Выбрать главу

— Возьме! Давай, ацец! — прыспешыў Волесь, забіраючы пілу.— Як гаварыцца, раней сядзем, раней выйдзем.

Клён чакаў. Ён не баяўся, бо пражыў дастаткова для таго, каб не страшыцца смерці. Ён чакаў, уяўляючы, як карані яшчэ будуць роспачна гнаць з зямлі салодкі сок, а шырокае пнішча ўжо ўсцешана і густа абсядуць задаволеныя стракатыя мятлушкі, але ён ужо не пабачыць гэтага, бо сталёвыя зубы ўгрызаюцца ўсё глыбей і глыбей, штоімгненне абрываючы некалькі нітачак-повязяў, якія яшчэ лучаць яго з зямлёю, з жыццём.

— Вунь і памочнічак ідзе.— Волесь выпрастаўся і ацёр з ілба пот.

— Да пільшчыкаў цюпаў сусед.

— Ага, надумаліся ўсё ж.— Ён секануў рубам далоні па стаўбуры, і гэты дотык здаўся клёну страшнейшым за пілу.

— А што, дзядзька Сымон, у вас ужо не вітаюцца? — спытаўся Вацік.

— Здароў, здароў, сусед. Нешта ты ніяк па-гарадскому, между прочым, гаварыць не навучышся.

Вацік не адказаў.

— Давай пацягаю,— задаволена прапанаваў сусед Волесю.

— Прашу,— з гатоўнасцю адгукнуўся той.

— Не трэба.— Вацік пераняў у брата пілу.

— Іш ты, пеўнік малады!..

— Ішоў бы ты, Сымон...— сказаў гаспадар.

— Глядзіце, каб на свае соткі завалілі.

Сусед з блукліваю ўсмешачкай на твары пацягнуўся прэч.

— Куды гэта маць падзелася? — мяняючы праз колькі хвілін бацьку, запытаў Волесь.

— У Тэклінай дачкі ў адведках,— азваўся гаспадар.

— Знайшла дзень. Не каб чэсным тружанікам чарку паднесці, не адхадзя ад касы.

Клён убачыў, як Вацік адпусціў пілу, разагнуўся, збіраючыся штосьці сказаць, але толькі плюнуў. А старэйшы брат, муркаючы сабе пад нос, нават не змеціў нічога, і клёну падумалася, што ён так і не паспее зразумець, што адбылося з Волесем.

Повязяў з каранямі амаль не засталося.

Вось перарвалася апошняя нітачка, і клён адчуў, што ў ягоным целе ўжо няма бязлітаснага сцюдзёнага жалеза. Некалькі імгненняў, і ён страціць прытомнасць, каб ніколі больш не вярнуцца да яе. Але якраз у тым баку, куды яго ўсё мацней хіліла, пад шапкаю жухлых леташніх лісцяў спаў вожык, і клён з астатніх сіл трымаўся.

— Давайце хутчэй! — Голас Ваціка зазвінеў.— Не магу глядзець, як ён спілаваны стаіць.

Гаспадар з сынамі ўпёрся ў стаўбур трыма жардзінамі, і апошняе, што адчуў клён, была вострая шкадоба да невінаватага вожыка...

— Кубы два дроў будзе,— сказаў старэйшы сын, паляпаўшы па камлі, Але клён ужо не пачуў настыласці, якая ішла ад шырокай Волесевай далоні.

Ліфт

З нядаўняга часу з ліфтам стала адбывацца нешта дзіўнае. Набліжаючыся да дзевятага паверха, ліфт быццам нехаця гасіў разгон, і ў гэтым Валянціну чулася нейкае запрашэнне. Здавалася, дастаткова мысленнай згоды, і ліфт памкне вышэй, хоць падымацца далей не было куды — дзевяты паверх, дзе жыў Валянцін, быў у доме апошні.

Дзівацтвы звычайнага абшарпанага ліфта былі, безумоўна, плёнам фантазіі яго пасажыра.

Валянцін нават вынайшаў забаўную гульню, аб якой ведалі адно ён і ліфт. Калі той, злёгку вібруючы, пачынаў глытаць паверхі, Валянцін у думках падахвочваў яго: «Вышэй! вышэй! вышэй!», аднак у апошні момант, калі ліфт крыху збаўляў хуткасць, нібы чакаючы яшчэ аднаго, галоўнага «вышэй!», Валянцін паспешліва загадваў: «Стоп!» — і выходзіў на сваёй пляцоўцы, адчуваючы, што сэрца б'ецца трохі часцей, чым зазвычай.

Яму было смешна ад сваёй нерашучасці, ад таго, што ён — як быццам гэта не гульня, а якісьці надзіва важлівы крок — не можа пераадолець прыдуманага самім сабой бар'ера, які вабіў і ўадначас чамусьці палохаў. Тут было нешта ад знаёмага кожнаму прыцягнення стромы. Гэтае нявымаўленае «вышэй!», за якім нібыта хавалася нейкая магчымасць, дзень пры дні надзіла яго ўсё мацней і мацней.

I аднойчы, калі ліфт ужо збіраўся выпусціць яго, як заўсёды, на дзевятым паверсе, Валянцін, перамагаючы сябе, загадаў: «Вышэй!» і...

Здарылася неверагоднае: ліфт плаўна пайшоў далей.

Некалькі тамлівых імгненняў ён адлічваў ціхімі пстрычкамі няісныя паверхі і нарэшце, шчоўкнуўшы астатні раз, спыніўся. Дзверы са звыклым гудам пачалі разыходзіцца. Валянцін заплюінчыўся, як у маленстве, калі «жаўнерыкам» кідаешся з высачыні ў ваду, скамандаваў сам сабе: «Тры-чатыры!» —і ступіў наперад.

Ён стаяў каля дзвярэй уласнай кватэры. Усё было знаёмым і звычным: надрапаны на сцяне пацешны чалавечак з рукамі і нагамі-растапыркамі, блакітная дзіцячая каляска суседзяў, нават механічна схоплены зрокам уранні кавалачак апельсінавай лупіны пад нагамі. I ўсё ж нешта было не так.