Выбрать главу

«Калядоўшчыкі!» — салодка здрыганулася сэрца. Хоць і вырашыў, што папросту некаму з кіношнікаў заманулася зняць этнаграфічны фільм, душу ўсё адно паланіла шчымліва-светлае пачуццё. Я вяртаўся ў сваю вёску, у маленства, у калядны вечар з гэткай самаю саламянай зоркай і задаўненымі песнямі пад мігатлівым зорным сяйвом начнога неба. Калі, у якім стагоддзі гэта было? Няўжо застанецца толькі ў кнігах і фільмах?..

Разам з іншымі разявакамі я тупаў за калядоўшчыкамі і з нейкай ніякаватасцю думаў, што ўсё гэта — прыгады дзяцінства і кіно з пераапранутымі гарадскімі бэйбусамі — можа легчы ў добрае апавяданне. Аднак тут у кадры пачалі дзеяцца рэчы, наўрад ці прадугледжаныя рэжысёрам.

Каля працэсіі рэзка загамаваў аўтобус з дружыннікамі. «Каза» яшчэ дурасліва падскоквала і лезла да гледачоў басціся, але шэсце спынілася. Вакол стаў хутка гусцець натоўп.

— Гэта што за бал-карнавал? — сурова спытаў ва ўсіх адразу дзябёлы мужчына ў паўкажушку.

— Калядуем,— спакойна азваўся высокі хлопец, што трымаў жэрдку з саламянай зоркай.

— Як гэта панімаць?

— Ёсць такое народнае свята... — узяўся тлумачыць хлопец.

— Хто такія? — перабіў дзябёлы.— Студэнты?

— Ну, дапусцім, студэнты,— памяркоўна адказаў «мядзведзь».

— Граждане студэнты! Просім вас разайцісь!

Сябрына пакрысе меншала, але прыціхлая «каза», «мядзведзь» і яшчэ чалавек сем згуртаваліся вакол хлопца з зоркай.

— Хіба мы парушаем грамадскі парадак? — не здаваўся ён.

— Вот іменна. Што ў вас там за такі знак на палцы?

— Зорка калядная.

— Папрашу са мной шуткі не шуціць. Цярплівасць у мужчыны скончылася, і ён закамандаваў:

— Вот вы, з «зоркай», давайце ў аўтобус, астатнія свабодны.

— Не, мы таксама паедзем,— зацята сказаў «мядзведзь».

— Хто тут такі адважны? Месца хопіць! — не разгубіўся дзябёлы.

Я пазнаў яго: тыдні два таму ён даволі зухавата вёў маю сустрэчу з чытачамі і нават невядома ад чыйго імя пажадаў мне часцей звяртацца да сучасных тэм. (Цікава, што ён пад гэтым разумее?) Але цяпер мае думкі больш займаў начальнік нашай міліцыі Несцяровіч, з якім разы два мы траплялі разам на рыбалку. Знаёмства было шапачнае, але дарэчы, бо я здзіўлена зразумеў, што сёння парушу сваё даўняе правіла не ўблытвацца ні ў якія падобныя справы.

Тым часам калядоўшчыкі пачалі садзіцца ў аўтобус. Частка месцаў там была занятая і раней, адтуль чулася бадзёрая песня:

Я в этой деревне родилея и вырос, И здесь мне бутылки давали на вынос...

Адцершы плячом кабету, што голасна дзялілася здагадкамі наконт шматкутняй зоркі, я вылузаўся з натоўпу.

— А вы куды? — запыніў мяне малады дружыннік.

— З імі.

— Што такое? Хоча ехаць з гэтымі смаркачамі? — жвава павярнуўся дзябёлы. У той жа момант ён таксама пазнаў мяне і збянтэжыўся.

— Добры вечар. Матэрыял збіраеце?

— Але,— адказаў я і сам сабе ўсміхнуўся: «Выходжу на сучасную тэму».

Як толькі прыехалі, камандзір дружыннікаў некуды знік, а я ўзяўся за тэлефон.

— Васіль Максімавіч?! Калі на вугорчыкаў ірванём? Адкуль-адкуль? Што значыць, з маёй вотчыны? — гудзеў у трубцы густы барытон Несцяровіча.— А што ты там, дарагой, робіш? Мае хлопчыкі ўзялі?

— Здаўся добраахвотна. Шукаю новыя сюжэты. А тваіх хлопчыкаў, між іншым, я сёння не зусім разумею...

— Слухай, Васіль Максімавіч,— трубка памяняла інтанацыю.— Ты пішаш раманы, і я ў твае справы не лезу. Ты знаеш, што гэты маскарад пахне скрытым вымаганнем? Гэта акрамя ўсяго астатняга.

Я прыкрыў мікрафон далоняй і, дзівуючыся на самога сябе, працягваў насядаць.

— Іван Пятровіч,— тон быў самы сяброўскі,— цябе ж мама таксама ў вёсцы на палку нарадзіла. Няўжо забыўся, як калядаваць хадзілі?..

— Ладна,— пасля цяглай паўзы загаварыў Несцяровіч.— На вашу адказнасць. Дайце трубку дзяжурнаму.

Адарыўшы мяне не вельмі прыязным позіркам, дзяжурны абвясціў:

— Усе могуць быць свабодны. А знак свой пакіньце,— звярнуўся ён да высокага хлопца з зоркай.— Не кожны прахожы зразумее, што гэта за знак.

Калі я выйшаў на вуліцу, хлопцы чакалі.

— Дзякуй,— сказаў за ўсіх высокі, і мне спадабалася яго стрыманая ўсмешка.— Мы вас пазналі.

— А я, на жаль, не маю гонару...

Высокі працягнуў руку: