Праз два месяцы Алік не пусціў мяне ў кватэру.
— Прабач, дзетка, у мяне госці,— растлумачыў ён на лесвічнай пляцоўцы, зачыніўшы за сабой дзверы.
Я стала папракаць, са слязамі гаварыла, што, акрамя яго, у мяне няма на свеце ніводнага блізкага чалавека.
— Усё, дзетка,— бязлітасна ўсміхнуўся ён.— Фініта. Ваша месца занятае, і раю табе больш па гэтым адрасе не звяртацца.
Засталася жыць я, напэўна, толькі таму, што страшэнны боль у тыя дні хутка змяніўся жахлівай тупой абыякавасцю і апатыяй. Відаць, сама душа адчула, што іначай я магу не вытрываць.
Напачатку я была наогул няздатная на які-кольвек самастойны ўчынак, нават забывалася часам есці, і рабіла адно тое, што мне гаварылі...
...Мінулася паўгода ці год, і я пакрысе адышла.
Верачка была адзіным чалавекам, які не пакінуў мяне. Мы сталі сяброўкамі, і неяк неўпрыцям, але ўсё больш і больш уладна пачало зацягваць у свой вір новае жыццё — з рэстаранамі, знаёмствамі, загараднымі пачастункамі... Не магу сказаць, што яно, гэтае жыццё, мне падабалася, але я, прынамсі, не была самотнай.
З вуглаватай сарамяжлівай папялушкі я неўпрыкмет ператварылася ў жанчыну, на якую аглядаліся на вуліцы і якая добра ведала цану свае прыгажосці. Цяпер я насіла сучасную прычоску. Аднойчы каса нагадала журліва-шчасныя хвіліны, калі мая галава ляжала на маміных каленях, і я ў прыпадку хмяльное зласлівасці некалькі разоў з няўцямнай змрочнай радасцю жыгнула нажніцамі...
Гніль завялася
ў дацкім каралеўстве.
Почасту я бываў нярады, што сустрэўся з Раманам. Не хацелася даваць веры, аднак менавіта праз гэтага, можна сказаць яшчэ хлапчука я замест звычнай ураўнаважанай працы за пісьмовым сталом мусіў займацца тым, што яшчэ нядаўна з водценем пагарды называў самакалупаннем і аўтавівісекцыяй.
Мурашка сумневу завялася ў душы, напэўна, з таго самага каляднага вечара, калі я парушыў свой прынцып неўмяшання. Прычым гэтая прыкрая жамярыца і не думала супакойвацца, усё часцей сеючы дзіўнае адчуванне нейкай памылкі, пачуццё накшталт таго, якое бывае, калі ў далёкай вандроўцы раптам спахопішся, што пакінуў дома нешта вельмі неабходнае ў дарозе, хоць яшчэ і не даўмеўся — што.
Вечароў, у якія мы ўдвух з Раманам ці яшчэ з кім з іхняй сябрыны заседжваліся пры каве або гарбаце за поўнач, было няшмат. Здаецца, і не гаманілі ні аб чым, апрача беларускай гісторыі (яны ведалі яе, зразумела, не па школьным падручніку), але пасля гэтых размоў чамусьці доўга не ішоў сон, за кожнаю думкай падпільноўвалі блізкія і няблізкія прыгады, што часам не адпускалі, пакуль да акна не падступалася дзянніца.
Варта было заплюшчыць вочы, і з маленства пачынала светла і журботна свяціць мне лёгкая зялёная аблачынка маладога ясеня, што рос пры дарозе паміж вёскай і лесам...
Не ўсё на свеце можна растлумачыць. Я не ведаю, што вабіла мяне сюды, чаму я, прыехаўшы з інтэрната на летнія вакацыі, мог збегчы ад сябрукоў, каб проста пасядзець пад ясенем, прыхінуўшыся спіной да вялізнага цёплага каменя, што ляжаў тут з пракаветных часін. Я любіў падставіць твар сонцу і слухаць жаўрукоў ці галасы вечна ўстурбаваных нечым кнігавак альбо глядзець на недалёкі лес, на разлогія вершаліны дубоў, што сям-там ускудлачвалі яго роўны мур... Не памятаю, якія думкі пераведвалі мяне ў тыя хвіліны, а вось пачуццё жывое ў памяці і цяпер. У ім, гэтым дзіцячым пачуцці, нейкая прыцішаная радасць нітавалася з гаркавым, хоць і звыклым адчуваннем свае закінутасці і самоты.
Каля ясеня паваротка туды, дзе на ўзгорку бялее рэдкі грабянец старых бярэзін. Пад адной ляжыць мая маці. Сухоты спалілі яе перад самым з'яўленнем пеніцыліну, неўзабаве пасля бацькавага прыходу.
Бацька быў у палоне і таму вярнуўся дахаты не адразу па вайне. Ён падаўся мне зусім не тым бацькам, што некалі зладзіў арэлі пад старой грушай каля лазні і аднаго разу прынёс мне з пашы перапалоханае зайчанё. Я доўга не мог звыкнуць да кульгавага, негаваркога і сівога, як дзед, чалавека, асабліва да таго, што яго трэ было зваць татам. Напачатку я штовечар крычма крычаў, каб маці не клалася спаць з чужым дзядзькам, і ўтаймоўвала мяне адно старая ляйчына ў матчыных руках. Душачыся слязамі, я затоена ляжаў на печы, і майго дзіцячага розуму яшчэ пе ставала, каб скеміць, чаму гэта маці дае мне лупцоўку, а чужы дзядзька спрабуе заступіцца. Відаць, з гэтых непаразумелых слёз і пачалося нашае з бацькам новае маўклівае сяброўства.