— Бяры гэта паскудства. I вынось адсюль.
Сабака пакорна падняў уваляныя ў зямлю шкуматы і нёс за мною аж да чыгуначнага пераезда, кіламетры за два, каб загрэбці ў яміне пад шлакам. Пасля панура пацягнуўся ззаду, нават не паспрабаваў звярнуць на сябе ўвагу, пабегчы поруч ці падскочыць.
Вінаваты, значыць, вінаваты, цярпі.
Спусціліся да рэчкі, супраць гарбарнага завода. Я стаў прыкладна ў тым месцы, адкуль Дзік мог плаваць на раздабыткі скуры.
Ён занепакоена глядзеў на мяне.
— Ну, можа, скочыш і мне з адну скурку ўкрадзеш? Баішся? Ну, усё роўна, лезь у ваду.
Я трохі спаласкаў яму морду і лапы. Заставацца тут далей было небяспечна: сабаку маглі згледзець вартаўнікі і пазнаць у ім злодзея.
У доме трывожыліся, гарэла святло. Гаспадыня з Наташай сустрэлі нас на парозе кухні. Выслухаўшы, што адбылося, яны ўзяліся грэць ваду. Налілі ў ацынкаваныя ночвы і паказалі лезці туды сабаку. Ён быў відавочна не супраць, бо заўсёды любіў мыцца, як і ўсе ў доме, перад нядзеляй.
Аднак надзей, што ўсё абышлося, у яго, відаць, не ўзнікала. Мылі і апалосквалі яму поўсць моўчкі, без звычайных ласкавых зваротаў: «Падымі ножку!», «Давай намылю вуха!».
З тае начы сабаку быў абвешчаны байкот маўчання. На яго не звярталі ніякай увагі, быццам ён перастаў існаваць. З ім не размаўлялі. Моўчкі, на павадку, выводзілі на хвілінку і зараз жа — назад. Моўчкі налівалі ў міску есці, не пачуўшы абвыклага запрашэння: «Еш!», сабака адварочваўся і клаўся на падсцілку галодны.
Была ўзнікла нават думка: аддаць яго куды ў вёску ці ў другія рукі. А каму? Ды як разлучацца, блізка пяці год пражыўшы поруч з істотай, вельмі слухмянаю і адданай.
Лёс Дзіка вырашыў Алік. Ён таксама падтрымліваў наша байкатаванне, аднак забягаў хоць зірнуць на свайго прыяцеля. Ен пачуў аднойчы, як мы меркавалі, маўляў, трэба пазбаўляцца ад сабакі. Хлопчык спахмурнеў і зрабіўся такі, самы няшчасны, як і той, што нерухома ўздыхаў у сваім закутку.
— Тады я забяру яго! — раптам выгукнуў Алік. — А вы будзеце да нас прыходзіць, пабачыцца.
Мы вельмі дружна засмяяліся. Алікава адданасць сяброўству і рашучасць прытуліць бесхацінца, — перавышалі магчымасці: бацькі чакалі кватэры, і сям’я пакуль жыла ў сціску.
Сабака, мусіць, адчуў у нашым смеху палёгку да сябе. Падышоў да мяне, стаў не ўсутыч, а за крок, чакаў.
— Ідзі, ідзі сюды, валацуга! — Сабакава морда ўмомант апынулася ў мяне на калене. — Толькі грошы за ўкрадзенае дабро на завод сам панясеш. Хай табе там брыдка зробяць.
Узрадаваны Алік пачаў тлумачыць, што і сярод сабак сустракаюцца злодзеі і ашуканцы:
— Але Дзік прыстойны хлопец. Ён зрабіў гэта не наўмысна.
Пасля ён павярнуўся да мяне і напрасткі, з усёй адкрытасцю малалетняга, дадаў:
— Сабаку трэба карміць. Дзік, відаць, хацеў есці, калі палез не па сваё. Нашто яму тая скура?
Абвінавачванне было сур’ёзнае, аднак мы ўсе ведалі, што перад вандроўкай за раку Дзік павячэраў, вячэру далі з дзвюх страў: поліўку і чарпак кашы.
Сапраўды, што ж яго пацягнула пераплываць раку? Напэўна, смачна патыхала адтуль, скуры чакалі апрацоўкі, дрэнна выскрабеныя, з прысохлымі кавалачкамі тлушчу. Вось і не адолеў поклічу бадзяжнай крыві.
Я не мог сказаць Аліку нічога пэўнага, не чакаў адказу і ад Дзіка.
Так і застаўся гэты сабачы грэх невысветленым. Трохі пазней Лявон і Алік знайшлі апошні пралаз, праз які сабака ўцякаў з дому. Каля вераі ў варотах нашага двара была нямоцна прыбітая дошчачка, яна лёгка адсоўвалася. Сабака агледзеў і знікаў, пакуль, як кажуць, не быў злоўлены на гарачым.
ДРУЖБА З ДЗЕЦЬМІ.
ДЗІК ДАПАМАГАЕ ПА ДОМУ.
ПАВАГА ДА СТАРЭЙШЫХ.
КАНФУЗ З ЧОРЦІКАМ
Дзік быў улюбёнец дзіцячай вуліцы, шырэй сказаўшы, усяго дзіцячага насельніцтва нашай незабрукаванай тады, размытай дажджамі ўскраіны.
Варта было яму паказацца на вуліцы, як набягала поўным-поўна дзяцей. Яны прыбывалі па адным і кучкамі, узяўшыся за рукі. З усіх бакоў чулася:
— Дзік! Дзік!
А шапялявы Міцька, каго ён асабліва вылучаў сярод дзяцей, крычаў:
— Дзіт! Дзіток! — гук «к» у яго не паддаваўся да вымаўлення.
Паабапал Дзікавай сцежкі да водаразборнай калонкі стварыўся гаманкі строй дзяцей, нібыта на парадзе. I адусюль цягнуліся рукі: якое шчасце пагладзіць такога вялікага сабаку ці хоць дакрануцца да яго поўсці.
Дзік не заставаўся безудзельным: каму тыцкаў носам у працягнутую руку, каму віляў, а каму дзякаваў языком у нос ці шчаку.
Шапяляваму Міцьку, ён быў ніжэйшы, пападала найбольш пацалункаў у лоб, і ён з гонарам затуляў далонькай ушанаванае сабакам месца: