Выбрать главу

Яго ключ, несумненна, падыходзіў да гэтых дзвярэй, але гэтаксама цудоўна Валянцін ведаў і тое, што яму могуць адчыніць з пярэдняй. Ён адчуваў няясны неспакой, штосьці нібыта засцерагала яго, аднак, зрабіўшы першы крок насустрач невядомаму, ён не хацеў спыняцца на паўдарозе. Ён падняў руку і рашуча націснуў на гузік званка.

На парозе стаяў высокі русявы хлопец з пісягам цераз левую шчаку. Хлопец быў надзвычай знаёмы, хоць Валянцін ніяк не мог згадаць, дзе яны сустракаліся.

— Заходзь,— стрымана запрасіў русявы.

Перш-наперш Валянцін падышоў да акна. Вачам адкрыўся той самы двор, убачаны з вышыні дзевятага паверха. Воддаль графічна ўштукоўваліся ў блакіт сталёвыя карункі тэлевізійнай вежы.

Такім чынам, ён быў дома. Аднак у пакоі адбыліся змены. Валянцін засяродзіўся і зразумеў: з кніжнай шафы насустрач яму не свяцілася Вадзімава ўсмешка. Фота кудысьці знікла.

— Сядай,— русявы паказаў на крэсла.

Валянцін сеў і пільна ўгледзеўся ў чалавека, які быў за гаспадара яго кватэры. Калі б не пісяг і не прыцярушаныя ранняй сівізною скроні, ён мог бы прысягнуць, што гэта...

— Ты не памыліўся,— прачытаў яго думкі русявы.— Мяне завуць Валянцін.— Ён працягнуў Валянціну пачак «Арбіты».

— Дзякуй, не куру,— машынальна адказаў Валянцін.

Русявы прыкурыў ад запальнічкі і зацягнуўся.

— Пачакай,— ачомаўшыся, сказаў Валянцін.— Значыць, ты — гэта я і наадварот?

— Але. Хоць такое сцверджанне будзе не зусім дакладным. Ты, напрыклад, не курыш...

Увагу Валянціна забрала кніжка на часопісным століку. Гэта было яго «Узыходжанне». Чамусьці захацелася адшукаць верш, прысвечаны Вадзіму, лепшае, што было ў зборніку. «Сорак восьмая старонка»,— паслужліва падказала памяць. Аднак у патрэбным месцы ён уражана прачытаў дзіўныя незнаёмыя радкі:

А можа, побач з намі іншы свет

У часе на адлегласці імгнення,

I, можа, іншы ты у ім жывеш...

Валянцін перавёў недаўменны позірк на суразмоўніка.

— Гэта твая кніга,— сказаў русявы.

— Але я ніколі не пісаў гэтых радкоў...

— Так,— пагадзіўся русявы.— Справа ў тым, што мы з табой былі адным чалавекам толькі да пэўнага моманту, а потым нашы...,— ён памарудзіў, падбіраючы словы,— нашы шляхі разышліся.

— Да якога моманту? — Сэрца сціснула незразумелая глухая трывога.

Замест адказу хлопец з пісягам зірнуў на гадзіннік.

— У цябе яшчэ знойдзецца хвілін пятнаццаць?

— Валянцін кіўнуў.

Русявы рабіў зацяжку за зацяжкай. Цяглівае маўчанне парушыў Валянцін:

— Адкуль у цябе гэта? — дакрануўся ён да шчакі. Русявы збіў попел, і Валянцін заўважыў, што яго пальцы ледзь прыкметна дрыжаць.

— Ты памятаеш Памір? Пяць гадоў таму.

Валянцін скалануўся.

Хіба мог ён калі-небудзь забыць?

...Яны паклалі насілкі пад пагрозліва навіслай скалой і ніцма пападалі вакол. Іх было пяцёра: дзве дзяўчыны, ён, Вадзім і Ігар, які раз-пораз ціха стагнаў, не вяртаючыся да прытомнасці. Ігару тэрмінова патрэбен быў доктар. Яны неслі Ігара па чарзе, апошнюю сотню метраў мяняючыся праз некалькі крокаў, і цяпер зразумелі, што не паспеюць, бо ў цемры спуск па ледавіку ў іхнім становішчы быў самагубствам. А ў лагеры будуць думаць, што яны заначавалі ў пячоры на трэцяй пляцоўцы і ў іх усё ў парадку. Разлічваць даводзілася толькі на ўласныя сілы. А іх не было. Нават на тое, каб адхінуцца ад калючага снегу. Адна думка, што трэба ісці, яшчэ мацней прыціскала да гэтага пятачка, затуленага скалой ад пранізлівага ветру. Яны ляжалі, а сонечны дыск вось-вось павінен быў укалоцца аб барвовыя ў яго промнях вяршыні Двухгаловага Шайтана.

— I тады Вадзім падняўся... — сказаў русявы. Так, Вадзім падняўся. Спярша на карачкі, а затым, збапёршыся на ледасек, на ногі. Яны праводзілі яго пачыма і не ведалі, што бачаць Вадзіма жывым астатні раз. I ўсё-ткі ён прывядзе ратавальнікаў, бо паспее стрэліць з ракетніцы...

— Тая расколіна была зусім побач з лагерам.— Голас русявага зазвінеў.— Калі б не яго пальцы...

— Якія пальцы?

Русявы глядзеў Валянціну проста ў вочы. Ружовы пасак на шчацэ пабялеў.

— У яго засталося больш сіл,— таропка загаварыў Валянцін.— Ён быў больш вопытны. Ты сам ведаеш, ён ішоў у горы пяты раз, а не трэці, як мы.

— Ён звіхнуў пальцы на абедзвюх руках...

— Мы не ведалі!

— Ты здагадваўся. Памятаеш, калі абарваўся Ігар... Вадзім не мог нават сцягнуць пальчатак.

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — сарваўся на крык Валянцін.— Што ты харошы, чысты, што ты спыніў яго і пайшоў сам? Павер, я нічога не ведаў! Не ведаў! Клянуся табе!

У дзверы пазванілі.

— Хто гэта? — здрыгануўся Валянцін.