Петрык не маргнуў і адказаў:
— Бі-бі, я — пеўнік, бі-бі, я кукірэкаць магу.
ДЗІКАВА ПАМЯЦЬ
Дружба з Петрыкам, на жаль, не паляпшала адносін з ягоным бацькам. Інжынер Мільчанка не цураўся нашага двара. Прыходзіў рабіць фізкультурную размінку, часамі загаворваў з суседзямі. Дзік не мог пагадзіцца з гэтымі наведваннямі ці не запомніў даўні штуршок у бок за закопаны сыр, брахаў, быў гатовы да больш сур’ёзных дзеянняў, даводзілася адклікаць яго і замыкаць у доме. Там, аднак, ён не супакойваўся: без каманды ўскладаў лапы на падаконне і сачыў, калі гэта непажаданая асоба пакіне назаляць вачам.
Калі ў гэты час каму-небудзь здаралася папытаць: «Ну, хто там? Мільчанка?», як чулася зласнаватае «гаў» два, а то і тры разы.
Наогул гэта прозвішча лепш было не вымаўляць, — сабака абзываўся ўзбрэхваннем і бег да акна аглядаць панадворак.
Гэта быў другі пасля «дужання» з магутным нашым госцем выпадак, які хваляваў Дзіка.
У кутку нашага двара стаяў складзік, дзе перахоўваліся торф і вугаль. Поблізу тулілася збітая з аполкаў будачка пад занадта гучнай для свайго непагляднага выгляду назвай — туалет.
Як разгортваліся далейшыя падзеі, бачыў на свае вочы добры Дзікаў прыяцель Лявон, ён якраз ішоў у школу.
Зрабіўшы гімнастыку, Мільчанка схаваўся ў будачцы, сабака стаў каля дзвярэй, а потым лёг проста на снег.
Чакаць яму давялося нядоўга, — паднавагодні мароз перабіраўся за дваццатую рыску ніжэй нуля. Мільчанка прачыніў дзверцы ў будачцы, сабака загарадзіў дарогу і паказаў іклы. Давялося ляпнуць і зачыняцца. Чалавек з-за дзвярэй пачаў лаяць сабаку, тупаў нагамі і высоўваў руку з папружкай. Гэта было не ў страх, — Дзік гыркаў і не рушыўся з месца. Хочаш не хочаш, чакай выручкі.
Лявон пабачыў, справа паварочваецца не ў лепшым кірунку. Зняць варту каля дзвярэй будачкі самому не ўдалося, Дзік не паслухаў. Хлопец пастукаў нам:
— Дзік хутка чалавека замарозіць.
Гэта было недалёка ад праўды: Мільчанка выскачыў рабіць зарадку ў маечцы і пінжаку наапашкі. За гэты час, відаць, добра-такі змёрз, бо крычаў на ўвесь двор.
Перапрасіўшы ўгневанага суседа, я ўзяўся прабіраць сабаку:
— Што ж ты нарабіў? Хто вінаваты, а каго лаюць. Думаеш, мне прыемна слухаць?
Дзік ляжаў на падлозе, але не ўздыхаў і не плюшчыў вачэй, як рабіў пад час ушчування за напалоханых курэй ці здратаваную граду ў агародзе. Не выключана, што ён лавіў у голасе ўшчувальніка ўсмешку з усяе гэтай прыгоды.
Тон вымовы давялося замяніць на больш крыўдны:
— I навошта нам такі сабака, што людзей трымае на марозе? Не трэба нам такога сабакі. Аддамо яго цыгану.
Учуўшы апошняе слова, сабака ўстаў і паклаў галаву Гаспадыні на калені: «Скажы хоць ты яму, — Дзік выглядаў вельмі няшчасным і нібыта прасіў: — Ну, чаму ён гаворыць абышто?»
Я зразумеў гэту бязгучную просьбу і тым не менш працягваў. Не для сабакі, а больш для прысутных дзяцей — Іны і Лявона:
— Забяру ў цыгана жарабя. Хай тут пасвіцца, будзе ржаць хорашанька. I не будзе гаўкаць без толку.
Тут усе заўсміхаліся, толькі Дзік не падбадзёрыўся. У мой бок не глядзеў. Ад Гаспадыні не адыходзіў, нібыта ўсё звяртаўся з той самай нямою просьбай: «Няўжо вы ўсе нічога не разумееце? Я ні ў чым не вінаваты, за што на мяне сварацца? На добры лад, таму нахабніку трэба было і калошы пашматаць».
Потым мы здаўмеліся, чаму сабака засмуціўся: у сваім ушчуванні я ўжыў адно слова. Вельмі непрыемнае яму.
ДЗІК I ЦЫГАНСКАЕ ЖАРАБЯ
Гэта была чыстая праўда: аднойчы над сабакам навісла пагроза быць аддадзеным за жарабя.
Нагуляўшыся за горадам, мы прыселі на беразе рэчкі. Дзік прарабляў улюбёныя нумары: даставаў з вады пакалкі, ускокваў на штабель прасмоленых шпалаў, па просьбе прыносіў бліжэй адстаўленыя знарок чаравікі.
За гэтым з цікавасцю наглядаў асмуглы чалавек з чорнаю кучараваю галавою. Ён пасвіў на лугавіне буланую кабылу, поруч выбрыкваў, задзіраючы ножкі, стрыгунок. Жарабятка было спаснае, чырвонай масці, хвост і грыўка — чорныя, а на лабэціне свяціла белая плямка, зорачка. Надакучыўшы бягою, ён спыніўся і выставіў да нас мызачку, варушачы замыленымі губамі, як робяць жарабяты, просячы дазволу на знаёмства ў старэйшых коней.
Я папрасіў у гаспадара дазволу пагладзіць малое.
— Гладзь колькі ўлезе. А хочаш, можна і назусім аддаць.
— Як гэта? — я не мог схаваць здзіўлення.
— А так: я табе гэтага каня, а ты мне — сабаку.
— Жарабя-то добрае, дзякуй. Але ў нас з ім, — я паказаў на сабаку, — старая дружба.