Выбрать главу

Праз месяц аб маім існаванні ўспомнілі некаторыя з моцных людзей вобласці. Яны нагадалі, што ў свой час пайшлі мне насустрач у вырашэнні кватэрнага пытання, а я, маўляў, не параіўшыся, не ўзгадніўшы, на ўсю краіну... Небяспека ад помніка была адведзена, а на трэці дзень да яго прышрубавалі шыльду, якая паводле папераў вісела там ледзь не ад цара Гароха.

Пасля газеты з артыкулам я чакаў на гасціны калядную талаку, нават купіў сёе-тое на запас, аднак Раман толькі пазваніў і стрымана падзякаваў. Я быў расчараваны і пакрыўджаны, быццам дзіця, якому дакляравалі купіць новую цацку, а потым забыліся. Смешна, але мне хацелася падабацца гэтым хлапчукам.

Бясперстых

Чамусьці мне часта здавалася, што ён ведае. Гэта было немагчыма, бо тады ён яшчэ хадзіў пешшу пад стол дый жыў не тут; а хто мог сказаць яму пазней? Наогул, наўрад ці хто памятаў пра гэта. Балазе, мяне неўзабаве перавялі ў другі горад, а зноў прыехаў сюды, толькі як пайшоў на пенсію. Прыехаў і па старой памяці і таму, што паабяцалі зацішнае месца для пенсіянера з маёй адукацыяй.

Трэба шчыра прызнацца: як даведаўся, што буду дырэктарам у тым самым музеі, трохі разгубіўся. Але, памятаю, ненадоўга. Потым было нават сорамна за нявартыя разумнага чалавека, так сказаць, сантыменты.

Калі б Галубовіч сапраўды ведаў тое, што, мне ўяўлялася, ён ведае, я мог не крывячы душой сказаць яму, што маё сумленне чыстае і я не чую за сабой ніякай правіны. Тады быў адзін час, вырашаліся свае задачы, і нам было не да гэтых старых цэркваў. А цяпер другі час, калі іх трэба аднаўляць як архітэктурныя помнікі. Вось і ўсё. Пасядзіш, падумаеш, дык гэта для гісторыкаў і рэстаўратараў нават лепей. Ну стаяла б сабе ўсё цэлае і стаяла. А так ім жа самім працаваць цікавей: розныя там здагадкі, архіўыня пошукі, радасць, так сказаць, адкрыццяў.

Карацей кажучы, калі што зносіць, а калі што адбудоўваць — вырашаць без нас. А наша задача — адчуваць патрабаванні часу і аператыўна перабудоўвацца. I не так яно лёгка, як некаторыя лічаць. Тут, можа, нейкі свой талент трэба мець. Ёсць ён у чалавека — значыць, будзе гэты чалавек у нагу з часам ісці, няма — застанецца ва ўчарашнім дні. У нашым горадзе жывы прыклад — Пятро Нічыпаравіч Лебедзеў, педагог на заслужаным адпачынку. Памятаю, якую газету ў рукі ні возьмеш — усюды Пятро Нічыпаравіч. То з рэлігійным дурманам змагаецца, то са шкоднымі ўплывамі. Навідавоку чалавек быў. А цяпер? Колькі гадоў прайшло, а ён выкрывае старыя ўплывы, строчыць такія самыя артыкульчыкі, што сёння толькі на адно й прыдатныя... Надрукавала летась наша абласная газета артыкул пра мой музей, дык Пятро Нічыпаравіч зноў коніка выкінуў. Падлічыў, колькі разоў там слова «храм» паўтараецца, і накатаў у сталіцу сігнал: у такой і такой рэдакцыі займаюцца, маўляў, закамуфляванай прапагандай рэлігіі. Камедыя, дый годзе!

Не, не простая рэч гэтая перабудова. Таму адчуваць час — адзін з маіх галоўных прынцыпаў. I яшчэ — не лезці быку на рогі. Як гэты Галубовіч.

Цяпер пра яго, вядома, дрэнна казаць ніхто права не мае, але ж я і не кажу, толькі думаю. Не падабаўся ён мне. Не падабаўся з таго першага дня, як прыйшоў у музей з накіраваннем. Ну я, безумоўна, адразу даведкі навёў, што за птушачка прыляцела да нас, так сказаць, пачынаць працоўную біяграфію. Бацька — прафесар, доктар навук. Хіба не мог сына пад сваім крылом у сталіцы ўладкаваць? Нешта я пра такіх прафесараў не чуў. А якія ў нашых музеях у навуковых супрацоўнікаў заробкі? Значыцца, хлапец на нешта іншае меціць. Стары верабей Мікалай Анісімавіч Бясперстых адразу раскусіў, што да чаго.

Справу сваю Галубовіч, канешне, ведаў, тут я нічога не скажу. Але ж ёсць і іншыя аспекты. Чаго варты хаця б той выпадак з абразом. Ну купіў ты ў вясковага дзеда каштоўны абраз за свае, а дакладней за бацькавыя грошы, дык аформі як след паперы і кладзі ў кішэню кампенсацыю. Не, яму захацелася падарунак музею паднесці. Вось бачыце, якія мы высакародныя! А што астатнім рабіць? У каго бацька не прафесар? Што, мне таксама ў свой музей за ўласныя грошы экспанаты набываць?

I з гэтай, як яна там... з «сябрынай» сваёй насіўся, як з пісанай торбай. Ажно са сталіцы на паседжанне нейкага ці то філосафа, ці то сацыёлага запрашалі, каб даклад ім прачытаў. Ён, філосаф гэты, і мне сваю анкетку саматужную падсунуў, наконт таго, што я думаю пра культуру, мову і ўсё такое. Але Мікалаю Анісімавічу Бясперстых анкеты непатрэбныя, ён, што трэба, тое і думае.

Добра, што я гэту «сябрыну» з музея выжыў. Хоць спакайней стала, а то ўліплі б у якую гісторыю, мне і адказваць давялося б.

А ягоныя каляды, купаллі і ўсякія там балаганныя песенькі з вяночкамі! Каму ў наш час трэба гэтыя «святы», што ён «адраджаў» са жменькай вусатых і барадатых лайдакоў, якім абы пагарлапаніць ды паскакаць, нібы дзікуны, вакол вогнішча?