Бабка дагодліва заглядвала яму ў вочы:
— Як запяець, так гадкоў дзесяць з плячэй і скінець. Грэх такога пеўніка зводзіць.
Дзядок стаўся яшчэ больш важным.
— Бяру! — ляпнуў ён далоняй па прылаўку.— Хай пяець!
— Ой, удружыў ты мне, Петра, да душы ўдружыў.— Бабчыны маршчынкі засвяціліся. Я ж ужо часу збяру, паглядзець прыеду, як ён там у цябе. Ой, удружыў! — I яна, мабыць, рупячыся, каб дзядок не перадумаў, памкнулася ісці.
—Стой, цётка! Сто-о-й!
— Вазьмі-і, Петрачка, — згаслым голасам жаласна працягнула бабка.
— Ды бяру, сказаў табе, от завяла катрынку! Пачакай во, ягад на варэнне возьмеш.
Досвіткам над гожым дзевяціпавярховікам з блакітнымі балконамі, над навакольнымі дамамі-блізнятамі, над чысценькімі дварамі з аднолькавымі арэлямі, пясочніцамі і столікамі для даміно вялікім сонным возерам стаяла цішыня.
Можна было спаць спакойна.
Мякка цякла пад колы сіняватая шаша. Цераз ветравічок бегла, кранаючы твар прыемным халадком, напорлівая ручаінка ранішняга паветра. I думкі прыходзілі таксама прыемныя. Хутка адпачынак, у кішэні пуцёўка ў Карпаты... А сёння з пограбам той работы — як кот наплакаў; тады ён скупнецца ў возеры, нацягае з крыніцы вады, напаліць лазню, і ўвечары можна будзе дасхочу хвастацца свежымі пахкімі венікамі — дубовым і бярозавым на змену. Цесць старой сваёй завядзёнкаю, не раўнуючы хлапчук, пойдзе з ім у заклад, што даўжэй выседзіць на палку, і стане безупынна ўздаваць на каменку, за кожным разам выгукваючы: «Ссаджу! Ссаджу!», пакуль сам не выцерпіць і не стрэліць, як корак, у прымыльнік.
Ён уявіў гэты малюнак і коратка рагатнуў: забаўны стары!..
Пасля лазні яны гукнуць суседа дзеда Піліпку і пасядзяць утрох, пагамоняць пра жыццё. На прыкуску цешча, як зазвычай, паставіць разам з бульбай яго ўлюбёную тонка наскрыляную паляндвіцу. Мабыць, і першыя гуркі ўсаліліся...
А Піліпка потым хутка завядзецца і пачне плесці небывальшчыну пра свае любоўныя прыгоды. Яны з цесцем будуць штурхаць пад сталом адзін аднаго нагамі і кіснуць ад смеху, а Піліпка — слаба стукаць у грудзі дрыготкай рукой і пакрыўджана бажыцца, што ўсё — святая праўда...
Ён злавіў па прыёмніку эстрадны канцэрт і неўзаметку для сябе стаў падсвістваць. Кінуў вока на абнову: пастаўленая ўчора на заднім шкле ружовая пластыкавая далонька весела і бесклапотна махала назад. «Прыгожа»,— падумаў ён і падміргнуў люстэрку, адкуль на яго пазіраў светлавалосы, з маладжавым тварам і здаровым румянцам на шчоках чалавек, якому ніхто б не адважыўся даць сарака. «А заўтра дасвеццем — на рыбу...» На душы было гэтак хораша, што хацелася засмяяцца.
Была субота, і інжынер-забеспячэнец Лісоўскі ехаў на вёску да жончыных старых.
На развілцы за невялікім горадам, што заставаўся ўбаку, галасаваў невысокі, гадоў дваццаці хлопец у джынсах і зялёнай клятчастай кашулі з закасанымі рукавамі.
Лісоўскі заўсёды падвозіў спадарожнікаў: любіў пагаманіць з новым чалавекам, распытаць пра жыццё, паслухаць якую цікавую гісторыю альбо анекдот. Да пасажыраў ён ставіўся з гэткай добраю паблажынкай і ніколі не браў грошай, чым падсвядома трохі ганарыўся.
Вішнёвыя «Жыгулі» плаўна затармазілі.
— Мірск,— павітаўшыся, сказаў хлопец. Лісоўскі запрашальна махнуў рукой.
— У самы Мірск?
— Не. Яшчэ дваццаць кэмэ.— Пасажыр назваў вёску.
— Шанцуе табе,— шчыра ўзрадаваўся Лісоўскі.— З ветрыкам і без перасадкі. Як у лепшых дамах... Ведаю я гэту вёску, летась там вішні на кампоты браў.
Хвілін колькі ехалі моўчкі.
«Жыгулі», напяўшыся, абышоў салатавы «Масквіч» старога выпуску. Лісоўскі хмыкнуў:
— Во дае! Вясёлы мужык!
Ён азартна дадаў газу і лёгка абагнаў нахабніка. Хутка «масквічок» зелянеў ужо далёка ззаду.
Шаша, зрэдку віляючы, ляцела па чыстых сонечных баравінах. Абапал на ўгрэвах гарэлі лілавата-пурпуровыя астраўкі скрыпеню.
— Піць хочаш? Пацягні! — Лісоўскі кіўнуў галавой на сядзенне, дзе ляжала ёмістая поліэтыленавая барылка.
Спадарожнік прыклаўся на некалькі глыткоў і ацёр вусы тылам далоні.
— Дзякуй.
— Няма за што. Не нагрэлася яшчэ?
— Норма.
— Вязу да падлешчыкаў. Мінулы раз з цесцем вяліць падвесілі. Якраз паспець павінны...— Лісоўскі прыжмурыўся і выцягнуў губы ўперад.— З півам пасля лазні пойдуць — святыя такога не елі.
Машына абагнала пустыя калёсы; на іх, звесіўшы праз драбіны ногі, ехаў дзед у зімовай шапцы. Лісоўскі спыніўся:
— Гэй, баця! Давай транспартам мяняцца!
Дзед не адгукнуўся, толькі махнуў на каня лейцамі.