Сам, сваім розумам дайшоў? Тады, выходзіць, да рангу надзеленых здольнасцю мысліць трэба далічыць і сабак.
ПАДКОПЫ.
ДЗІК ВІНАВАТЫ
Мы асцерагаліся выпускаць гуляць яго аднаго. Баяліся. Больш крыўды для яго, чым ад яго. Без дай прычыны напасці на чалавека ён не мог, нават калі хто-небудзь чапляўся ці падражніваўся, у такіх выпадках ён саступаў дарогу, адыходзіў убок, папярэдзіўшы, аднак, сваім выглядам: лепей не заводзься.
Вельмі стрымана паводзіўся Дзік і ў адносінах да сваіх незнаёмых сваякоў, бойкі з імі не распачынаў, рост і дужасць дазвалялі яму глядзець на іх паблажліва, зверху ўніз. Праўда, тут часамі адбываліся абнюхванні, узаемныя вітанні рухам хваста і, калі знаёмства прымалася, акрэпліванне якога-небудзь слупка або плоціка.
Іншая справа — з птушкамі. На вуліцы іх было поўна — з кожнага двара высыпалі чародкамі, перавальваючыся, скублі траву каля тратуараў качкі, а на праезджай частцы грэбліся ў пяску куры, узляталі са страшэнным крыкам з-пад колаў выпадковых машын і зноў праз колькі хвілін вярталіся назад здабываць якое зернетка ці чарвяка.
Тут вытрымка здраджвала Дзіку. Як не пужнуць сакатух на дарозе, не брахнуць на рызыканта-пеўня, які, ззяючы залатым пер’ем, грозна ўгінаў галаву, рыхтуючыся грудзьмі сустрэць небяспеку для сваіх сябровак. Аднак і тут усё канчалася без ніякіх страт.
Гуляў Дзік пераважна ў сваім двары: хапала прасторы, агароджа надзейная і даволі высокая — не пераскочыш надта. I тым не менш сабака пачаў знікаць.
Амаль на кожнай сядзібе нашай ускраіны абзываўся свой сабачы голас. Вартаўнікі з іх былі неблагія і брахалі на кожны крок з-за сваіх платоў і брамак. Асабліва стараліся яны ноччу, здаралася, што некалькі кварталаў цябе сустракаў і праводзіў няўпынны галас.
Тут і хавалася неадольная спакуса для нашага сабакі: хацелася ці працягнуць якое-колечы знаёмства з таварышам па службе, ці пачаць новае.
I Дзік знікаў з двара. Выпусціш з сенечак і амаль адразу ж ідзеш паглядзець, — ужо і следу няма. Вароты і брамкі пазачыняны на завалы і засаўкі, а сабака быццам выпарыўся.
Як жа і калі ён дастаецца дамоў? Я вырашыў падсачыць. Апрануўся цяплей і чакаў на дварэ. Стаяць і хадзіць давялося больш за гадзіну. Свяціла поўня, двор праглядаўся навылёт. Нарэшце, у адным кутку агароджы, ад суседняга саду, пачала варушыцца зямля. У выграбенай адтуліне з’явіліся лапы, потым — галава, і вось ён увесь!
Сабака даволі ахайна абтросся і быў гатовы ўжо бегчы пад дзверы прасіць, каб пусцілі, як заўважыў ці знюхаў мяне. I не пабег, а пасунуўся насустрач, вінаваты, рахманенькі.
— Дзе ты быў, валацуга! Хто дазволіў?
Сабака лёг, падпоўз пад самыя ногі, глядзеў, не падымаючы галавы: рабі, маўляў, што хочаш, але даруй! Усё перацёрплю, не сварыся толькі.
— Глядзі, дастукаешся ты ў мяне!
Абяцанне гэта спадабалася не вельмі, сабаку яно было знаёма, хоць ніякай знявагай ці абразай ніколі не канчалася. Зараз ён не адчуваў сур’ёзнай пагрозы ў голасе і тут жа палез абдымацца.
Падкоп засыпалі: увалілі ў яму некалькі цяжкіх камянёў і прытрамбавалі. Памаглося гэта, праўду сказаць, ненадоўга: сабака пачаў зноў знікаць, здаравенным лапішчам нічога не каштавала выграбці новую нару. З кожным наступным пралазам рабілі тое самае, што і з першым, завальвалі. А сабаку, добра прабраўшы, пачалі выводзіць на павадку.
Дзік пагадзіўся з горкім сваім лёсам: наняўся на работу, дык служы верна, выконвай, калі загадваюць. I з двара самавольна як быццам не адыходзіўся.
Аднойчы ж зноў знік. I ледзь не дастукаўся, нарабіў бяды. Прачакаўшы сабаку за поўнач, я хацеў ужо класціся спаць. Пагасіў святло і ўсё ж такі яшчэ раз зірнуў праз акно. На бурачнай градцы ляжаў Дзік і ці то з нечым гуляў, ці шкуматаў зубамі гэтае нешта.
Загледзеўшы мяне на ганку, сабака не толькі не спыніў свае забавы, а нават, здалося мне, узяўся гуляць яшчэ заложней.
— Кінь! Пайшоў у хату.
Я прыгледзеўся: сабака рваў ладны кавалак каровінай скуры! Дзе было падхапіць? Знайшоў на сметнішчы падлу і адлупіў кавалак? Не мог жа ён парваць жывую карову, бо пры сустрэчах са статкам выказваў рагулям самую непадробную пашану.
Тады што? Успомнілася. Пераказвалі знаёмыя, нібы на Гарбарным заводзе пачаліся дзівосы. Вялікі, падобны да ваўка сабака, пераплываў рэчку, выцягваў адну з распяленых перад вырабам скур і бухаўся з ёю ў ваду. Вартаўнікі колькі разоў стралялі і не ўцэлілі.
Няўжо Дзік? Я дакрануўся да спіны: мокры! Відаць, ён?