Выбрать главу

Яніна

Зноў і зноў мне сніцца гэты сон...

Вечар. Вакол сабора запаліліся ліхтары, і жоўтае іх святло мяшаецца са святлом месяца. На лаве, як зазвычай, толькі сёння чамусьці не пад ліпай, а зусім блізка, сядзіць купа падлеткаў; у руках у кожнага бутэлька.

— Біл, секані, зноў здані паўзуць! — чуецца з лавы.

— Біл,— працягвае той самы голас, у якім хаваецца нейкая настылая страшная злосць,— а ты калі-небудзь спаў са зданямі?

Ён, вядома, кажа гэта іначай, і Раман спыняецца. Я пачынаю чуць сваё сэрца. Я ведаю, што Раман займаўся боксам, але іх шмат, і я ціха і роспачна прашу: «Раманка, родны, пойдзем».

— Хлопчыкі, хто з вас скажа, што ў Казла не вараць мазгі? — Гэта той, каго завуць Білам.

Ён лена падымаецца і знянацку шпурляе паўзверх нашых галоў недапітую бутэльку. На белай сцяне сабора расплываецца цёмная пляма. Я цягну Рамана за руку, ужо ведаючы, што гэта марна. Трэба кагосьці клікаць на дапамогу, але сабор наводшыбе, а вартаўнік прыйдзе толькі праз гадзіну.

Біл стаіць так блізка, што я адчуваю густы вінны смурод. Білавы вочы санліва глядзяць некуды скрозь Рамана, а пад блішчастай курткай падабраная, падрыхтаваная для ўдару постаць культурыста.

— Ты, гніляк! Цябе ў школе вучылі, што трэба дзяліцца?

У наступнае імгненне Раман б'е яго, і Біл знячэўку садзіцца на дол.

— Хлопчыкі! — хрыпата выгуквае ён, адпаўзаючы, і шэсць ці сем падлеткаў ускокваюць з лавы.

— Уцякай! — крычыць мне Раман, адступаючы да мура.

Можна бегчы, бо на мяне ўжо ніхто не зважае, але прадчуванне чагосьці жахлівага не дае крануцца з месца.

Яны нападаюць у сціхоце, адно чуваць перарывістае дыханне. Раман адбіваецца, стоячы спіной да сабора. I раптам у запале робіць некалькі крокаў наперад, і за яго плячыма маланкава апынаецца рослы хлапчук з кароткай стрыжкай.

— Казёл! Не трэба! Пасадзяць! Казё-о-ол! — пераразае страшную цішу перапуджаны, зусім дзіцячы голас.

Але позна. У Казловай руцэ штосьці коратка бліскае, і Раман пачынае неяк дзіўна адыходзіць убок.

Яшчэ там, у сне, я роспачна спрабую пераканаць сябе, што гэта толькі сон.

I апошняе, што бачу,— смяротна спалоханыя Раманавы вочы.

Прахопліваюся ў халодным цяжкім жаху, але тае ж хвілі мне прагнецца вярнуцца назад, у жудлівы сон, бо ў ім, прынамсі, будзе надзея, што ўсё гэта толькі сніцца, што гэтага не было...

Бясперстых

Цікава, хто прыдумаў, што лепшы сродак ад молі — сухія апельсінавыя лупінкі? Учора выцягнулі кажушкі, а ў Глафірыным молі столькі, што дзіўна, як яна гэтыя лупінкі не паела. Слёзы, вядома, і ўсё такое. Паабяцаў, не падумаўшы, новы кажушок да маразоў дастаць. А сёння вось раскайваюся. Не такая гэта простая задача, нават для Мікалая Анісімавіча Бясперстых. На тэлефоне прыйдзецца пасядзець, на паклон схадзіць.

Але ўсё адно настрой у мяне неблагі. Сёння ж пятніца, жонка пячэ пірагі.

Пірагі, мяркуючы па ўсім, будуць трох сартоў. Па-першае, з трусяцінай. Трусовае мяса сухаватае, але Глафіра ведае, колькі дадаць сальца і цыбулькі, каб атрымаўся самы цымус. Па-другое, з грыбамі. Грыбы цяпер, зразумела, ужо сушаныя, аднак выключна баравікі. Смаката!

Калі б святым, што на музейнай «Патайнай вячэры», гэткія пірагі — не сядзелі б з поснымі тварамі, а Юда мо і Хрыста прадаваць не пабег бы.

А па-трэцяе, з рыбай. Вярнуўся днямі са свайго возера на зімоўку наш рэдактар. Не ведаю, як там наконт ягонай павястушкі, а рыбы нарыхтаваў — да вясны хопіць. Грыбоў сорак літраў паставіў, пяць вёдзер журавінаў.

Зноў старая кампанія ў поўным зборы. Віктар Алімпавіч сёння будзе пра аўтагенную трэніроўку расказваць. Новае захапленне. Гаварыў, чалавек пасля гэтай самай трэніроўкі можа неверагодныя рэчы рабіць.

Павінны быць і салодкія пампушкі з макам...

Ну хіба можна папракнуць чалавека, што ён любіць смачна пад'есці? Балазе за апошнія гады ў мяне прыкметна палепшаў апетыт. Доктар кажа, што ў маім узросце гэта адзнака яшчэ доўгага жыцця.

Хвіліна ёсць пакутлівага шчасця...

Міхась Стральцоў
Васіль Максімавіч

Тае раніцы на мой угрэты сонцам падваконец выпаўзла аднекуль сонная яшчэ божая кароўка. Цікава, падумаў я, ці памятае яна лета? А можа стацца, лічыць, што толькі цяпер і з'явілася на свет і што свет з'явіўся разам з ёю, а раней не існавала ні маладога вясновага сонца, ні набрыаялых ліпучых пупышак на таполі, ні зялёнай травы — нічога; можа, яна якраз так і лічыць і будзе экыць так, нібы пасля яе ўсё зноў незваротна знікне?

Я пазіраў, як багоўка намагаецца залезці на маю далонь, і з лёгкім верадам нейкага пеакрэсленага жадання ўроскідку думаў аб сваім новым рамане, з якога пакуль не легла на паперу ніводнага слова, і аб дачцэ; падчас зімовых вакацый я ўпершыню запрасіў яе на гасціны і цяпер, упершыню за многія гады, прыгадваў яе з цеплынёй і надзеяй. Кароўка-багоўка нарэшце ўскараскалася на далонь, развёўшы крылцы, паспрабавала ўзляцець, і паводле дзіўнай асацыяцыі на памяць узбегла купалле, якое мы святкавалі ўжо без Рамана Галубовіча, і неяк па-новаму падумалася, што на дварэ вясна і на рагу вуліцы каторы дзень гандлююць чырвонымі і белымі гваздзікамі. I я зразумеў, што даўно не пераведваў Рамана.