Дзяўчына замыліла губку і відавочна вагалася. I ў гэты самы напружаны і адказны момант певень... правініўся.
Дзяўчына пачырванела, юннаты захіхікалі.
— Ах ты, шкарадзь! — Бабка Паўліна замахала на пеўня рукамі, выхапіла з кашолкі анучку і хуценька выцерла падлогу.
— Не можам, бабуля, узяць,— цвёрда сказала дзяўчына.— У нас, па-першае, няма ўмоў. I ўвогуле... Як бы вам растлумачыць? Справа ў тым, што певень не ўяўляе для юных натуралістаў асаблівай цікавасці.
Бабчыны вочы сцьмелі.
— Не возьмеце? — маркотна перапытала яна.
— Не можам, бабуля, зразумейце,— адвёўшы вочы, адказала дзяўчына і неяк няўпэўнена прапанавала: — Вось, калі хочаце, чарапаху вам можам падараваць...
— Не трэба, дачушка, дай табе бог здаровейка. Увечары ля пад'езда стаяла купка жыхароў.
— Вы толькі падумайце! — абуралася хімічная бландзінка.— Чацвёртую ноч спаць не дае! Гэта ж чыстай вады хуліганства! Я ў міліцыю так і напісала. Не прыструняць — сама меры прыму.
— Якія? — запытаўся нехта, хаваючы ў рукаў усмешку.
— Атручу!
— Каго?
— Як гэта каго? Пеўня!
— I не сорамна? — не сцярпеў мужчына ў жоўтай тэнісцы.
— Ні капачкі! — задзірліва кінула бландзінка.— I не глядзіце так, не глядзіце. Гэта ж ні ў якія рамкі не ўкладваецца. Сам з дзесятай кватэры хадзіў, а ёй і гора мала. I домакіраўніцтву галава не баліць, прывыклі цацкацца з такімі. Ні-чо-га,— пагрозліва скончыла яна.
Астатнія слухалі і пасміхаліся.
Наступнага дня над домам чуць свет зноў разнеслася зухаватае і бестурботнае «ку-ка-рэ-ку».
Роўна а дзевятай да бабкі Паўліны заявілася таўсматая пышная кабета.
— Я з домакіраўніцтва,— адрэкамендавалася яна і з парога пачала: — Як вам, бабка, не ай-я-яй! Пажылы чалавек, адзінокі, а канфліктуеце, суседзяў супраць настроілі. Людзі скаргі пішуць, да міліцыі дабраліся. А сёння з дзесятай кватэры ўпраўдому ў чатыры ночы званілі з вашай ласкі. Я б вам, бабка, не раіла заядацца. Сказана: не паложана, значыць, не паложана. Канарэйку купіце, калі сумна, ці папугая.
Бабка вінавата маўчала.
— Вось так,— сказала кабета.— Даём вам апошні дзень. Што хочаце рабіце, але каб заўтра людзі спалі. Чуеце?
— Чую, дзетухна.
Зачыніўшы дзверы, бабка Паўліна доўга сядзела са счэпленымі на каленях, стуленымі рукамі — заклапочаная, сумная, падобная на старую знябытую птушку. Потым у яе вачах з'явіўся водбліск нейкага рашэння, і бабчын твар праяснеў.
Яна насыпала ў прыпол ячменю і па-сялянску нязвычна, ступаючы яшчэ крышачку баязліва, выйшла на балкон. Певень узрадавана замітусіўся і стаў з кохканнем дзюбаць зярняты.
Бабка стаяла і глядзела.
Базар быў невялікі, але бабка Паўліна доўга тупала туды-сюды між прылаўкаў: прызіркавалася да людзей, да іхняга тавару, прыслухоўвалася да торгу. Яна ўзяла на вока бойкага каржакаватага дзядка-прастарэку, што за бесцань прадаваў буйныя, як вішні, чырвоныя парэчкі, з каптуром накладаючы паўлітровы слоік.
Каля прылаўка з ягадамі аціралася чародка малых.
— Ну хадзіце, хадзіце, унукі! — паклікаў дзядок. Ён не дужа спрытна скручваў кулькі, напаўняў іх і працягваў шчаслівым блазнюкам.
Бабка Паўліна яшчэ разоў колькі прыязна глянула на дзядка здаля і падышла.
— Што гэта, хадзяін, у будзень дзень таргуеш? — паздароўкаўшыся, завяла яна размову.
— Ягад, цётка, шкода, во і таргую,— ахвотна азваўся дзядок.— Сёлета ягад — хоць гаць гаці. Дык, думаю, не згарыць тое хадзяйства, а людзём завязу. А то ж заедзь гэта, куры, як уварвуцца, у мамент абцярэбяць.
Гамонка заладзілася. Неўзабаве адшукаліся агульныя знаёмцы і нават нейкая нібыта радня абаім, хай сабе і сёмая вада на кісялі. Бабка тым часам перавяла гаворку на гаспадарку і нарэшце, улучыўшы момант, асцярожненька, быццам бы мімаходзь, папыталася:
— А пеўнік ці ё?
— Ё, злодзей, каб яго чэрці насілі. Адно й ведаець, у шкоду вадзіць.
Бабка хапатліва падняла кашолку на прылавак і пайшла на адкрытую:
— Бяры, Петра, майго. Золата — не пеўнік.
— Ды яно...— разгубіўся дзядок.— Ён і мой нішто сабе, спраўны.
— Вазьмі, Петра, памажы бабе. Ён жа не заваляшчы які, не просты — самы галасісты на дзярэўні быў. Пашкадавала прадаваць: ведама, галаву зразу на калодку. А цяперацькі во нявыкрутка з ім. Шуміць, кажуць, дужа. Сягоння міліцыя прыйдзець, суседзі напісалі. Вазьмі, Петра, добраму чалавеку і дарам аддаць не шкода.
Дзядок напусціў на твар важнасці. Зазірнуў у кашолку, з ухвалай сказаў: «Бач ты, халера!» — і як быццам задумаўся.