Выбрать главу

Знаёмлюся з ягоным Інгусам. Не з тым, самым першым, якога ён выгадаваў з выпадкова падабранага шчанюка. Тады стаяла пагроза адкамандзіравання з пагранічнай школы: у яго не было сабакі. А што ж ты за пагранічнік без разумнага хваста?

Карацупа пасміхаецца:

— Разумны хвост — гэта наш жаргон. Я паўгода цукру не каштаваў, усё — яму. Знайшоў, сляпога, пад мостам. Рос туга, худы, нягеглы. Колькі кпін давялося перацерпець. Дзякуй начальству — паверыла, не адкамандзіравала.

Калі памочнік вырас, на рызыкоўныя, амаль неверагодныя затрыманні хадзіў з ім Мікіта Фёдаравіч. Шкада, рана загінуў, падстрэлілі пры сутычцы. Мала паслужыў і яго наступнік, новы Інгус. З морды і паставы акурат такі самы, як і той, таму і быў ахрышчаны традыцыйна.

Прысутнічае пры нашай размове на кватэры ў Карацупы чарговы службіст. Далікатна трымаецца каля гаспадаровай нагі: не відзён і не чуцён. А бразнуць дзверы ў пад’ездзе або госць ледзь-ледзь павысіць голас і — падымаецца галава, вушы насцярожваюцца.

З’явіўся ён на нашу размову адменным чынам. Мікіта Фёдаравіч пазваніў у гадавальнік, дзяжурнаму:

— Пакліч мне Інгуса.

Неўзабаве з другога боку провада даляцела прывітальнае павіскванне.

— Інгус! — загадаў Карацупа. — Бяжы зараз да мяне і вазьмі павадок. Павадок, чуеш? Але не кароткі, а доўгі. Чуеш? Годзе, годзе, дома абдымемся.

Я не мог схаваць засмучэння, і ў мяне ж быў звычай: вярнуўшыся дамоў, абдымацца з Дзікам. I хоць размова тачылася далей, Карацупа, чалавек назіральны, раптам спытаў:

— У вас непрыемнасці? — Выслухаў маю бяду і дадаў: — Разумею, разумею. Я пазнаў у вас сабачніка.

Памаўчалі.

— Так, хлопец вам трапіўся з галавою. Нечым нагадвае майго першага Інгуса. Магу вам даць аднаго сабачку, добры. Праўда, зласнаваты крыху. Пойдзем, паглядзіце.

Я вяртаўся ў гасцініцу зачараваны: такі просты, абыходлівы. А ў яго на рахунку было тады больш за паўтысячы затрыманняў, кожнае з рызыкай для жыцця. У лясных нетрах, на горных схілах, у хвалях быстрых і халодных рэк даганяў, абяззбройваў лазутчыкаў.

З часам гэтаму, сапраўды заслужанаму чалавеку змянілі пагоны на генеральскія, ён стаў Героем Савецкага Саюза.

Тады ж у Гродне ён сказаў, развітваючыся:

— Падумайце, як быць. I я падумаю, можа, яшчэ што набяжыць…

Спакуса атрымаць выхаванца самога Карацупы была вялікая. Дый пёс у гадавальніку спадабаўся: чорны са спіны, рудыя падпаліны на грудзях і не лапы, а лапішчы, тоўстыя, спружыністыя. А ў вачах чыталася: перад табою непадкупная сабачая душа.

А як жа хатні? Ён жа свой, можна сказаць, сямейнік, ласкавы і ў той самы час гатовы рынуцца, не даць цябе ў крыўду.

Праўду казаў Карацупа: ёсць пра што падумаць. Не, гэта нікуды не варта! Як можна думаць пра нейкую замену!

Ранішнія перамовы з Мінскам адагналі ўсе сумняванні. Я пазваніў Карацупу: хворы павесялеў, пад’еў гарачага, спрабуе хадзіць, нават просіцца на двор.

— I дзякуй богу! — пачулася з тэлефоннай трубкі. — А той, што я нагледзеў вам, — у-у, сур’ёзны пёс! Трэніраваны на аднаго гаспадара, ніхто іншы не падыходзь. Калі б я вам перадаў ягоны павадок, значыць, права на загад, ён бы рваў мяне. Дарма, што я карміў, лашчыў, навучаў… Загад ёсць загад.

СВАРКА З РУДЫМ САБАЧКАМ

Мы з Дзікам ішлі па вуліцы і спявалі. Да гэтага хіліў падтуманены маёвы ранак, неабуджаная цішыня ў горадзе.

Дакладней кажучы, спяваў адзін я, Дзік ступаў поруч, задзіраў галаву і… усміхаўся. Праўда, праўда, усміхаўся! Падціскаў ніжнюю губу і крыху падымаў верхнюю: выскальваліся два рады іклаў, але не папярэджвальна і пагрозліва, а вельмі прыязна, акурат — усмешка.

Зараз гэтае пасміханне выяўляла высокую ступень задаволенасці самою праходкай, вясновай раніцай: цёпла, сонечна, чаму ж бы не заспяваць і сабаку!

За плоцікамі дамовых агародж ускраіны сінеў пахучы бэз, стаялі, як пад вянец убраныя, ігрушкі і слівы. Хораша ўсім!

Апрача ўсяго іншага, у Дзікавым запабяганні і падлешчванні чулася просьба: «Можа, я пабягу наперад? Дазволіш, а?»

Сабака ўвесь час прыбаўляў кроку і падскокваў, мерачыся зазірнуць у вочы. Я рабіў выгляд, нібыта не заўважаю гэтых хітрыкаў. На вуліцы Дзік мусіў хадзіць пры назе, каб не нагнаць страху каму сустрэчнаму. Перасцярога амаль залішняя: ён быў не здольны зрабіць нічога некарэктнага. На жаль, гэтага не ведалі пешаходы: палохаліся, кідаліся ўбок, а жанчыны падымалі крык.

Чаму ён прасіўся, было таксама зразумела. Парк, куды мы кіраваліся, абяцаў многа рознай уцехі: бегай — колькі ўлезе, скачы — куды хочаш, качайся па траве.