Выбрать главу

Такім чынам, былі ўсе падставы, не саромеючыся, пераказваць Маратаву легенду нават перад заўзятымі паляўнічымі, уласнікамі бясспрэчна чыстакроўных легашоў, пойнтэраў, сетэраў і ганчакоў.

БЛАКІТНЫЯ ВОЧЫ I АДЗНАКІ РОЗУМУ

Першы дзень, калі шчанюк застаўся ў хаце, мы не маглі нацешыцца з свайго раптоўнага прыдабытку. Церабілі вушкі, гладзілі, падымалі на рукі, падносячы да акна.

Шчанюк ведаў, што значыць «цю-цю-цю», і спяшаўся на покліч. Гэта было смешна, ён усё яшчэ не мог добра астояцца на падлозе, відаць, нарадзіўся на панадворку, у засланай саломай будцы або ў сенцах, на гліняным, прыкрытым рызманамі таку.

Напіўшыся цёплага малака, малы аблізаўся і падняў мызачку ўгару.

— Ды ў яго ж блакітныя вочы! — здзіўлена выгукнула Гаспадыня. — I, здаецца, зусім без зрэнак. А ў сабак хіба бываюць блакітныя?

На гэта толкам ніхто не мог адказаць. Успомнілі і перабралі вядомых нам дваровых сабак: якія ў іх вочы? Найчасцей здаралася сустракаць карыя з рудзінкай або зеленавацінкай. А блакітных як быццам не траплялася. Давялося пагадзіцца, што такі колер маюць вочы выключна ў шчанюкоў, а з часам робяцца інакшыя.

Падсцілкі ў кутку за шафай навасёл не залюбіў і за пасцелю не прызнаў. Трошкі паляжаў і споўз, наколькі дазвалялі неслухмяныя лапы, пачаў гарнуцца да людзей. Відаць, помніў, як было цёпла пры баку ў маці, і шукаў яе: тыкаўся носам кожнаму ў ногі і не сказаць каб вішчаў, а папіскваў.

Яшчэ горш стала, калі скончыўся даўгаваты дзень і ўсе сталі збірацца на сон. Шчанюк ніяк не хацеў заставацца на самоце, хоць яму не пашкадавалі паслаць стары курцік з пушыстым каўнярком, ён тэпаў да ложкаў і ўсё гэтак жа падаваў слабы голас. Пасля, як мог, хапаўся за бераг коўдры і на ўсю сысункоўскую сілу цягнуў яе ўніз, на сябе. Малога лашчылі, заносілі на месца, але ён ляжаў спакойна, толькі пакуль сядзеў пры ім чалавек. Варта было адысціся, як усё паўтаралася спачатку. Не спала ўся кватэра. Нарэшце Гаспадыня не вытрывала, ужалілася і ўзяла шчанюка да сябе. Сабачка патаптаўся ў нагах, дзе было раўней, не ўпадабаў — халаднавата! — і пакрысе падабраўся пад саменькі твар. Тут, каля цёплай шыі, скруціўся ў абаранак, разявіў пысу, падціснуўшы ружовы язычок, пазяхнуў і адразу заплюшчыў вочы. Праз сон павіскваў, уздрыгваючы ўсім цельцам, і спаў нядоўга.

Насценны гадзіннік пачаў адбіваць поўнач. Шчанюк сеў і ўважліва слухаў, нібы спакмячаў: а гэта што яшчэ за ліха? Сярод безлічы гукаў і мноства ўражанняў на новым месцы бой гадзінніка не ўстурбаваў яго ўдзень. Цяпер гэта было залішне гучна і задоўга на чуткія шчанюкоўскія вушы. Калі бой скончыўся, сабачку расхацелася спаць, ён заскуголіў і пачаў шукаць спосабу дастацца на падлогу: звешваў з канапы галаву, аж пакуль не страціў раўнавагі і не кульнуўся на падаконнік.

— Э, братачка, — сказала, падняўшыся, Гаспадыня, — ты, здаецца, маеш розум. — I вынесла малога на двор.

ВЫБАР ІМЕНІ

Неспакой першай ночы пад новым дахам паўтараўся, пакуль сабачка не асвойтаўся канчаткова. Прывык да свайго закутка і спаў там без лішніх турбацый, толькі падаваў голас, калі прасіўся на панадворак. Ласкавы, ахайны і кемлівы, ён прыпаў даспадобы ўсім, але ніхто з нас не мог адважыцца назваць малога. Паляпшаць і спрашчаць узаемаразуменне з ім можна было толькі выбраўшы гадаванцу імя, трапнае і лёгкае, каб ён запомніў, аглядаўся на вокліч, бег, выконваў даручэнне. Звароты накшталт цюлік, сабачка, цюцька, цю-цю-цю вычарпалі сябе і не прыдаваліся да ўжытку.

— Як жа яго ахрысціць? — разважалі мы штодня, найчасцей за снеданнем.

— Праўду казаў Марат, — сказала аднойчы Гаспадыня, — гэта будзе вялікі сабака. I разумны. Сёння ён бегаў са мною па ваду на калонку. Падышла суседка з вёдрамі, дык ён наставіў поўсць і, што вы думаеце, — забрахаў.

— Выходзіць, імя трэба даваць з разлікам, відаць жа, ён яшчэ паразумнее.

— Ад зямлі не відзён, а сваіх бароніць, — усцешылася Гаспадыніна сястра Наташа.

— Хай тады завецца Абаронца, — услед за маці падхапіла Іна, самая малодшая жыхарка кватэры.

На гэтым, аднак, не спыніліся, лепш пачакаць: імёны, як і мянушкі, звычайна знаходзяцца самі, адразу прыстаюць да сваіх будучых носьбітаў, выяўляючы якую-небудзь характэрную рысу іх выгляду ці характару. Сапраўды, імя знайшлося само. Спачатку адно, а пасля і другое, канчаткова.

ЯК БРЭХ СТАЎ ДЗІКАМ