Ноч навылёт вірыла застоліца, а на світанні, у няпэўным святле аплытых свечак трохі цверазейшыя з бяседнікаў змецілі, як бацька і сын заснулі ў высокіх, аздобленых разьбою крэслах, звесіўшы русявыя галовы на грудзі, і княскія людзі асцярожліва паднялі крэслы і панеслі некуды па заблытаных пераходах. А напоеныя падступным зеллем мастакі ціха ўсміхаліся ў сне і не ведалі, што больш нідзе і ніколі не паўтораць яны свайго дзіва, бо з гэтае раніцы іх вочы будуць заўсёды бачыць адно цемру...
Зірніце, шаноўныя, як лазуркава, пунсова і бурштынава ўспыхнулі вітражы ў заходніх вакенцах! Гэта значыць, Алена пабегла ўжо на свае вечаровыя лекцыі на гістарычным факультэце і хутка я застануся сам-насам з марудлівай паўнаватаю прыбіралыпчыцай цёткай Ядвісяй. Узнятыя ёю пылінкі будуць павольна танцаваць у стомленым сонечным промні, і, выбачайце, не будзе ўжо ніякае змогі ўтаймоўваць чохаўку... Паглядзелі б вы, як пасля майго чоху цётка Ядвіся няўцямна-палахліва азіраецца на бакі і хапатліва жагнаецца на мяне і чамусьці на жалезнага рыцара, які вартуе ўваход. Ну даруйце мне, старому, гэтую бяскрыўдную забаву.
Але пакуль што па музейнае цішы яшчэ блукае апошні наведнік, і я прытомлена і напачатку ленавата прыслухоўваюся да ягоных думак.
Недабудаваны гараж... Паўтары тысячы доўгу... Тэрмінова трэба майстар, каб змураваць на летніку камін... Цікава, якая нітачка прывяла яго сюды? Ага, хоча вызнаць, ці каштоўныя яго абразы, тыя дзве цёмныя дошкі, на якіх амаль нічога не відаць і якія ён забраў пасля хаўтураў з матчынай хаты. Мо пашэнціць каму-небудзь выгадна збыць, каб вярнуць пазычкі?
Гэты лысаваты, добра апрануты чалавек прыпыняецца каля мяне, я на імгненне сустракаюся позіркам з мітуслівымі вачыма за круглымі шкельцамі акуляраў, і гэтага дастаткова, каб кінуць вока ў яго будучыню.
Ён яшчэ не ведае, што там засталося зусім мала дзён. Але журботна мне з іншае прычыны. Ну што, скажыце, зменіцца, калі ён даведаецца пра пухліну, якая ўжо расце ў ягоным страўніку? Пачне мітусіцца, шукаць нейкія лекі. Ці задумаецца хоць аднойчы, як пражыў жыццё, дзеля чаго, ці задумаецца, хто ён, навошта прыйшоў на гэтую зямлю і куды ідзе?
Я хацеў бы, шаноўныя, каб ён пачуў пра друкароў з нашае друкарні, што стаяла водбліз гарадскога млына да самага пажару падчас вайны са шведамі. Пра худога і цыбатага, нібы птушка жораў, мніха, які ўзімку і ўлетку хадзіў у адной лапленай сутане і які насмельваўся казаць непачцівыя словы самому князю, вінавацячы яго ў адступе ад бацькоўскіх звычаяў і слова. Казалі, мніх той быў заможным шляхціцам, ды змяняў поўны трыбух на друкарскі варштат, каб даць люду паспалітаму духоўную лусту, як запавечыў Францыск Скарына са слаўнага места Полацкага.
Згадаў бы я і другога ў друкарскіх справах майстра, чалавека простай сялянскай крыві, што, ратуючыся ад гневу маскоўскага патрыярха, вярнуўся на бацькаўшчыну, знайшоўшы прыстанак у княскай друкарні. Не ведаю ягонага аблічча, бо быў ён не рымскае веры і касцёл абмінаў, не перажагнаўшыся, але ведаю, што ў астатні свой дзень друкаваў ён лемантар на роднай мове, калі ворагі былі ўжо на вуліцах места, і астатні раз убачыў сонца, баронячы на парозе друкарні кнігі.
Лысаваты ўжо далёка адсюль — спяшаецца кудысьці ў вулічным збоі, а я па-ранейшаму думаю аб ім. Ці патрэбна яму тое, што я памятаю?
Раней я меркаваў, што яна, гэтая памяць, наогул не трэба нікому, апрача некалькіх дзівакоў, бо жыць без яе людзям зручней і ўтульней. Ды апошнім часам да мяне ўсё часцей прыходзяць іншыя думкі. Во ёсць жа Алена, і той мастак з рудымі вусамі, і фацэтны паэт, што сачыняе пра мяне паэму... А пакуль ёсць сейбіты, будуць і ўсходы. Хіба могуць вякі велічы, перамог і пакутаў пакінуць па сабе толькі тло?
Зрэшты, дбаннем рэстаўратараў, прынамсі, стагоддзяў пяць жыцця мне яшчэ забяспечана. Так што, шаноўныя, пагледзімо.
Аповесць
Памяці мастака Лявона Баразны
3 дзённіка Рамана Галубовіча
Калі вакол цябе спяць, зпачыць, ты не абудзіў іх.
Сёння прачытаў пра археолага, які захварэў на чуму, заразіўшыся ад сярэднявечкых костак. Хіба ёсць што-небудзь больш жорсткае і несправядлівае, чым смерць чалавека? Але мінулае можа пакараць за непавагу да сябе яшчэ страшней. Мы самі можам ператварыцца ў Сённяшняе, без Будучыні, а значыць, назаўсёды стаць Мінулым.