— Не спілуеш — мы на цябе лейцы знойдзем! Я, между прочым, вецеран калхоза!
Ён праклыпаў міма, і на клён зноў павеяла нечым настылым.
А да гаспадара подбегам кіравалася гаспадыня — невысокая круглявая кабета ў плюшаўцы.
— Што гэта Сымончык прыходзіў? Зноў?
— Але.— Гаспадар кінуў недакурак і затаптаў яго ботам.
— Не дам!
— Не дурніся, Ганна. Не будзем праз дзерава з чалавекам заядацца. Які ні ёсць, а сусед.
— Не дам! Гаспадар перамаўчаў.
— Ну што маўчыш, як той клён?
— Прыедуць хлопцы, трэба пілаваць.
I клён зразумеў, што гэта — апошняе слова.
Начамі, калі вёска засынала кароткім вясновым сном, ён успамінаў.
Клён усё памятаў. Яму здавалася, што ён памятае яшчэ той час, калі быў семкай-крылаткай на галіне свайго разлогага бацькі з шырознымі далонямі лісцяў.
Ён памятаў той далёкі-далёкі дзень, калі ў лес прыйшоў чалавек з рыдлёўкаю і, асцярожліва падкапаўшы кволыя карэньчыкі, панёс яго ў вёску, каб стаць яго першым гаспадаром.
Клён падымаўся ўжо вышэй хаты, калі аднойчы прачнуўся ад ляманту сваёй першай гаспадыні і ўбачыў, як нейкія людзі вывелі гаспадара на падворак, збілі з ног і доўга, з насалодаю дратавалі яго ботамі, раз-пораз выгукваючы: «Бе-ла-рус! Пся крэў!» Яны забралі гаспадара з сабою, і клён больш не ўгледзеў яго на дарозе, якою вярталіся з горада.
Яго цяперашні гаспадар быў тады белагаловым накольнікам, з якім ён дзяліўся ўвесну сваім салодкім сокам. Яны раслі разам. Яны разам бачылі, як аднаго дня паўз вёску, у той бок, куды ўвечар апускаецца сонца, ішлі танкі і як праз два гады стуль паўзлі іншыя танкі з чорнымі павукамі. Клён памятаў, як гарэла вёска і ў начным чарноцці хаты цвілі велізарнымі і жудаснымі чырвонымі кветкамі.
Але найчасцей яму чамусьці прыгадваліся тыя дзіўныя патайныя ночы, у якія малады гаспадар пільнаваў сад у пастаўленым пры самым камлі будане і штоночы з цемры ўзнікала зграбная, як рабінка, дзявочая постаць. Гаспадар браў дзяўчыну за рукі, яны сядалі поруч на шаматлівае сена, і клён узрушана і шчасна адчуваў сябе сведкам нейкай найвышэйшае таямніцы і, поўны нязвыклага хвалявання, баяўся нават шапацець лістотаю.
А пасля ў яго зялёнай засені падвешвалі ў летнія дні калыску: спярша са старэйшым, Волесем, а тады з малодшым, Вацем. Потым тыя навучыліся лазіць па ім, і клён неяк светла і падмалоджана чуў цеплыню іхніх дзіцячых рук, слухаў іх падобныя да шпачыных галасы і гадаў, каторы з малых стане яго трэцім гаспадаром.
Ён памятаў і дзень, як услед за старэйшым братам з пашарпанаю валізкай выправіўся ў вялікі свет малодшы, Вацік, і ён, клён, зразумеў, што трэцяга гаспадара ўжо не прычакае.
Клён усё памятаў.
Суботняга вечара клён пачуў, як гаспадар з сынамі выйшаў на ганак падыміць перад сном.
— Кляновіку яшчэ няма? — Было цёмна, але клён адразу пазнаў голас Ваціка.
— Не падсочваў... — неахвотна адгукнуўся гаспадар, і клён здагадаўся, што гаспадар яшчэ не казаў сынам пра тое.
— Магазін у вас, ацец, заўтра адкрыты? — Гэта старэйшы, Волесь.
— Робіць. Купіць што хочаш?
— Піўца трэба будзе ўзяць.
— Возьмеш... — і, памаўчаўшы, гаспадар сказаў: — Работа, хлопцы, ёсць на заўтра. Клён пілаваць будзем.
— Нашто яго пілаваць? Хай стаіць, красавёц,— пазяхаючы, азваўся Волесь.
— Навошта, тата? — прамовіў Вацік.— Гэта ж па дзеду памятка.
— Сымончыку ён, як бяльмо на воку. Скардзіцца гразіўся...
I клён зразумеў, што гэта будзе заўтра.
Раніца была ясная, але стылая ад ночы, і жаўрукі заліваліся на ўсю шчырасць, грэючыся ад цяпельцаў сваіх песенек. Клён слухаў іх і чакаў.
Судьбе не раз шепнем:
Мерси боку...
— Ну пачалі, ці што,— абарваў на паўслове сваю песню Волесь.— А то першачок скісне.
Клён здзіўляецца, слухаючы Волеся. Ён ніяк не можа ўзяць у сэнс, чаму гамонка ў старэйшага гаспадаровага сына цяпер найбольш круціцца вакол гэтага піўца або гарэлкі, як быццам не засталося для яго на цэлым свеце нічога лепшага, як быццам гэта не Волесь, а нейкі іншы, адно падобны да яго бялявы хлапчук калісьці ціха, употайкі размаўляў з ім, клёнам, апавядаючы пра свае дзіцячыя радасці і крыўды, пра ровар, які бацька абяцаў яму купіць да дня нараджэння, як быццам гэта нехта іншы горкімі слязамі плакаў пад ім, калі гаспадар спляжыў у садзе старую грушу...
А гаспадар марудзіў, то пазіраючы пад ногі, то мераючы яго, клён, вачыма.
Вацік падняў пілу да плечука, стрэльнуў усцяж палатна вокам і з прыхаванаю надзеяй сказаў: — Не возьме.