Выбрать главу

— Няма і не было.

— А можа б, я паглядзеў?

Даўно няголенаму, з тварам у чорным прудкім воласе, вартаўніку не хацелася адыходзіцца ад пячуркі.

— На ключы, глядзі. Толькі не павыпускай.

Пяць ці шэсць зняможаных, запалоханых сабачых душ тулілася ў даўгаватай халоднай адрынцы. Яны не толькі не памкнуліся ўцякаць, а яшчэ шчыльней збіліся ў кучу каля задняй сцяны. Не, мой псіна даўно б пазнаў мяне па кроку і падаў голас. Другое адрынкі я не адчыняў, пад дзвярыма свіснуў, гукнуў па імені. Цішыня, няма і тут.

— Праўду казаў, — падзякаваў я няголенаму.

— А падзяка? — мыркнуў ён.

— За што?

— За тое, што няма. А калі прыбудзе, я яго прытрымаю. Заходзь.

Доказ быў варты некалькіх рублёў.

Агледзіны інстытутаў, дзе ў даследчых мэтах прымалі валачашчых сабак, таксама не далі вынікаў.

У клопаце, амаль у жалобе, мінуў дзень, а за ім другі. Шукаць ужо не было дзе, чакаць — не ставала сілы. I я сабраўся ехаць да пагранічнікаў.

Міналася яшчэ адна бяссонная ноч. Недзе блізка поўначы каля акна пачулася хрыплае «цяў!».

Адчыняць беглі ўсёю сям’ёю. Дзік ляжаў на снезе каля ганка, быў памкнуўся ўстаць — не змог, толькі крыху пасунуўся на чэраве, падпіраючыся лапамі.

Я ўнёс яго ў дом. На шыі сабакі замест фасоністага нашыйніка з мядзянай насечкаю быў туга закручаны драцяны абруч. Другі абруч з яшчэ таўсцейшага дроту апяразваў тулава пад пярэднімі лапамі.

Да яго нельга было дакрануцца: скура на спіне і сцегняках уся ў пісагах і ўзялася гноем, сімпатычнай морды не пазнаць, распухла, адно вока зусім заплыло, другое — штохвіліны плюшчылася.

У якое пекла трапіў, што вытваралі з ім? I, галоўнае, як вызваліўся адтуль? Няйначай, недзе злавілі і мерыліся ўзяць на прывязь. Сабака не даваўся, напэўна, пусціў у ход зубы, тады яго білі, пакуль не знясілеў. Потым, не спадзяваўшыся на звычайны ланцуг, абматалі ў некалькі столак дротам.

Якія яшчэ пакуты выцерпеў небарака, мы толькі здагадваліся. Зразумела было адно, сабака не здаваўся, стаяў за сябе, таму і быў гэтак скатаваны. Але ўсё ж вырваўся, выграбся, выплішчыўся неяк са зняволення, прыпоўз у свой дом.

З дапамогай абцугоў я перакусваў смяротныя драты, сабака ўздрыгваў ад болю, не вішчаў, не меў сілы, толькі час ад часу мордаю адпіхаў руку, быццам прасіў: пакінь, не чапай, няўжо ты не адчуваеш, як мне баліць.

Не чакаючы ветэрынара, калі яго яшчэ ўдасца выклікаць, пачалі даваць рады самі, найбольш Гаспадыня і Наташа. Іна калацілася ў начной кашульцы, стоячы на парозе ў кухню, і паўтарала праз слёзы: «Ой-ой! Яму ж балюча!»

А мы пераводзілі бінты, абціраючы бруд і гной, абмывалі марганцоўкаю адкрытыя раны і прысыпалі крыху стрэптацыдам.

— Ну, Дзічок, — падахвоціў я, — патупаем на месца…

Зачуўшы знаёмую каманду «на месца», Дзік паспрабаваў падняцца, але адразу ж абсунуўся на падлогу. Давялося зноў браць на рукі і несці. Падсцілка была даўно падбіта і пераслана чыстым, я асцярожна паклаў яго, усе паселі наўкруга, хто дзе прыткнуўся, гаварыць не маглося. Да адчынення лячэбніцы заставалася амаль уся ноч, а што можам зрабіць мы болей? Чым дапамагчы?

— Дадзім яму чаго-небудзь смачнага! — дадумалася Іна і прынесла прыхаваную для школы цукерку.

Сабака ляжаў мордаю на хату і не зрабіў ніводнага руху да запрапанаванай спакусы. Не ўзяў есці, хоць каля самага носа паравала міска з улюбёнай поліўкаю. Толькі калі падсунулі грэтага малака, хлебтануў цераз сілу і заплюшчыў незапухшае вока.

Разгульваўся маразок за акном. Ноч знікала, мне было пара на цягнік. На развітанне нагнуўся над Дзікам, пагладзіў каля вушэй:

— Праўся!

Вока расплюшчылася, хвост слаба варухнуўся: «Выбачай, маўляў, нават за парог правесці не магу».

САБАКІ МАЙГО МАЛЕНСТВА

Ноч у вагоне перабывалася з дакорамі самому сабе. Дома — бяда, а ты едзеш некуды. Аднак паездкі нельга было адкладаць, усё дамоўлена загадзя, людзі чакаюць.

Сну — ані блізка! Шчымела трывога, здавалася, я перажываў ужо нешта падобнае і менавіта звязанае з сабакам. Нарэшце, успомніў — Урсон! — гэта быў мой першы гадаванец. Разам з ім прыгадаліся і ўсе іншыя сабакі майго маленства.

У бліжнім панскім двары была цэлая гайня, дзесяцера, калі не больш сабак. Праход і праезд каля двара быў наглуха перакрыты. У выпадку парушэння забароненай зоны высыпалі ўсе, лупілі з людзей порткі, даставалі за морду каня, ледзь не ўскоквалі ў драбіны. А не дай божа перацягнуць каторага пужкаю: брэх ператвараўся ў енк і гвалт.

Трымалі ж іх гаспадары, каб пільнавалі саду ад начлежнікаў, сад быў вялікі і кепска дагледжаны, аднак багаты на славутыя слуцкія бэры і антонаўкі.