Выбрать главу

Шчанюк змалку трымаўся вельмі салідна. Павольна хадзіў, бегаў трухам, не спяшаючы, таксама не хапаючыся еў. I гáласу без толку не падымаў, ніколі не заходзіўся брэхам ад першага шолаху за акном ці на гародзе.

Злавіўшы вухам шум ці гукі, пакуль чутныя яму аднаму, падымаў з падсцілкі галаву і клаў яе на лапы, каб расслухацца: абвяшчаць трывогу ці драмаць сабе паціху далей. Калі ўчуты шум не ўпыняўся, сабака падымаў галаву вышэй і надаўжэй і коратка папярэджваў: «Бб-боў!» Так ён нібыта даваў знаць: я — напагатове, але не турбуйцеся, небяспекі блізка няма.

Другой ступенню зрыхтаванасці да абароны было нешта сярэдняе паміж «бб-боў», «бб-бух» і «бб-рэх!». Але сігнал падаваўся значна галасней і паўтараўся двойчы. Гэта азначала: парушэнне спакою набліжаецца, чуецца зусім выразна.

Сабака ўсхватваўся на лапы, боўкаў разы тры і ваяўніча станавіўся каля ўвахода. Калі нехта незнаёмы хадзіў пад вокнамі ці браўся за клямку, боўканне падвышалася на ўвесь голас, з перапынкамі, і сур’ёзна: лепш не патыкайся, маўляў.

Усе гэтыя звычкі сабака захаваў і надалей: заставаўся непаспешным на бягу і на ежу, легкаважных высноў наконт небяспекі не рабіў і лішняга галасу не ўчыняў.

У адным толькі быў скоры: збірацца гуляць. Зачуўшы ўлюбёнае слоўца і ўявіўшы, колькі прыемных нечаканак можа трапіцца падчас праходкі, ён ужо ўстояць на месцы не мог. Радасна цяўкаў і грудзьмі адчыняў дзверы ў калідорчык. А тут — стоп! Далей сам не вырвешся — знадворныя дзверы на зашчэпцы.

Не шкадуючы лап, сабака кідаўся ў пакой да вешалкі, дзе апранаўся занадта павольна, як на яго нецярплівасць, а часам і знарок, каб падражніцца, ягоны праважаты. Радаснае павіскванне рабілася настойлівым і, здавалася, пераходзіла ў слоўную просьбу: «Ды не марудзь ты, калі ласка! Уздзявай хутчэй паліто, калі яно табе ўжо гэтак трэба, я ж і ў хаце і на дварэ ў адной адзежы бегаю!»

Пачуўшы паасобны сігнал «бб-боў!», звычайна гаварылі: «О, сабака зрабіў адзін брэх!» I далей: «Чуеце, падае трэці брэх. Трэба ісці паглядзець, што там».

Так пакрысе пачала ўсталёўвацца мянушка. Сямейная нарада памеркавала і ўхваліла:

— Брэх у яго прыемны, барытон мяккі, хоць у салісты аддавай. Значыць, быць яму Брэхам.

З гэтым імем сабачка пахадзіў не вельмі доўга. Ён прыбываў у росце літаральна штодня, уздоўж шэрага хіба сталі значны тры цямнейшыя палосы, акурат як у дзікіх парсюкоў.

Паляўнічы Валянцін нядбала выслухаў цьмяную легенду аб паходжанні нашага выхаванца.

— Нешта вельмі складана. А ці не свінячага ён заводу? Чысты дзік, — і тыцнуў пальцам на цёмныя палосы поўсці на спіне.

Усе дружна сталі пярэчыць: ні з характару, ні з выгляду наш мілы сабачка і блізка не стаяў да названай жывёліны, ні свойскай, ні дзікае.

А «Дзік» — была знаходка! Тое імя, што трэба. Асцярожны, але не баязлівы, кемлівы, хада — спорная, слых — пашукаць трэба, усё гэта прыдаецца і дома і ў лесе, дзе птушкі і звяры трымаюцца ў заўсёднай асцярозе, каб не дацца ў крыўду дужэйшаму.

Дык чаму ж бы не ахрысціць яго Дзік?

Ад гэтай часіны шчанюк займеў імя назаўсёды.

АЛІК, ЛЯВОН I РЫЧАРД ЛЬВІНАЕ СЭРЦА.

ЦЁЦЯРУК ЦІ ДЗЯДЗЯРУК?

Каля нас па суседству жыў Лявон, пяцікласнік. Высакаваты пяцёрачнік у акулярах, апрануты ў чырвонае, заакіянскага паходжання пальцечка з амерыканскага барахла, як тады казалі. Ён упадабаў імя Дзік і выказаў пры гэтым не пазбаўлены арыгінальнасці погляд. Выпадак дапамог яму пацвердзіць сваю думку.

Лявон прыйшоў да нас па абедзе з малодшым братам Алікам, вельмі ўцешным і пацешным малым. Ён быў гатовы дняваць і начаваць у нас, так цяжка было разлучацца з катком і сабачкам, каля якіх знаходзілася мноства магчымасцей пазабаўляцца.

Кот Хама скончыў полудзень, вымыў мызачку і без асаблівай цікавасці, адчэпнага, чапляў на кіпцюр паперчыну са шпагату, якую Алік вадзіў у яго па самых лапах, — відаць, ката хіліла ў сон. Мала падабалася ляная гульня і хлопцу, ён паглядаў у куханьку, клікаў Дзіка. А той і не думаў варушыцца, вартаваў свае міскі, пакуль астыне поліўка і будзе дадзены дазвол: «Еш!»

Што міска належыць толькі яму, Дзік ведаў добра, — яна заўсёды стаяла на пэўным месцы, каля пліты, і для іншых патрэб не ўжывалася. Сабака дапільноўваў чысціні посуду, сам акуратна вымываў бакі і дно языком. Часамі міску перасоўвалі, адразу ж адшукваў, браў у зубы і стаўляў куды належала, як быццам нагадваючы, што яна не павінна доўга пуставаць.

Калі ж міску налівалі з берагамі і яна смачна паравала, пільнасці ў сабакі намнога прыбывала. У кутку кухні як бы стваралася ахоўная зона, рух спыняўся, нават не патыкайся! Пры кожным кроку, за якім мог хавацца замах на ягонае дабро, Дзікавы лапы сашчэпліваліся вакол міскі і ў вачах з’яўлялася папярэджанне: лепей не чапай!