Бабулька пры новых людзях зноўку загаласіла:
— А куды ты, крывіначка мая, сабраўся? А ці прыйдзеш ты да маткі на гасцінку хоць разочак? А я ж і цятрадачкі твае берагу... А ў куфры і скрыпачка твая ляжыць...
Цётка Ванда выняла бутэлечку з таблеткамі.
«Скрыпачка... — зачапілася ў Стасевай галаве, як дзядоўе за калашыну.— Вельмі магчыма — самаробная». Ён у думках прымерыў скрыпку да сваіх паліц, дзе стаяць паўдзесятка старых абразкоў, бронзавая кандэлябра, сёе-тсе з даўнейшага начыння і самыя сапраўдныя, альбо, як любіць казаць Генка, аўтэнтычныя, лапці — гэтае багацце ён збіраецца калі-небудзь падараваць музею. Скрыпка павінна была ўпрыгожыць калекцыю.
Тым часам дзядзька Міша дастаў з пакоўнага партфеля слоік з ікрой, два круглякі кілбасы, галаву сыру, нешта ў шалёсткай паперы. Стасю зрабілася сорамна, што прывёз проці дзядзькі зусім небагата, але ён супакоіў сумленне тым, што заўтра дасць яшчэ дзесятку.
За кампанію з дзядзькамі ён выйшаў пакурыць. Агеньчыкі запалак на момант выхапілі з негустой цемры два твары: адрузлы, з маленькімі рахманымі вочкамі і — дагледжаны, з зухаватаю бародкай-эспаньёлкай і выразам павагі да самога сябе.
— Жыць бы Петру ды жыць,— зацягнуўся дзядзька Мікола.
— Але... Я вам скажу, у пяцьдзесят год мужчыну яшчэ ўсё даступна, уся гама пачуццяў... Герантолагі лічаць, што біялагічная мяжа жыцця — ледзь не два стагоддзі, а мы і чвэрці тэрміну пражыць не ўмеем. Не ўмеем...— У гэтых бяскрыўдных звонку словах дзядзькі Мішы Стасю пачуўся і нейкі іншы, прытоены сэнс.
Яны моўчкі глядзелі з ганачнага зацішку на завіруху, што крала ў вачэй наваколле. З акна бліжэйшага дома прабівалася мігценне ёлачных агеньчыкаў. «Вось табе і Новы год»,— маркотна падумаў Стась.
— Слухай, плямяш! Я ж цябе павіншаваць забыўся!
— З чым тут віншаваць,— з удаванай абыякавасцю махнуў рукою Стась.
— Не скажы, не скажы... Аддзел, безумоўна, у газеце не самы вядучы. Але! — Дзядзька Міша падняў угору паказальны палец.— Галоўнае, дарагі мой, тэндэнцыя. Рух, рух, рух! А ён праглядаецца, як кажуць, простым вокам. Расцеш, дарагі, расцеш. Не сорам прызнацца, што з аднаго кораня.
— Перахваліце...
— Ну-ну! — дзядзька насунуў Стасю на лоб шапку.— А я таксама пахваліцца магу: доктарскую дапёк. Як ваш брат піша, сустрэў Новы год новымі здзяйсненнямі.
— Віншую!
— Павіншуеш, калі кафедру займу. Ты мне лепш скажы, публіцыст, Маркеса апошнюю рэч чытаў?
— Навошта крыўдзіце, дзядзя?
Дзядзька Мікола чыркнуў запалкай, прыкурваючы новую «беламорыну», і толькі тады яны ўспомнілі аб прысутнасці трэцяга і адчулі яго адчужанасць і глухую крыўду. Нітка размовы перагарэла.
— Як з ланцуга сарвалася,— кіўнуў на дуйку дзядзька Мікола.
— Пагодка...— пагадзіўся швагер.— Трэба са старой пагаварыць, можа, уламаем тут хаваць. Інакш — тры дні. Гэта ў выпадку, калі даедзем без прыгод.
Дзядзька Мікола пераступіў з нагі на нагу і прагна зацягнуўся.
— Ён жа прасіў на радзіме,— запярэчыў Стась. Тры дні былі не лішнія і яму, аднак Стасю зрабілася няёмка за дзядзьку Міколу, які быў супраць, але маўчаў.
— Дзе зямлёй брацца — усё роўна. Што апроч магілы чалавек пакідае — вось у чым сутнасць.— Дзядзька Міша секануў рукой паветра.
— Дачку пакідае! — неспадзеўкі ўскінуўся дзядзька Мікола.— Хату пакідае! — I адразу згас.— Гэта, светлую памяць...
— Правільна, Мікалай,— прымірэнча сказаў дзядзька Міша.— Цудоўны быў Пётр чалавек, мала такіх.
У Стасю нешта рванулася, закарцела кінуць дзядзьку Мішу што-небудзь крыўднае, але замест гэтага ён, крутануўшыся на абцасах, ступіў з ганка.
Вецер і снег астудзілі твар, стрымалі ўсплёск абурэння. «У прынцыпе,— прыйшла аднекуль з халоднага завірушнага саду думка,— яго, дзядзькава, рацыя. Уся справа ў тваёй непатрэбнай нікому чуллівасці. Ну, дачка... Хата... Без асаблівага, зрэшты, дабрабыту. Дроў навазіў... Усё гэта, канечне, цудоўна. Светлая памяць?.. Абстрактна. Хто яе будзе захоўваць? I колькі часу?..»
У белай калаверці пазначылася чалавечая постаць.
— Вам тэлеграма...
Распісаўшыся, дзядзька Міша паднёс тэлеграму да вачэй і ўголас прачытаў: «Выказваем глыбокае спачуванне з выпадку напаткаўшага нас усіх гора. Прыехаць не можам. Высылаем сто рублёў. Марына».
Дзядзька Мікола крактануў, як старадрэвіна пад парывам ветру.
— Газетнае спачуванне,— сказаў Стась.— З выпадку напаткаўшага нас гора...
— Станіслаў! — хутчэй дзеля прыліку падвысіў голас дзядзька Міша.