Выбрать главу

— Раман Галубовіч.

— Сяргей,— адрэкамендавалася “каза”, бліснуўшы з-пад маскі акулярамі.

— Вінцук,— бразнуў ланцугом

Таго вечара каля дзвярэй маёй кватэры спявалі калядоўшчыка

Мела мамка тры сыночкі, Ой, калядо-калядзец. Усталі яны ранесенька, Ой, калядо-калядзец. Умыліся бялесенька, Ой, калядо-калядзец. Узялі яны па конейку, Ой, калядо-калядзец. Паехалі да Віль-места, Ой, калядо-калядзец. Выбіраці тры нявесты, Ой, калядо-калядзец.

Мы столько убили в себе, не родивши...

Андрэй Вазнясенскі
Яніна

У маім былым жыцці зрэдку выпадалі дні, калі ў самы, здавалася, недарэчны момант, дзесьці ў рэстаране ці ў гасцях, калі інтымна гучала музыка і ў келіхах цямнела віно, мяне агортвала адно дзіўнае і невытлумачальнае жаданне. Я заўсёды адпрэчвала яго, чуючы якісьці сорам, падобны да таго, з якім некалі, у восьмым ці дзевятым класе, хацела і не дазваляла сабе пісаць вершы. Яно, гэтае няпрошанае жаданне, здаралася, надоўга знікала, але неспадзеўна вярталася зноў, прыносячы незразумелую, нібыта зусім беспрычынную тугу.

Мяне немаведама чаму цягнула ў стары куток горада, туды, дзе на стромкім зялёным замчышчы стаяў белы сабор. У гэтым прыцягненні было нейкае спадзяванне, хавалася неўсвядомленая надзея.

Як шмат незваротна губляюць людзі, калі саромеюцца сваіх дзіўных жаданняў і, нібы свечкі, гасяць іх у сабе. То не мае словы, іх сказаў аднойчы Раман.

Але калі мы з Верачкай пазнаёміліся ў суботу на пляжы з двума жаўтароцікамі, Рамана для мяне яшчэ не існавала. Нашы рыцары былі зусім маладзенькія, аднак мелі ў кішэні грошы, і мы вырашылі дапамагчы хлопчыкам іх патраціць. На пляжы мы выпілі шампанскага, а потым сонца схавалася, і жаўтароцікі павялі нас у лепшы ў горадзе рэстаран «Юбілейны».

На дзвярах рэстарана вісела шыльдачка «спецабслугоўванне», і нам паўтары гадзіны не было чым заняцца. Нечакана для самой сябе я прапанавала схадзіць у сабор. Верачка паглядзела на мяне, як на вар'ятку, але рыцары згадзіліся.

Ніхто з нас, як высветлілася, не ведаў, што ў саборы цяпер музей. Памятаю, я разглядвала старыя карціны і абразы нясмела і з нейкай разгубленасцю. Вельмі ўразіў твар адной святой. Ён быў такі зямны, а вочы бясконца няшчасныя і знаёмыя. Такімі вось вачыма глядзела мама, калі бацька ўвальваўся позна ўвечары ў хату і, пераварочваючы ўсё дагары, пачынаў шукаць невядома якія, быццам бы схаваныя ад яго грошы. Я стаяла перад абразом, пакуль жаўтароцік не пацягнуў мяне далей, да карціны з грэшніцай, што, укленчыўшы, замольвала грахі. «У цябе постаць у дзесяць разоў лепшая»,— паведаміў ён. Верачка ўхвальна захіхікала, і мой рыцар злёгку пачырванеў ад свайго ўдалага камплімента, а ў мяне мільганула жаданне выцяць яго.

Мы не заўважылі, калі побач апынуўся высокі сухарлявы хлопец з выцвілымі валасамі. Верачка, сцяміўшы, што гэта супрацоўнік музея, адразу пацікавілася, колькі золата пайшло на залачэнне калонаў. Хлопец быў зусім не на мой густ, але яе пытанне мне чамусьці не спадабалася.

Ён адказаў нязвычна — падвёў нас да таго самага абраза з мамінымі вачыма і сказаў, што ўсё гэта золата нявартае такіх вось вачэй. Аказваецца, старажытныя беларускія майстры не баяліся маляваць маці боскую ў абліччы рэальных жанчын. Ён, напэўна, ад хвалявання , раз-пораз бунтуючы рукой свае валасы, гаварыў яшчэ нешта, гаварыў хораша, і хоць я шмат чаго не разумела, слухаць было цікава. Але насупер цікавасці нараджалася непрыязь да хлопца, у душы падымаўся пратэст, быццам гэты хлопец прымушаў мяне рабіць штосьці непатрэбнае і нежаданае. Мабыць, падобныя пачуцці былі і ў астатніх, бо адзін з жаўтароцікаў раптам абарваў:

— Карацей, Скліфасоўскі!

У шэрых хлопцавых вачах успыхнула нешта вострае і балючае, адкрыты твар зрабіўся зацятым, а ў мяне на сэрцы заскакала помслівая радасць. Каля выхаду я азірнулася і яшчэ раз пераможна глянула на яго.

У рэстаране я выпіла больш, чым зазвычай, аднак заўсёдная бяздумна-лёгкая весялосць упарта не прыходзіла, хацелася зашыцца куды-небудзь, пабыць на самоце. Ды пасля пацягнуліся на маю аднапакаёўку, і грымеў магнітафон, і я не змеціла, як знікла са сваім партнёрам Верачка, і мой жаўтароцік туліўся да мяне ў танцы, і я, раптам ашалеўшы ад лютасці, хвастала яго па твары, і мне ўсё-ткі ўдалося выпіхнуць яго за дзверы. Далей былі сны, дзе, выломваючы асады, лезлі з карцін вусцішныя пачвары, і Верачка на каленях малілася вялізнаму кашлатаму зверу, і аднекуль з далёкага абраза глядзеў на мяне мамінымі вачыма хлопец з музея.