Выбрать главу

Узгаралася даволі гарачая спрэчка, чалавек у макінтошы быў не надта памяркоўны і дазволіў сабе празрысты, але выразны намёк, што, выказваючы такія погляды, недалёка дайсці і да фігур на плошчах.

— На плошчах і мая работа ёсць, — ускіпеў мастак, — так што! Чаго вы стаіце?.. Ідзіце, далажыце дзе належыць!

Чалавек у макінтошы палічыў за лепшае пайсці. Я і вінаватая ва ўсёй гэтай уструшні сабачая душа моўчкі слухалі. Праўда, Дзік быў гатовы не даць мяне ў крыўду, як і заўсёды ў хвіліны гарачых гаворак.

— Ну, твой сабака — рашуча — маладзец! — Мастак пачаў астываць пакрысе. — Ён не дрэсіраваны? Аддай яго ў школу, няхай памуштруюць. А не прымуць у сабачую, можна ў мастацкую, — у яго ёсць густ дый, мусіць, і розум. Глядзіш, выб’ецца, пачне пісаць рэцэнзіі на выстаўкі.

Задаволены сваёй дасціпнасцю, мастак запрасіў у майстэрню паглядзець новую работу.

— Заходзь, толькі без яго, — палец упёрся ў Дзіка. — I мяне ж ахоўвае адзін такі маладзец. Дык каб не ўзнікла канфрантацыі, а чаго добрага, і крыві…

Як ні дэманстравалі мы ўсё, што мог прарабляць Дзік, у навуку яго не ўзялі. Сабачая прафесура не прызнала чыстай пароду. А так сказалі: «Самавук здольны».

Гэтым былі задаволены ўсе: Дзік, праўда, не здагадваўся, якая яму рыхтавалася доля, а хатнія, у тым ліку і я, радаваліся, — з другам расставацца не трэба.

Сабака сапраўды быў здольны, хоць і адольваў навучанне саматугам. За нейкі тыдзень ён асвойтаўся з усімі адценнямі каманды «Сэм». Трэба было толькі выставіць палец на рэч, якую належала падаць, ці паказаць, куды трэба ўскочыць, і вымавіць запаветнае слоўка. Браў якія хочаш бар’еры, пераскокваў цераз падняты да твару кіёк, сядаў на крэслы і канапы, нават злаўчыўся ўмайстроўвацца на падаконні, не трушчачы шыбы.

Невялічкая затрымка выйшла аднаго разу. Каля чыгункі знайшоўся парканчык, высакаваты, чалавеку па бараду.

Высока, нічога не скажаш! I сабака рабіў усё новыя і новыя спробы апынуцца наверсе. Разганяўся, даставаў лапамі апошняе бервяно, вось-вось, здаецца, утрымаецца, але — не хапала сілы — абсоўваўся ўніз. Тады ён клаўся, спачываў хвілінку і зноў разганяўся, ляцеў, гаўкаючы, нібыта хацеў застрашыць непадатлівую перашкоду.

Падчас чарговага штурму паркана я хацеў дапамагчы, паспрабаваў падперці сабаку заднія лапы, — яму ніяк не ўдавалася зачапіцца кіпцямі за бярвенца. Дзік пакрыўдзіўся і адышоў.

— «Сэм!» — знарок голасна выгукнуў я. — I табе не брыдка?

Адкуль тая сіла ўзялася! Сабака рынуўся кумільгом, скочыў, але зноў павіс з боку парканчыка, на гэты раз, аднак, прыняў дапамогу, успёрся на падстаўленую руку і праз момант асядлаў перашкоду. Зверху на мяне пазіралі сапраўды разумныя вочы.

Пэўна, меў рацыю той мастак, успамянуўшы пра сабачы густ і розум.

Да слова трэба сказаць: недарэчныя постаці падлеткаў і брыдотны посуд, з якіх Дзік пачынаў сваё трукацтва, праз некалькі гадоў знялі. Праўда, і лепшых не паставілі.

На запрашэнне мастака ў майстэрню давялося адгукнуцца. Пайшоў. На стук у дзверы абазваўся густы брэх: «Баў! Баў!»

— Ну і бас жа ў твайго цюцькі! — пахваліў я, распранаючыся.

— Ты ўгадаў, — мастак паціснуў мне руку, — па голасе яму імя і дадзена — Бас.

Тым часам сабака з усіх бакоў аглядаў і абнюхваў мяне, калі мы паселі, пашворыўся ў кутку і прынёс сухую, даўно абсмоктаную костачку. Паклаў перада мною і стаяў, нібыта пытаючы: чаму ты не бярэшся за такі гасцінец? Калі ласка!

Мастак спляснуў рукамі:

— Ведаеш, такога яшчэ не здаралася. Каб ад першай сустрэчы так даць веры. Нават не пашкадаваў самага ўлюбёнага. Значыць, вельмі ўпадабаў. I мне дае зразумець: з гэтым чалавекам можна не асцерагацца…

Мастак пачаў паказваць новыя работы, мы гаварылі пра навіны. I раптоўна высветлілі прычыну Басавай гасціннасці: упускаючы мяне ў майстэрню, ён унюхаў: прыйшлі з дому, дзе жыве сабака.

— Цікава, а што зрабіў бы твой Дзік, каб я зайшоў? — задумаўся мастак. — Зрэшты, мы можам зайсці з ім. Хочаш, Бас? Толькі дай слова не грызціся.

ДЗІК-ВАРТАЎНІК.

ЗНАЁМСТВА З ПЕТРЫКАМ

— Дзік, паглядзі ў акно!

Сабака ахвотна прымаў даручэнне, бег да крайняга ад дзвярэй акна, адкуль быў відзён ганак, і клаў лапы на падаконне: а што ж там робіцца на дварэ? Калі ўсё было ціха, ніхто не стукаўся да нас, не хадзілі незнаёмыя, гракі не збіралі чарвей каля плота, сабака адварочваў морду да таго, хто падаваў голас: «Чаго трывожыцца, маўляў, ніякіх падстаў клікаць мяне на дапамогу няма, тым больш перабіваць сон. Калі шýрхне што, я пачую раней».

Так яно заўсёды і бывала. Дзік імгненна абуджаўся нават ад шолаху, без загаду бег да акна, і не дай божа, калі прыкмячаў чужога ці, яшчэ горай, сабаку. Ён з размаху расчыняў дзверы грудзьмі, разводзячы лапамі паслухмяныя палавінкі. А ў сенечках падымаў брэх, адсунуць зашчапку самому не ўдавалася.