Разы тры-чатыры на год я сустракаўся з дачкою, спачатку школьніцай, а апошнім часам — студэнткай інстытута. Былая жонка паспяхова выхавала ў дачкі ўпэўненасць, што бацька існуе на свеце дзеля таго, каб даваць ёй грошы; гэтым цяпер збольшага і абмяжоўваўся змест нашых, так бы мовіць, сваяцкіх адносін.
Сябры? Яны спакваля перайшлі ў разрад былых. Мне было дастаткова некалькіх новых прыяцеляў. Дырэктар нашага музея, крамяны, задаволены жыццём адстаўнік, меў за гонар прымаць у сябе пісьменніка, а пісьменніку было няцяжка, а хутчэй прыемна ў канцы тыдня завітаць да яго, каб адпачыць пасля праведнай працы, пакаштаваўшы спечаных паводле сібірскіх рэцэптаў пірагоў, ды за адным разам паназіраць дырэктараву застоліцу. Сам таварыш Бясперстых, са сваімі прынцыпамі і тэорыяй адчування часу, здаваўся мне асобаю ў нейкім сэнсе выдатнай. (Дарэчы, даводзілаея чуць, што шаноўны Мікалай Анісімавіч гэты самы сабор, дзе цяпер дырэктарам, некалі са спакойнай душою ўзняў у паветра.) А паслухаў бы хто разважанні ягонага калегі па культурнай ніве пра НЛА і тэлепатыю! Альбо высакародная мэта Казіміра Баляслававіча атрымаць званне заслужанага і персанальную пенсію, мэта, дзеля якой ён здольны выбіць для сваёй школы ўсё, нават нейкі унікальны тэлескоп, прызначаны, па чутках, для горнай лабараторыі.
Хаўрус і сапраўды даволі каларытны. Толькі вось пытанне: чаго варты чалавек, які кожную пятніцу, забаўляючыся і заядаючы смех пірагамі, цешыцца думкаю, што ён — лепшы?
Жанчыны? Адна з іх сказала, што кахае мяне. Я адчуў, што яе словы — не прыгожы самападман, а праўда, і таму расстаўся з ёю. Не, я не спалохаўся прызнання; наадварот, яно прыемна казытала самалюбства, але разам яно вымагала ад мяне і якіхсьці іншых, чым дагэтуль, адносін, а гэта мне было патрэбна найменш. I потым, у мяне была Марыя; яна ні на што не прэтэндавала і не патрабавала нічога, апроч таго, што я мог ёй даць...
Спакой душы. Цяпер я ведаю, што гэта такое. Гэта калі ў душы спыняецца той маятнік, што так непрыкметна і лёгка можа замерці і якому так цяжка, а часам і немагчыма зноў пачаць свой рух.
Васіль Максімавіч
...I была ноч, сярод якой у адной кашулі і чаравіках на босую нагу да мяне прыбег Вінцук.
— Раман... Рамана...— Вочы ў яго былі такія, як бываюць, напэўна, за хвіліну да вар'яцтва.
Я кінуўся да тэлефона, каб падняць знаёмага прафесара-хірурга, выклікаць таксі і ўсім разам ляцець у больніцу, але Вінцук моўчкі націснуў рукой на рычагі і, уткнуўшыся ў сцяну, заплакаў.
Наступнага дня я бязмэтна блукаў па вуліцах, а затым неяк няўзнак апынуўся ў прыгарадным лесе і выйшаў на бераг ракі, дзе ўлетку шуміць і вірыцца гарадскі пляж. Зараз, у стылы і хмурны красавіцкі дзень, тут было пустэльна, адно вецер непрытульна шумеў у верхавінах хвояў, і вакол выцягнутых з вады перакуленых лодак туляўся брудны валачашчы курта. Я наўздзіў востра адчуў адпаведнасць гэтай мясціны майму стану і не захацеў пікуды адсюль ісці. Была пакутная асалода ў гэтым сядзенні на ржавым пантоне каля нырцавальнага галубца, у знобкім па-восеньску ветры, у колкім бязладдзі думак, у няўцямным яшчэ пачуцці свае вялікае вінаватасці, джала якой глыбей і глыбей уваходзіла ў душу.
Выплывалі з памяці прададзеная бацькава хата, новы, з аселых тут па вайне, яе гаспадар, што ў мяне на вачах, мацюкаючыся цераз слова, выкідаў у акно даўнія маміны торбачкі з зёлкамі, а за імі выкінуў «багародзіцу»... I зялёная аблачынка майго ясеня, і сквапны бляск у маленькіх чырванаватых вочках старога Базыля... I чамусьці сусед, Маханьчышын Хведзька, які стаў доктарам навук, вывучыў пяць замежных моў, а сваю забыўся. «А ты сам? — паласнула нібы па жывым.— Што роднае слова для цябе? Сродак для атрымання грошай ды свае скібы славы?»
I яшчэ шмат аб чым думалася мне на ржавым пантоне. I, быццам нейкія суддзі, глядзелі на мяне малады ясень з далёкага маленства і з непапраўнага ўчарашняга дня — Раман Галубовіч.
— Ці не надумаў чаго, сынок? — вывеў з цяжкага одуму занепакоены голас. Побач стаяла бабка-вартаўніца ў даўгім кажусе.
— Надумаў.
— А сынок мой, а дзетачка, а выкінь з галавы,— забожкала бабка.— Такі грэх і бог не даруе.
— Супакойцеся, маці,— міжволі ўсміхнуўся я.— Не буду я тапіцца. Рана яшчэ.
Васька па мянушцы Казёл
Звечара заказваеш сам сабе што-небудь клёвае — пра пацаноў ці пра Натку-манадку, а сніцца розная дрэнь... Учора старая з ліфта прыснілася. Ну, што хацела чырвонец зажыліць, пакуль Сява ёй за каўнер усе ейныя тры літры малака не выліў. Сёння зноў таго фраера з музея бачыў.