Выбрать главу

Як ні пільнаваліся мы шчыльней зачыняцца, зацягваць марляю і сеткаю вокны, нічога не дапамагала. Звечара самым старанным чынам аглядалі ўсе куткі і выганялі, нават выкурвалі дымам бярозавай губы ўсіх, хто меўся застацца з намі начаваць, здавалася б, дачыста. А толькі пагасіш святло і ледзь-ледзь змружыш вочы, над вухам звон — камар! Паспрабуй згледзь ды злаві яго! Як быццам дасі сяк-так рады, а ўжо ў суседнім пакоі нехта абудзіўся і ляпае далоньмі, каб залавіць парушальніка спакою.

Ішла трывалая, хоць і неабвешчаная ў друку вайна. I ў ёй актыўна ўдзельнічаў наш сабака.

Асабліва надакучалі мухі. Іх даводзілася выганяць па некалькі разоў на дзень. Цэлымі раямі ляцелі яны з бліжэйшых памыйніц і сметнікаў і трымаліся вельмі нахабна, поўзалі па сценах і па сталах, замахваліся сесці на хлеб ці ўваліцца ў талерку.

Дзік даволі ўдала абараняўся лапамі: адгрэбаўся ад мурашак і душыў на мордзе камароў. А вось мух гідзіўся страшэнна, асабліва гудух, тоўстых, чорных з зеленаватымі галоўкамі. Варта было такому стварэнню, абварыўшыся ў пары, упасці ў ягоную міску з гарачай поліўкай, як сабака адыходзіўся і не паддаваўся на ніякія ўгаворы: хоць бы пакаштаваць ежы, хоць муха была даўно выкінута.

— Дзік! — злавалася ў такіх выпадках Гаспадыня. — Ідзі сюды. Глянь на Хаму.

Кот ужо вымываў языком свой сподачак, не зважаючы, што збоку ляжыць муха.

— А чаго ты перабіраеш? Што ты з панскага заводу, ці што?

На вачах у сабакі страву вылівалі вон, вымывалі посуд і налівалі свежую, толькі што з пліты. Толькі тады ён падыходзіў бліжэй, усё разглядаўся і прынюхваўся, зрэшты рабіў ласку хлебтануць, і то, каб не ўкрыўдзіць Гаспадыню.

Аднойчы раніцою ўсе пасыходзілі з дому. Засталіся толькі Дзік і я. Мне трэба было скончыць тэрміновую работу, а сабака выконваў абавязкі вартаўніка дома.

Амаль адразу, як я сеў за стол, з’явіліся няпрошаныя госці: якім чынам яны злаўчыліся трапіць у мой пакой і што ім тут падабалася? Каб хто ведаў! Да столі слупом стаяў сіні папяросны дым, невялічкая фортка не ўпраўлялася выцягваць яго. I чалавеку не ўтрываць, але ў тыя мае гады здароўя было не пазычаць, а госці — усяго толькі слабыя стварэнні з кволымі лапкамі і крыльцамі.

Першы з’явіўся чмель. Я выпасажыў яго параўнаўча лёгка. Не дужа паваротлівы ў сваім аксамітным паўкажушку чмель пагуў, зрабіўшы некалькі кругоў каля сцен, і запоўз у куток рамы. Там я і накрыў яго ручніком. Чмялёў голас змяніўся: замест пагражальнага барытона бзынкаў тоненькі і жаласны фальцэт. Аднак вытрасены з ручніка на вуліцу ён бадзёра паляцеў, адвітаўшыся са мною зноў жа барытонам.

Дзік наглядаў за гэтай валаводай і ўсім сваім зніякавелым выглядам нібыта прасіў прабачэння: «I рад бы, але не магу дапамагчы».

Тым часам у пакоі аказалася пчала, многа спрытнейшая. Упраўляцца з ёю давялося тым самым манерам, пры дапамозе ручніка, але значна даўжэй.

Нарэшце можна было сядаць за работу. Тут клопату задала муха. Яна трымалася не менш ваяўніча, чым абрыдзелы за вайну нямецкі самалёт «месершміт». Лётала з кута ў кут, ад сцяны да сцяны і нахабна, густа гула, галоўнае, не рабіла спробы дзе-небудзь прысесці.

Я ўжо быў гатовы пагадзіцца: гудзі, ліха з табою, буду працаваць. Але муха перайшла да дзеянняў, іначай як агрэсіўныя іх не назавеш: снавала сюд-туд над галавою і цэліла сесці акурат на нос.

Мы з Дзікам парасчынялі ўсе вокны і дзверы, я зноў узброіўся ручніком. Адзін захад наўздагон за няўлоўнай надаядай, другі, і ў пакоі як быццам не засталося нікога, апрача сабакі: ён не адступаўся і часта дыхаў, выставіўшы язык.

Мы напіліся вады, крыху адпачылі, але не паспеў я ўзяцца за аловак, як над вухам пачулася агорклае «бз-з-зз!».

Усё пачалося спачатку. Ратуючыся ад ручніка, муха ўмела хавалася, зашывалася за шафу, у цёмны куток і некаторы час сядзела ціха. А як толькі канчалася аблава, зноў звінела над галавою.

Час ішоў, а раніца — самы лепшы час для работы — была зглумлена. Агледжаны ўсе магчымыя спраты, вымаханы ручніком пакоі і тэраса, і я ўзяўся за работу.

Можа, адчапілася хітрая назола, а як — не, перацярплю.

Муха нібы таго і чакала: вылецела аднекуль і на гэты раз змяніла тактыку, пачала кружыцца вакол стала нізка, на ўзроўні крэсла. Але тут шчоўкнула сабачая пашча і стала ціха.

— Дзік! Дзякуй табе, дарагі мой!

Сабака пераступаў з лапы на лапу, вельмі грэбліва крывячы морду. Нарэшце расшчапіў зубы і выплюнуў чорную муху-гудуху, яшчэ жывую. Яна страпянула крыльцамі і папаўзла па падлозе.