Выбрать главу

Русявы ўстаў:

— Вадзім.

Зялёная Чара

Фантастычнае апавяданне

Калі чамадан быў сабраны, а лісты напісаныя, ён падышоў да акна і падумаў, што не зможа паехаць, не развітаўшыся, і што апошні, заўтрашні, дзень ён пакінуў менавіта не развітанне.

Якраз тады і зазваніў тэлефон.

— Добры вечар, Уладзіслаў.— Меладычны і чысты, як перазвон ільдзінак, голас маладой жанчыны гучаў нібыта аднекуль здалёк, хоць званок быў не падобны да міжгародняга.

— Добры вечар,— здзіўлена адгукнуўся ён.— Прабачце, але я...

— Мы пазнаёмімся заўтра,— далікатна перапыніў голас.— На беразе Зялёнай Чары.

— Зялёнай Чары?!

— Да заўтра,— празвінелі словы незнаёмкі.

— Да заўтра,— механічна адказаў Уладзіслаў і пачуў у трубцы кароткія гудкі.

Хто яму званіў? Адкуль даведалася жанчына, якой належыць гэты прыгожы голас, пра яго заўтрашнюю паездку? I — самае дзіўнае і невытлумачальнае — адкуль яна ведае пра Зялёную Чару, бо ён называе возера гэтак толькі сам-насам з сабою, а папраўдзе ў яго зусім іншае імя.

Заставалася адно — чакаць раніцы.

Адхінаючы рукою шырокія лапы ляшчынніку, ён ішоў з вудамі па ўтравелай сцежцы, якую, пэўна, пароўну білі звяры і людзі. Пахла лясным туманком. На імшысты прыгорбак поруч са сцежкаю залез малады баравічок; на яго бурштынавым брыльку ззяла раса, а ў кожнай буйной кроплі адбіваўся зялёны, поўны асцярожлівых сонечных промняў, суладны ранішні свет. У яго харастве і нерушы пакрысе раставала заінтрыгаванасць учарашнім незвычайным здарэннем, і, калі наперадзе, за масянжовымі стаўбурамі хваін, засвіцілася возера, на душы Уладзіслава панавала гэткая ж, як і навокал, ціхамірнасць.

Ён спыніўся на строме пад скарлючанаю хвояй-самотніцай. Пад нагамі ляжала вялікае зеленкавата-блакітнае возера ў зялёнай аздобе баравін. Рыбакоў не было відаць, адно каля нізкага процілеглага берага сумавала нечая лодка-надзьмуханка. «Ну, добрай раніцы!» — у думках сказаў да возера Уладзіслаў.

Затока сустрэла яго ціхім шапатком трыснягу. Пад мяккім павевам ветру лёгка заківалі белыя гарлачыкі, ужо гатовыя раскрыцца, каб цэлы доўгі дзень піць крамянымі кветкамі шчодрае ліпеньскае сонца. Ён няспешна раскруціў вуды, выняў з рэчмяшка бляшанку з чарвякамі. Стракозы яшчэ недзе хаваліся, але Уладзіславу здалося, што і яны — фіялетавыя, жаўтлявыя, аксамітава-чорныя — ужо таксама ведаюць, што ён тут.

Ён не памятаў, калі гэта пачалося.

Спярша далекаватае ад буйных гарадоў зацішнае возера вабіла яго толькі ўдалай рыбалкай, асабліва добра браліся тут на чарвяка акуні. Ён любіў прыязджаць нанач і, чуйна падрамаўшы якую гадзіну ля вогнішча, нацямочку ўжо быць на нагах, каб атрымаць сваю долю шчасця і, вяртаючыся адвячоркам да няблізкае шашы, адчуваць за плячыма прыемную важкасць рэчмяшка. Але неяк спакваля, неўпрыкмет для яго, рыбарская заўзятасць саступіла месца ціхай замілаванасці гэтым глухаватым лясным кутком. Забываючыся на паплавок, ён у абладзе дзіўнага супакою мог доўга слухаць, як недзе далёка, на тым, яшчэ ахінутым туманам беразе, ранняя зязюля санліва лічыць нечыя гады, альбо затоена віжаваць за пацешнаю чубатаю паганкай, што гнездавалася ў трыснягу водбліз затокі і на спіне вывозіла сваіх малых пухнацікаў на прагулянку.

У спякотныя летнія дні ён любіў, разагнаўшыся, даць нырца ў халаднавата-аксамітавую свежасць азёрнае вады. Ён адплываў ад берага, пераварочваўся на спіну, заплюшчваў вочы і, падставіўшы твар сонцу, люляўся на хвальках. Дзіўна, але Уладзіславу здавалася, што нечыя ласкавыя рукі асцярожна падтрымліваюць яго.

Тут, ля возера, яго душа нібыта выпроствалася і наструнена замірала, прагнучы толькі чысціні і прыгажосці.

Аднаго разу Уладзіслаў злавіў сябе на тым, што ў думках размаўляе з возерам, быццам яно можа зразумець ягоныя радасці і непамыслоты. Хвілінаю яму мроілася, што возера і сапраўды чакае яго, бачыць і слухае; ён нібыта адчуваў уважлівы прыхільны позірк аднекуль з шапаткіх зялёных зараснікаў ці з празрыстай сонечнай глыбіні, дзе мільгацелі порсткія чародкі рыбінае малечы.

Тае пары ў возера і з'явілася новае імя. Здаецца, само возера аднойчы, у ясны блакітны дзень, ціха, але выразна прамовіла: «Зялёная Чара. Мяне завуць — Зялёная Чара».

Ужо з дзесятак акунёў паспелі памяняць возера на цеснае вядзерца з вадой. Сонца пачынала прыпякаць, і ўсцешаныя стракозы распачалі над затокаю свой заўсёдны мітуслівы кірмаш. Застылы паплавок раптам зноў торкнуўся і заскакаў. Праз імгненне на траве роспачна біўся ладны зеленавата-чырвоны акунь. Уладзіслаў зняў здабычу з кручка, пусціў у вядзерца і, выпрастаўшыся, знерухомеў.