Выбрать главу

Выйшаўшы на бакавую алею, я даў дазвол:

— Добра, паганяй!

Сабака цяўкнуў, лізнуў мне шчаку і знік.

Калі казаць праўду, Дзік умеў спяваць і, сцвярджалі суседзі, не так і блага, можа, на саліста і не выцягваў, але подгалас даваў прыстойны.

Здаралася, усе дарослыя з нашай кватэры сыходзілі па справах ці ў госці або ў тэатр. За вартаўнікоў заставаліся Іна і Дзік.

Скончыўшы рыхтаваць хатнія заданні, дзяўчынка спакоўвала ў партфель патрэбныя на заўтра сшыткі і падручнікі. Заняткаў іншых не знаходзілася, кніжак новых не было, рабілася нудна. Апрача таго, сабака-то сабака, а ўсё роўна страшнавата перабываць адной цэлы асенні вечар, а час жа валачэцца надзвычай марудна. Праб’е хіба гадзіннік на сцяне, ды чакай таго бою зноў паўгадзіны. А ў цябе за худымі плечкамі ўсяго нейкіх дзесяць гадоў.

I дзяўчынка бралася спяваць усё, што ўспамінала. Украінскія, чутыя ад бабкі спевы, беларускія — народныя і партызанскія, нават рамансы, падхопленыя з рэпрадуктара.

Сабака сядаў насупраць канапкі, куды яна ўмошчвалася з нагамі, і пачынаў дапамагаць. Падвываў спярша паціху дый забіраў на поўны голас, мудрэй за спявачку.

Жыхары суседняй кватэры і нават бліжэйшага дома ведалі, што гэта за нагода: пяюць, значыць, у хаце дарослых няма. Нам самім доўга слухаць дуэт не ўдавалася. Сабака адразу ж пазнаваў крокі на ганку. Якія там спевы — вярнуліся! I кідаўся сустракаць, намагаўся зняць дзверы з кручка, цягнуў паліто з рукавоў.

Парк, у маладым, не густым яшчэ лісці, праглядваўся наскрозь. Я ішоў нібыта праз заслону тугога прахалоднага паветра ад рэчкі, куды падала неба, злівалася з празрыстай парай над нягучнымі хвалямі. У вершалінах дрэваў свяціўся кволы блакіт, востра патыхала сырою карой, слаўся водар зямлі і паадрослай за ноч травы.

Клікаць свайго спадарожніка не хацелася, навошта, — ён недзе недалёка, асочыць мяне сам. Каб і хацеў, не ўцячэш.

Пясчаная сцяжына падняла мяне на пагорак. З правай рукі, дзе да вайны стаяў дом Якуба Коласа, зарастала крапівою і палыном выгаралая сядзіба. Лявей тулілася некалькі драўляных дамочкаў, добры клопат і ўтулак так і павяваў ад іхніх белых аканіц, чысценькіх ганачкаў і аплеценых хмелем агародчыкаў.

Каля аднаго з такіх дамочкаў, умасціўшыся на вышараваных да васковага бляску маснічынах ганку, ляжаў сабачка, зусім малы, на якіх пагардліва кажуць — псючок. Таксама чысценькі, мыты няйначай як увечары, ён быў пад колер падлозе і лаўкам ганку. Таму я адразу і не заўважыў яго. Не ўстрывожыла і псючка маё з’яўленне, ён пазяхнуў, паказаўшы ружовы язычок, і ўтуліў галаву ў лапкі.

Як на тое, сюды прыскочыў задыханы Дзік. Ён, відаць, ужо дасхочу налётаўся, нахлябтаўся вады з рэчкі — морда і лапы былі добра мокрыя — і прыбег далажыцца: я тут. Сабака клаўся доле, усхватваўся, зноў клаўся, словам, выказваў самую непадробную радасць з нагоды нашай сустрэчы.

Але тут разлёгся востры, пранізлівы брэх. Рудзенькі псючок стаў на крывыя лапкі, распрастаў грудзіну, гатовы легчы касцямі, а не пусціць небяспеку да свайго дома і сваіх гаспадароў. Напэўна, палічыў нашу прысутнасць за грабежніцкае ўварванне на падапечную яму прастору з нядобрымі мэтамі. Ды, мусіць, і Дзік здаўся яму нейкім страшыдлам, а быў ён сапраўды прыстойнага росту, многа вышэй, як у калена.

Хоць мы і не выказвалі ніякіх агрэсіўных намераў, пільны вартаўнік брахаў і брахаў. I, па ўсім відаць, брыдка лаяўся на нас па-сабачы.

Дзік відавочна разумеў гэтае абзыванне, ён натапырыў поўсць на хібе і няголасна гыркнуў праз сашчэпленыя пашчэнкі адменных белых зубоў.

Каб не паджыўляць наспяваўшага канфлікту, я крыху адышоўся. Дзік забег наперад і стаў наўпоперак дарогі ў запытальнай паставе: «Ну, што, так і пойдзем?»

Стала зразумела: зрабі я любы крок, скажы хоць якое слова, і з рудзенькага паляціць у паветра чыста вымытая і вычасаная шэрстка, а на жаласнае вішчанне абавязкова выбегуць гаспадары.

Таму я цвёрда забараніў:

— I не думай! — I пачаў сарамаціць: — Па-першае, ён малы, а значыць, яшчэ дурань, па-другое: калі ён звычайны звяга, усё роўна тут яго права, ён на сваёй тэрыторыі. А што зрабіў бы ты, каб па нашым панадворку швэндаўся незнаёмы з сабакам?

Я сеў на лаўку непадалёку і заняўся купленай па дарозе газетай. Туды ж прысунуўся, як не сваімі нагамі, Дзік. Лёг, уткнуўшыся носам у чаравік, і ўздыхнуў.

Звычайна ён уздыхаў над міскай гарачай поліўкі — марудна астывае, ліха на яе! Цяжэйшыя ўздыхі пачыналіся пасля вымовы за чарговую правінку, скажам, за разлупленую панчоху лістаношы, не па злосці, праўда, яна прыносіла пах газетнай фарбы, якога сабака страшэнна не любіў. Уздыхалася яму і ад смутку: хацелася пабегчы за кім-небудзь з нас у магазін, а тут не ўзялі. А як возьмеш, калі там ён кладзецца на парог і спыняе гандаль, не пускае пакупнікоў.