых балацявінах жабы. I людзі, гэтыя дзіўныя істоты таксама на дзвюх нагах, не ўсцягнуць дзеля яго на ліпіну ці таполю кола. I, вырасшы, бусляня не загаворыць з супляменнікамі на мове вольных птушак, не стане на крыло і перад выраем не падымецца ў паднябессе гэтак высока, што растане ў бяздоннай сінечы. Толькі аднойчы яно ў незразумелай тузе заклякоча, забегае па вальеры, роспачна залопае падрэзанымі крыламі, але так і не здолее ўзляцець. Потым яно супакоіцца і будзе жыць далей, і яму будзе здавацца, што так і трэба, што гэта і ёсць жыццё...

Жыццё...

Лімонавы сок, вінаградзіна, блакітны кубік лёду. Кактэйль называўся «Самы храбры». У назве Кастусю чулася штосьці здзеклівае, і, магчыма, якраз таму ён заўсёды браў менавіта гэтае пітво.

Ён пасунуў запацелы келіх бліжэй і ўзяў у губы саломінку.

Восем. Яшчэ тры гадзіны да закрыцця. Тады ён ускараскаецца да сябе на гару, і пачнецца пакутлівая і марная барацьба з бяссоннем. Глухая задушная вусціш яго вузкага, як келля, пакойчыка будзе быццам нейкая жывая істота пільнаваць яго і потым, калі яму ўсё ж удасца заснуць, зноў паводле нечага загаду пашле яму той самы сон...

У першыя дні Кастусю здавалася, што надзея, з якою ён збег у гэты паўднёвы горад, пачынае спраўджвацца.

Ён запісаўся да заезджае знакамітасці на ранішнія сеансы гіпнозу і самаўнушэння. Ён ляжаў на ўтульнай канапе, і знакамітасць мяккім уніклівым голасам пераконвала яго, што ён абсалютна спакойны і яго нічога не хвалюе. Потым ён спускаўся да мора і доўга, да прыемнай стомы ва ўсім целе плаваў у празрыста-зялёнай, з бялёсымі сподкамі медузаў вадзе. А над ім, у небе колеру выцвілай валошкі, купаўся лёгкі зіхаткі самалёт, які імкліва набіраў вышыню і раптам кідаўся долу, вырабляючы неверагодныя віражы і нагадваючы серабрыстага чалавека-птушку з раскрыленымі рукамі...

Кастусь напісаў да Ірэны і да сябра і адвячоркамі стаў завітваць на пошту. Ён разумеў, што чакаць адказ яшчэ рана, але яму было прыемна стаяць у невялікай чарзе і назіраць, як дзяўчына перабірае канверты. Людзі атрымлівалі лісты, і гэта ўсцешвала Кастуся і давала веру, што аднойчы дзяўчына працягне ліст і яму.

Кастусь часта выпраўляўся ў стары горад. Ён блукаў па змрачнаватых залах археалагічнага музея. Ён навучыўся беспамылкова арыентавацца ў блытанай павуціне ціхіх вуліц са стогадовымі акацыямі. Яму падабалася прыходзіць у порт і сустракаць караблі.

Але надыходзіў яшчэ адзін бясконцы спякотны дзень, а лістоў не было.

Дзяўчына на пошце ўжо не пыталася ў Кастуся пашпарта і не пераглядала канвертаў, а проста з усмешкаю шкадавання хітала галоўкай. Ён разоў колькі замаўляў тэлефонныя размовы, але траскучы голас гучнагаварыцеля з нейкай, як чулася Кастусю, прытаймаванай радасцю нязменна абвяшчаў: «Хто чакае Беларусь? Хто чакае Беларусь? Нумар не адказвае... Нумар не адказвае...»

Кастусь са страхам адчуваў, як прачынаецца і выпаўзае са сваіх сховаў колішняя хвароба.

Напачатку ён спрабаваў змагацца. Ён заводзіў на пляжы гамонку з суседзямі, па-ранейшаму займаўся аўтатрэнінгам, штучна падаграваючы ў сабе цікавасць, вывучаў горад, але знаёмая ўжо абыякавасць разрасталася ў ім, пускаючы паўсюль свае чэпкія атрутныя атожылкі. Чарада гарачых парных дзён пачала здавацца яму нейкай зачараванаю анфіладай, і ён не разумеў, куды і навошта ён ідзе па аднолькавых, як бясконцыя люстраныя адбіткі, пустых пакоях.