Выбрать главу

Прадчуванне не падманула: машыны ехалі міма.

Шашу расчысцілі вузка, стаяць даводзілася ў глыбокіх слядах, і ў чаравікі сыпаўся снег. Стась здзівіўся, чаму не холадна ў ногі, і ўспомніў, што раніцой знайшоў на чаравіках тоўстыя ваўняныя шкарпэткі. Ад згадкі пацяплела на сэрцы, здалося, быццам ён тут не самотны, нехта ёсць поруч. Але пацяплела ненадоўга...

Праводзячы вачыма яшчэ адну машыну, Стась чуў ужо не бяссілую злосць, а радасць, нібыта на шашы тырчаў не ён, а чужы, непрыемны яму чалавек, які ўцякаў з пахавання роднага дзядзькі, які, горка падумалася зараз, больш года не пераведваў бацькавай магілы. У памяці ажыў сённяшні сон, прынёс балючае разуменне, што ён, Стась, ніводнага разу і не пагаманіў як след з дзядзькам, не паспеў хоць крыху ўведаць яго жыццё... Адзінае, што ён яшчэ можа зрабіць — вярнуцца на хаўтуры.

I тут, бо Стась працягваў машынальна падымаць руку, ля яго спыніліся «Жыгулі». Стась разгубіўся.

— Куды, барада? — адчыніў дзверцы хлопец у скуранцы. Побач з ім вальтом ляжалі дзве пляшкі шампанскага, а за спіной сядзелі ў абдымку румяны здаравяка і дзяўчына з маціцовымі вуснамі.

«А раптам Аліса і праўда захварэла? — асцярожна зашаптаў нехта ў душы.— Ірыне і ў аптэку збегаць нельга...»

— Ты што, языком загрызаў? — нецярпліва засмяяўся кіроўца.

— Гэта ён Элачкі спалохаўся,— растлумачыў здаравяка.

Стась моўчкі пайшоў ад машыны. Ён павінен быў вярнуцца на хаўтуры.

— Баюшкі, барада! — закрычалі яго спіне з «Жыгулёў».— Праспішся, тады на трасу выпаўзай!

Ужо ступіўшы з шашы на сцежку, Стась глянуў на гадзіннік і з дзіўнаю палёгкай зразумеў, што безнадзейна позніцца...

Клён

Ён даведаўся, што памрэ, у той самы дзень, калі карані ўпершыню пасля зімовага нябыту, спачатку насцярожана, а потым усё больш прагна пацягнулі з адталае зямлі яе бунтоўныя п'янкія сокі, і тыя пабеглі вышэй і вышэй, да галін і галінак, да сучка, што з восені ўчэпіста трымаў выпетраны бурштынавы лісток, які можна будзе скінуць толькі тады, калі пупышкі радасна і ўрачыста пырснуць новай пяшчотна-клейкай зелянінай.

Салодкая дрыготка прабегла па ўсім яго агромністым целе, і клён прачнуўся. Ён страпянуў веццем і ўсцешана ўбачыў са сваёй высачыні тое, што сніў усю доўгую завейную зіму: жоўта-блакітную, як ясны восеньскі дзень, хату, сядзібу, усю невялікую, багатую на сады вёску, поплаў з белымі плямамі гусей і няроўны лілавата-зялёны мур лесу, дзе ён, клён, калісьці нарадзіўся і адкуль прыйшоў летась ласы на садавіну вожык, прыйшоў ды, зладзіўшы ў ямцы непадалёк кубло, так і застаўся ў садзе зімаваць — порсткі колкі клубочак, маленькую кволую цеплыню якога клён адчуваў скрозь сон у зімовую халадэчу.

Захмялелы малады вецер, напоены таемнымі напаўзабытымі ляснымі пахамі, лашчыў яго галіны. У небе цурчэў цененькі струменьчык жаўруковае песні, а ўнізе, пераходзячы ад яблыні да яблыні, гаспадар збіваў шастом чорныя леташнія гнілякі, і ад гэтага маўклівага карчавітага чалавека ў зашмальцаванай скуранцы ішло лагоднае цяпло.

I раптам клён адчуў нешта нядобрае, дыхнула холадам, як быццам на сонца набегла хмара. Але неба было чыстае. Клён зірнуў долу і згледзеў каля сябе суседа.

— Здароў, сусед! — пачуў ён глухаваты голас гаспадара, які закурваў, ссунуўшы на патыліцу велікава тую кепку.— Што добрага скажаш?

— А тое скажу, што каціная ў цябе, сусед, памяць. Яшчэ на каляды абяцаў гэтую махіну спусціць, а ўжо, между прочым, хутка вялікдзень.

— Чым жа ён табе замінае? — памяркоўна спытаў гаспадар.— Вішню глушыць, дык абірай маю, хоць сабе вунь тую, акурат твая.

Магутнае цела клёна на імгненне зрабілася нейкім страшэнна лёгкім, нібы карані пакінулі трымаць яго і нават слабы ветрык мог кінуць яго вобзем і пакаціць, пакаціць некуды туды, дзе няма ні вясны, ні сонца, няма нічога.

— Ты мне зубы не загаворвай,— зноў пачуўся надтрэснуты суседаў голас.— Не па закону гэта. Стаіць на мяжы, а ўвесь цень, между прочым, на маіх сотках. I карэнне ўсё там. Каторы год бульба па гарэху родзіць.

— Колькі мяхоў не дабіраеш? Бяры ў мяне.

— Ты са мной не жартуй.— Клён бачыў, як суседаў твар пакрысе наліваецца чырванню.— Я цябе па-добраму прашу, па-суседску.

Гаспадар дыміў цыгарэцінай, пазіраючы некуды ўбок.

— Болей паўтараць не буду,— з пагрозаю прамовіў сусед і пасунуўся да сваёй сялібы. Кажанаваты, клышаногі і даўгарукі, ён быў падобны да вялізнага рака, апранутага ў ватнік і разбітыя валёнкі з галёшамі. На паўдарозе сусед азірнуўся і з прыдыханнем выгукнуў: