Выбрать главу

Няўжо ён разлічваў такой методай заняць маё месца?

Яніна

Верачка працавала цераз сценку, таксама на размнажальнай машыне. Разы тры на дзень мы сустракаліся на лесвіцы ці ў калідоры; яна, невысокая і стройная, у шчыгульных джынсіках і з загадкавай усмешкай на пульхных губках, праносілася міма, пакідаючы ў паветры ручаіну парфумавых пахаў. Пра Верачку ўвесь час хадзілі нейкія чуткі, але я ніколі не прыслухоўвалася да гэтых размоў.

I раптам яна, істота з іншага свету, з'явілася ў маім рабочым пакоі.

— Слухай, дарагуша,— уважліва аглядаючы мяне, пачала Верачка.— Нельга так жыць. Усё адна ды адна, як манашка. Пра цябе ўжо, між іншым, і праўда гісторыі расказваюць, што ты баптыстка. А апранаешся як! Ты ў люстэрка хоць раз зірнула? У цябе ж фігура найвышэйшага пілатажу, а ты яе ў нейкія торбы з рукавамі хаваеш.

Я разгублена маўчала, а Верачка невысокім прыемным галаском шчабятала далей:

— Адкрыю табе сакрэт. Адзін сімпатычны малады чалавек трэці тыдзень прагне з табой пазнаёміцца. Не здзіўляйся. Каханне з першага позірку. Між іншым, у суботу нас з табой чакаюць у госці, а я — адказная за цябе. Вось так, дарагуша. Даю табе два дні на роздум.

Цяжка перадаць, што ў тыя два дні рабілася ў маёй душы. Паміж хмараў, якія назаўсёды пахавалі нават надзею на шчасце, раптам бліснуў кволы праменьчык. Няўжо гэта праўда? Няўжо я магу быць камусьці патрэбнай? Я не ведала, верыць пачутаму ці не. У галаве была мешаніна з Вераччыных слоў. Сімпатычны малады чалавек... Фігура найвышэйшага пілатажу... Прагне пазнаёміцца... Нельга так жыць...

У пятніцу Верачка зноў напоўніла мой пакой водарам духоў.

— Значыць, заўтра а пятай.— Яна гаварыла, быццам усё ўжо вырашана.— Я тут для цябе сукеначку захапіла. З асабістых запасаў. Спадабаецца — магу адшкадаваць. З дзвюх палучак разлічышся.

Я слухала і ўяўляла сённяшні вечар і два выхадныя з глухой бабуляй ля тэлевізара, калі даходзіш да таго, што пачынаеш сумаваць па сваёй капіровачнай машыне. А мо і сапраўды нельга так жыць? — думала я.

Цяжка забыць, як збіралася на першае ў жыцці спатканне. Верачка памагла мне ўкласці каронай касу і злёгку падфарбавацца. Яна давала нейкія парады, якія не маглі дапяць мае свядомасці, бо я ператварылася ў суцэльны камяк хвалявання. Некалькі разоў я спрабавала адмовіцца і нікуды не ісці, але Верачка адно хіхікала і весялілася. Яго звалі Алікам.

Я надзіва добра, да драбніц, памятаю той вечар. У першыя хвіліны, як Алік пацалаваў мне руку, я, дазвання зніякавеўшы, баялася падняць вочы. Да ўсяго ў Вераччынай джынсавай сукенцы я сама сабе здавалася чужой і незнаёмай. Толькі калі Алік змусіў мяне пакаштаваць салодкага кактэйлю, я трошкі пасмялела і потым нават адважылася пайсці з ім танцаваць, хоць і чулася так, нібы ў кожнай руцэ трымала па вялізным клунку.

Верачка з Алікавым сябрам, гаспадаром кватэры, цесна абняўшыся, сядзелі пад таршэрам і сачылі за намі такімі цікаўнымі вачыма, быццам мы не проста танцавалі, а ставілі для іх нейкі спектакль.

Потым мы зноў пілі ружовы кактэйль, прыкусваючы цукеркамі і акуратнымі маленькімі лусцікамі з сырам і вяндлінай. Алік гаварыў розныя смешныя рэчы, і я безупынку смяялася. Потым стрэліла шампанскае, і мы глядзелі, як у пукатых шклянках падымаюцца і зноў патапаюць аблепленыя дробнымі срэбнымі пацеркамі кавалачкі шакаладу, і спрачаліся, чый усплыве раней. Крадком я пазірала на Аліка, і ён мне падабаўся ўсё больш і больш — уважлівы, з гожым смуглявым тварам і добрай усмешкай.

Алік папрасіў дазволу падвесці мяне дахаты. Па дарозе ён прызнаўся, што хоча падараваць мне што-небудзь на ўспамін аб гэтым вечары, і запрасіў на хвілінку зазірнуць да яго. Я адмаўлялася, бо ўжо было позна і я не ведала, як дазванюся да сваёй гаспадыні, але ён так шчыра засмуціўся, так прасіў... Дый на вуліцы было зімна, гуляў віскуцень, і я зусім застыла.

Алік адразу пабег на кухню ставіць гарбату. У ягонай кватэры было вельмі ўтульна: кніжныя паліцы, кактусы, цэлая зборня забаўных гліняных чарцянятаў, прыгожы стэрэапрайгравальнік з вялікай калекцыяй пластак. На століку каля свяцільні ляжалі часопісы з яркімі вокладкамі. Я хацела пагартаць іх і крыху здзівілася, што Алік неяк паспешліва схаваў часопісы, падсунуўшы мне альбом з фотаздымкамі.

Гарбата з лікёрам добра сагравала. Мы моўчкі слухалі музыку; я разумела, што трэба ісці, але з ім было так хораша. Я чулася амаль шчасліваю, нібыта стаяла перад дзвярыма ў нязнаны, цудоўны і поўны сэнсу свет, дзе кожны новы дзень непадобны да ўчарашняга, дзе я нарэшце буду некаму патрэбнай. Алік цалаваў маю касу, вусны, шаптаў, што сустрэў тую адзіную, аб якой марыў усё жыццё, з якой хоча ніколі не разлучацца. Я захлыналася ў моры пяшчоты...