Выбрать главу

Мы запісвалі словы і песні, якія да нас, можа, не чуў і, магчыма, ніколі ўжо не пачуе ніводзін навуковец. А памятаеш казкі і паданні адвечнага, прапахлага мёдам і вашчынаю дзеда з ляснога пчальніка на Гарыні?! Пра гарады, што, не скарыўшыся жорсткім прыхадням, назаўжды апусціліся ў азёрныя хвалі, пра студні, у якіх сто гадоў стаяла малако, бо падчас набегу крымчакі кідалі туды нашых немаўлятак...

Не засталося, пэўна, ніводнае старой царквы ці капліцы, якую мы не абмацалі сваімі рукамі, не абмералі і не зафатаграфавалі. У адным прынёманскім мястэчку нас, маючы за штосьці сярэдняе паміж шпегамі і злодзеямі, затрымаў участковы, і мы да высвятлення нашага лёсу начавалі пад замком у нейкай адрыне. З гэтага астрогу за ноч можна было ўцячы разоў дзесяць, але я толькі злазіў у суседні сад і набраў ранетаў, каб, па-першае, калі ўжо сядзім, дык было за што, а па-другое, каб пакласці нешта на зуб, бо зняволеных пакінулі без вячэры. Праміне шмат часу, і ад Рамана Галубовіча я даведаюся, што, калі ў тым мястэчку з'явіліся сапраўдныя рабаўнікі храмаў, на іх ніхто не зважаў, і яны сярод белага дня выцягнулі з царквы два дзівосныя абразы скарынаўскіх часоў.

Потым мы напісалі аб усім пабачаным і пачутым. Мы пісалі пра песні, што ўспомніш і збіраючыся ў апошнюю дарогу да Абрама на піва, пра казачна суладныя палескія строі, пра драўлянае дойлідства, да якога нікому не было справы, і пра сустрэтую ў падарожжы экспедыцыю, што спалохалася нас, як чорт ладану, бо, пакуль нашы этнографы лічылі варон, увішныя цёткі і дзядзькі з іншых краёў зладзеявата збіралі на нашым Палессі экспанаты для сваіх музеяў.

Мы ўяўлялі сябе ледзьве не першаадкрывальнікамі. Падступная думка, што мы — апошнія, каму дарагое ўсё гэта, запаўзе ў душу пазней, праз гады. Але яна прыйдзе, і ад яе будзе адзін крок да паняверкі і капітуляцыі... Як мы памыляліся!

Мы ў жадобу плакаліся адно аднаму і казалі прыгожыя словы аб тым, што ёсць і будзе мастацтва, якому мы павінны служыць. Чаму ніхто з нас тады не зразумеў ці не пажадаў зразумець, што мы, у лепшым выпадку падсвядома, зрабілі вельмі выгадны выбар?

Але мы ўсё-ткі, відаць, зрабілі, і нешта вартае. Бо бяруцца ж аднекуль гэтыя хлапчукі з чыстымі і светлымі душамі...

На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены,

Пазіраюць, як козы на новы плот:

Ані д'ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем...

Уладаімір Караткевіч «Таўры»
Яніна

Даруй мне, Раман. Быў час, калі я лічыла тваё жыццё прыдуманым і ненатуральным. Я думала, ты не жывеш, а гуляеш у сваі ідэі, хоць з табой і было заўсёды нязвыкла і цікава.

Я была дастаткова кемнай, каб убачыць і тое, што ты захапіўся мною, і тое, як старанна ты хаваеш рэўнасць. Ты ведаў, што мае спатканні з Вахтангам яшчэ працягваюцца. Я сама сказала пра гэта. Не, зусім не дзеля таннай гульні ў шчырасць, а — каб зрабіць табе балюча, бо адчуванне замаху на маю вольнасць, што ўзнікла ў першую нашу сустрэчу ў музеі, яшчэ не мінулася.

Памятаю, неяк на пачатку знаёмства ты спытаў, ці чытала я такую кнігу, і я адказала, што не і — хоць назву адразу вымела з галавы — што даўно марыла яе пачытаць. На самой справе я некалькі гадоў амаль нічога не чытала і цудоўна абыходзілася без кніг. Праўда, час ад часу Верачка падсоўвала што-небудзь — «Анжэліка — маркіза анёлаў», «Графіня дэ Мансаро»... Я не ведала яшчэ, як твая кніга заварожыць, зачаруе мяне сваёй моваю, незвычайна чыстымі думкамі і пачуццямі герояў, як крыўдна стане, што паміж мною і імі — маладым Загорскім, Кастусём, прыгоннай актрысай Геленай — цэлае стагоддзе.

Але гэта будзе пазней, пасля нашых першых вандраванняў па Беларусі, пасля таго вечара ў тваім пакоі, дзе побач з кнігамі стаяў калаўрот, а калядная зорка на сцяне чамусьці нагадвала залатое лукно цыбулі ў мамінай хаце. У цябе гэтак прытульна такалі ходзікі, і з іх кожную гадзіну вылятала зязюля.

Аднойчы яна выляцела так недарэчы...

Як я ўсё гэта памятаю!

Я нібыта вярталася з бясконцага падарожжа, калі ў вокнах вагона мяняюцца стракатыя, але тыя ж самыя краявіды і толькі потым усведамляеш, што шлях наперад быў закрыты і цягнік імчаў па крузе.

У тым падарожжы не існавала нічога таго, чым ты жыў. Гісторыя? Яна была недзе там, у Кіеве, у Прыбалтыцы. А ў нас? Хіба ў нас даўней адбывалася штосьці значнае? Нашы настаўнікі, памятаецца, пра гэта нічога не казалі. Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Астрожскі... Іх імёны былі для мяне гукам, не болей.