Віктар наўпрост, цераз парк, кіраваўся да прыпынку. Падталая за дзень сцежка падшэрхла і прыемна храбусцела пад нагамі рассыпчастым снегам.
Заўтра за працу... Ён усміхнуўся ад светлага святочнага пачуцця. Больш за ўсё на свеце любіў ён па выхадных заставацца ў хатнім зацішку сам-насам з хвалюючай нерушшу ватману...
Спачатку ён праскочыў міма. Але праз некалькі крокаў малюнак, які вока проста механічна схапіла, быццам фотаапарат, праявіўся, і Віктар убачыў на пакінутай за спіной лаўцы дзяўчыну ў белым з жоўтымі паскамі футэрку, убачыў, што яна адна, што яна плача.
Ён паволі вярнуўся, падняў з долу яе выстылыя пальчаткі і прысеў поруч. Дзяўчына не зварухнулася. Яна скамянела пазірала некуды ў хвоі, дзе бэзавы сакавіцкі прыцемак гусцеў глухой фіялетавай цемрай. Па шчацэ дзяўчыны паўзла празрыстая кропля, і Віктару здалося, што зашклёная свежым лядком лужынка каля лаўкі — гэта наплаканыя слёзы. Ён паспрабаваў жартаваць, аднак дзяўчына, відаць, і не пачула ягоных слоў. Тады Віктар далікатна, але настойліва змусіў яе падняцца, памог азалелым рукам асвойтацца ў кішэнях футра і павёў дзяўчыну на прыпынак. Яна скарылася, не вымавіўшы ні слова; каб не застылая на заплаканым твары балючая адлучанасць, яна выдавала б вялікаю завадной лялькай, што ўмее хадзіць. «Хутчэй за ўсё, няшчаснае каханне»,— паблажліва падумаў Віктар.
У аўтобусе дзяўчына пачала пакрысе ажываць. Прыгожыя карыя вочы, якія дасюль абыякава і невідушча глядзелі ў нікуды, сагрэла кволая цікавасць. Нібы ачуўшыся ад цяжкага сну, дзяўчына правяла прзіркам па аўтобусе, спынілася на Віктары, і ў наступнае імгненне ён зразумеў, што ўсцешыўся перамене дарэмна: тонкія рысы нервовага твару зблажыла грымаса болю, і плечы дзяўчыны затрэсліся ад плачу.
— Ну, супакойцеся, супакойцеся...— разгублена гаварыў Віктар.
Усхліпы і сапраўды сталі радзейшыя. Гэта кранула Віктара, і ён паабяцаў сабе, што з рук на рукі здасць свой нечаканы клопат яе маме.
— Нам на наступным выходзіць,— ціха прамовіла дзяўчына.
«А мая румза на вачах робіць поспехі. Брава-бра-ва!» — Ні ў чым, пачынаючы з жыццёвых дробязяў, ён не любіў сааўтараў.
На вуліцы дзяўчына ўзяла яго пад руку, і Віктару падалося, што прыгода мае ўсе шанцы закончыцца зусім не перадачай румзы яе дарагой мамачцы. Але ў руцэ, якая моцна трымалася за ягоную, было штосьці базабароннае, і ён адпрэчыў здагадкі.
У перадвыхадны дзень вокны дамоў здаваліся больш светлымі і цёплымі, чым звычайна. За імі людзі чакалі некага, вячэралі ці глядзелі тэлевізар, і не верылася, што там можа адбывацца нешта благое. Хтосьці чакаў і яе — каб супакоіць, развесці бяду, напаіць ад прастуды гарачай гарбатай з малінавым варэннем. А ён сёння раней заваліцца спаць, каб заўтра на свежую галаву аддацца працы. У думках Віктар быў ужо на той дарозе сярод гонкіх бароў і ўзараных спадзістых пагоркаў, падобных увесну да вялізных самавітых боханаў хлеба. Там, дзе за павароткаю лес знячэўку расхінаецца, адкрываючы воку зялёныя асмужаныя разлогі, ён паставіць драўляную скульптуру Сейбіта...
Яны падымаліся ў ліфце. Дзяўчына дастала ключы, і Віктар занепакоіўся: яе рука дрыжала. У рэшце рэшт, ён зрабіў усё, што ад яго залежала. Аднак падумалася гэта неяк няўпэўнена.
— Ну вось... Да пабачэння...— Голас прагучаў нечакана лагодна, нібы ў нечым пераконваў яе.
— Не! Не! Не пакідайце мяне! — Дзяўчына сутаргава схапілася за яго; карыя вочы поўніліся страхам і маленнем.
Віктар паціснуў плячыма.
Па той бок дзвярэй ён не знайшоў ніякага тлумачэння яе страху. Утульная аднапакаёвая кватэра. Шпалеры пад цэглу. Сценка са сціплаю калекцыяй самавараў, букетам сівых круглагаловых дзьмухаўцоў і кнігамі, кнігамі... Цёмна-зялёны рад акадэмічнага выдання літаратурных помнікаў, Мантэнь, якога даўно хацелася перачытаць. Абцёртыя, цісненыя золатам пераплёты мінулага стагоддзя. Вялікае мяккае крэсла, патануўшы ў якім так добра гартаць старую кнігу, удыхаць яе непараўнаны таемны пах і чакаць кавы, што гатуе на кухні гэтая дзіўная дзяўчына.
Віктар павярнуўся на крокі. Цяпер ён мог як след разгледзець гаспадыню, і зрабіць гэта было, далібог, варта. Сапсуты нядаўнімі слязамі смуглявы твар у аздобе густых і лёгкіх папялістых валасоў усё адно заставаўся гожым — не столькі рысамі, колькі сваім унутраным святлом. Шчыгульны чорны світэр падкрэсліваў зграбнасць гнуткае постаці.
— Прабачце, кіпіць.— Яна, збянтэжаная ягоным доўгім позіркам, зноў знікла на кухні.
У яе аказалася рэдкае і прыгожае імя — Віта, і яно пасавала агульнай загадкавасці іх сустрэчы. Віта ўмела гатаваць надзвычай смачную духмяную каву, і ён папрасіў яшчэ філіжанку, з апетытам напкусваючы другі бутэрброд.