Толькі для аднаго чалавека на ўсім белым свеце не бьіла яна незачэпаю, і чалавек гэты стаяў у натоўпе і неўразуменнымі вачыма глядзеў, як чырвоныя языкі, перабягаючы з палена на палена, лісліва падкрадаюцца да босых Хрысцініных ног.
Божа, маліўся я, ты нагадаваў пяццю хлябамі пяць тысяч галодных! Ад твайго слова засохла смакоўніца! Ад дотыку тваёй рукі ў невідушчых расплюшчваліся вочы! Злітуйся над невінаватаю ні ў чым, апрача свае прыгажосці, дзяўчынаю! Уратуй яе ад ненажэрнага полымя! Ты чуеш, божа? А мо ты хочаш узяць яе на неба? Тады пакарай яе катаў, пакарай медыкуса, бо грэх ягоны трыкротна варты смерці!
Новыя роспачныя малітвы вырываліся з маёй душы, але ён не чуў, а мяне ўжо дапінала гарачае дыханне вогнішча. I тады я пачаў блюзнерыць і ў думках сваіх даходзіў да грахоў, адпусціць якія не можа пават самая дарагая прошча [2]. Але ён застаўся глухі, і тады я ў адчаі звярнуўся да яго астатні раз. Божа, папрасіў я, калі ты ёсць, спапялі мяне, бо я не хачу жыць пад тваёй нялюдскаю ўладай.
I ён зноў не пачуў.
I тады я зняверыўся.
А дым ужо ахінуў Хрысцініну постаць, і па-над пляцам разлёгся вусцішны крык звар'яцелага старога Лявона, і ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скінулі па пёрку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымі вачыма. I быў гэты чалавек мой бацька Антось...
Ачнуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмі настаўніцу і чую штосьці пра цёмных продкаў і рэлігійную ачмару.
Як вы мяркуеце, шаноўныя, ці ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўні ўжо дзень, калі на цвінтары загарэлася вогнішча з абразоў і старадрукаў нашае друкарні, і на самым яго версе, быццам ерэтыкі, ляжалі мы з Паўлам і братамі Янам, Мацвеем, Маркам і Лукашом (а мушу зазначыць, што браты мае былі закаранелыя бязбожнікі і не горшыя ад мяне блюзнеры)? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешліва гартае кнігі, ператвараючы словы ў тло, а калі агонь падышоў усутыч, я стаў развітвацца з сінім, нібы вочы майго бацькі, небам, і апошняе, што ўбачыў, перш чым нізрынуцца ў нябыт, была кніга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ.
Мяне выцягнуў з агню стары настаўнік, і па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-які ўчынак. А ў дрывотні я пачуваўся, далібог, лепей, чым прарок Іёна ў чэраве левіяфана. Праўда, вылячэнню чохаўкі новы прытулак спрыяў няшмат, але затое майму ратаўніку ўдалося пераканаць усіх, што яму папросту трэ было сухое дрэва на распалку ў печы.
Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымі вусамі зрабіў бы на месцы настаўніка тое ж самае. Ён яшчэ не наблізіўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым і цёплым струмком яго думак. А думкі ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалі гэтыя дзівосныя абразы, пра зямлю, якая іх нарадзіла. (Ты лгаў у сваім пасланні, мой аднайменнік святы Пётра, калі пісаў, што ўсякая плоць, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, і квет яе апаў. Ты лгаў.)
О не, шаноўныя, я не абмовіўся, што ведаю, аб чым думае гэты юнак. За столькі год кожны на маім месцы навучыўся б чуць думкі людзей не горш за іхнія словы. А ці трэба здзіўляцца таму, што я магу зазірнуць у кнігу чалавечага лёсу? Бачу ў ёй, што хлопец гэты мастак і свечка яго душы будзе гарэць моцна і роўна і не пагасне, пакуль ён не збярэцца ў сваю астатнюю дарогу.
Чаму пячатка маўчання ляжыць на маіх вуснах?! Я распавёў бы яму пра мастакоў, што распісвалі мой старадаўні прыстанак фрэскамі. Іх было двох — бацька і сын, і яны гаварылі між сабою той моваю, што і Антось.
Цяпер на месцы фрэсак белая неруш тынкоўкі — сам пан бог, калі б ён існаваў, не здолеў бы дапамагчы рэстаўратарам пасля таго, як на фрэскі гадамі любаваліся вецер і дажджы. А тады...
Гэтыя двое, што пачыналі свой дзень з пацераў святому Лукашу [3], былі праўдзівыя цудатворцы. Здавалася, іхнім пэндзлям аддалі барвы самыя зыркія і зіхатлівыя з вясёлак, што ад стварэння свету запальвала над нашай зямлёю сонца. Здавалася, з вуснаў намаляваных імі сівабародых прарокаў вось-вось зляціць вешчае слова, а кветка ў руках царыцы Саўскай была гэткай жывою, што на яе аднойчы ўсцешана апусцілася заляцелая ў храм пчала-медавіца...
Князь па-каралеўску адарыў мастакоў золатам з бяздонных сваіх скарбніц ды, мала гэтага, абвясціў наваколлю, што дае ў гонар слынных майстроў баль. Кажуць, болей чым сотню суседзяў і васалаў сабрала ў замку тая бяседа, і на пачэсным месцы сядзелі мастакі ў дараваных князем адамашкавых, з залатым тканнём каптанах, і слугаваў ім на знак асаблівае міласці адмысловы стольчы — накладаў на ўзорыстыя срэбныя споды дзічыну, падліваў у звонкія венецыянскія келіхі французскае віно. А ў глухім замкавым сутарэнні, куды знадворку не даляціць нават гарматнага стрэлу, ужо чакаў кат з гострым, бы асінае джала, кордам.