Выбрать главу

— Вы ж не дрэсіравалі Дзіка гаўкаць на прозвішча Мільчанкі? — разважліва запытаў Лявон.

— Ну, хлопчыкі, усё гэта вы ведаеце не горш за мяне. Мы ніколі не звучалі яго рабіць па камандзе.

Сапраўды Дзік даходзіў усяго сваім сабачым розумам, нейкім верхнім нюхам. I даставаць розныя рэчы з вады, і скакаць на пастаменты. Ведаў імя кожнага сямейніка, прыбягаў клікаць любога з нас на абед ці вячэру, — з суседняга пакою ці з агарода.

Толькі славутыя ўскокі на пастаменты пасля слова «Сэм!» былі больш-менш падобны да каманды. А як і калі сабака стаў выконваць даручэнне «Паглядзі ў акно!» — мы пачалі ўспамінаць разам у вечар здарэння з асадаю інжынера.

Гэта навука здабылася не адразу.

З крайняга ад дзвярэй акна быў відзён ганак і хто стаіць на ім. Пакідаючы нашу дзяўчынку адну дома, заўсёды наказвалі: «Адразу дзвярэй нікому не адчыняй, перш паглядзі ў акно». Так яна і рабіла: глядзела сама, глядзеў, таварышуючы ёй, Дзік.

Напамянём, час тады быў неспакойны, не спрыяў таму, каб пускаць у дом незнаёмых. Таму і дарослыя, будучы ў поўным складзе дома, папярэджвалі адзін аднаго, пачуўшы стук у дзверы: «Зірні спачатку ў акно!»

I яшчэ. Мы любілі свой малады садок і агародчык. Як толькі заліліся першым цветам вішанькі, бясконца любаваліся імі. Клікалі і ўсіх гасцей да акна, каб не мінула каго выпадкам доля вясновага хараства: «Зірні, зірні». Паміж людзьмі, што пазіралі праз шыбы, уссоўвалася на падаконне і цікаўная сабачая морда.

— I ты любіш цвет? — пытаўся хто-небудзь. — Глядзі, глядзі, вясны на ўсіх хопіць.

Такім чынам сабака запамінаў, што за акном робіцца многа цікавага. Узімку злёталіся чародамі гракі і вароны, шукалі спажывы пад снегам, вясною бегалі па разорах шпакі. Добрыя памочнікі чалавеку, яны дзяўблі вусняў і розных жучкоў, не так лёгка было накарміць ненаеднае патомства пад дахамі шпаковень у кожным садку.

Таму збіралася іх мноства, а Дзік любіў парадак і выганяў лішніх з сядзібы, каб вачам не заміналі. Ён не падзяляў крыважэрных мэтаў ката Хамы.

ДЗІК I КОТ ХАМА

Звычайна кот умошчваўся ў адчыненай фортцы дубэльтаў, так хораша гавораць сталяры на падвойныя рамы, сачыў, як чубяцца і сварацца на вішняку вераб’і, і ляскаў зубамі. Ад прагнасці, хутчэй ад звычкі сваіх продкаў — паляваць, лавіць жывое, у яго падрыгвала ніжняя сківіца.

Пераканаўшыся, што з форткі свежае дзічыны не здабудзеш, кот вылез на дах. Неасцярожны верабейка падскакаў заблізка да мызы драпежніка, Хама скочыў і не адзержаўся на слізкіх гонтах. Зляцеў далоў, а на лапы добра не стаў, не паспелі спружыніць, што звычайна ратуе катоў пры паданні, і таму пабіў нос, а таксама губы каля вусаў.

Дзік уважліва аблізаў яго, як і тады, калі ратаваў абсмаленага ў печы, і прынёс, узяўшы за каршэнь, пад самыя дзверы.

Наогул жа, жылі яны ў згодзе. Неахвотна, праўда, Дзік даваў кату месца каля свае міскі, дазваляў пакаштаваць стравы. Хама шырока карыстаўся такім высакародствам і не мінаў выпадку паласавацца, хоць і не быў галодны, дый наогул атрымліваў куды больш смачных кавалачкаў.

Дапускаўся кот нават у сабачую кватэру, праўдзівей, на Дзікаву падсцілку. Скручваўся ў сабакі пры самым жываце. Зімою хата наша асабліва выстывала, тады абодвум спалася цяплей.

Дзік толькі аднаго разу пакараў ката, дый то якая гэта была кара, можна сказаць, папярэджанне, растлумачэнне, што не да твару рабіць прыстойнай хатняй жывёліне. Хама ў нас быў яшчэ навасёл, а да гэтага карміўся каля агульнага памяшкання рамесніцкага вучылішча. Па тых харчах меў і апетыт — непамерны, як на худое і няўдаленькае кацяня.

У доме чакаліся госці. Стол быў рассунуты, блішчэў посуд, нажы і відэльцы раскладзены з таго боку, як і належыць. Пачэснае месца займаў доўгі фаянсавы паўмісак. На ім красаваўся шчупак — фірменная страва Гаспадыні, яе сапраўдны гонар.

Жанчыны канчалі завіхацца ў кухні, я гартаў часопісы ў сваім пакоі, у сталовай заставаліся, ці то сачылі адзін за адным, ці то моўчкі аглядалі сервіроўку, Хама і Дзік.

Раптам пачуўся лёгкі скок, услед за ім мітусня і злоснае кацінае: «Вва-ў!» Мы вызірнулі: Дзік, падняўшыся на крэсла, цягнуў са стала Хаму, а ў таго на кіпцюры быў узнізаны шчупачыны хвост. Кот упіраўся і вольнаю лапаю даставаў сабаку па мордзе.

Засмуцілася, а пасля засмяялася і Гаспадыня, не зважаючы на пашкоджанае кулінарнае збудаванне.

— Маладзец, — пахваліла яна сабаку, паклаўшы на месца яшчэ непачэпаны кавалак рыбы, — без хваста ніякага выгляду. — А ты — благі, нявыхаваны кот, хам, хамуйла.

— I я тое скажу, — далучылася Наташа, — я ж яго сырою рыбаю накарміла. Яшчэ і гадзіны не прайшло. Еў, пакуль не адваліўся.