Паводле якіх адзнак адрозніваў ён непрыемных, сказаць цяжка, зачэпкі да гэтага ў голасе ці ў абыходжанні з прышлым чалавекам ніхто з нас яму не даваў. Хутчэй — ён падказваў нам, як трымацца з людзьмі: калі глядзіць на незнаёмага скосу, — прыкмячай і ты, ад гэтага спагадай не патыхае.
Адным словам, для кожнага госця была свая доля ўвагі і ветлівасці. Больш сталых і таму лепш знаёмых яму сустракаў даволі працяглым павільваннем хваста, вёў да вешалкі, адно што не выдаваў нумаркі, як робіцца ў гардэробе.
Для другой катэгорыі гасцей ці таварышаў па рабоце, якія забягалі перакінуцца словам пра якую-небудзь справу, — хвост матляўся толькі раз: управа ці ўлева. Былі і такія наведвальнікі, каго сабака як быццам не заўважаў: моўчкі ўпускаў, маўляў, ідзі, калі прывалокся, толькі глядзі, каб трымаўся па-людску.
Непрыхільнасць выяўлялася ў адзіночным «гаў!» на прыйшоўшага. Такім чынам гаспадары папярэджваліся, што прыйшоў нехта невядомы ці знаёмы, але такі, што не надта па душы.
Пра яшчэ больш непажаданых асоб спавяшчаў працяглы брэх, сабака сціхаў толькі пасля загаду: «Даволі!» Тады даваў дарогу ў пакоі.
А вось аднаго тоўсценькага газетчыка, даволі-такі бяскрыўднага чалавека, чамусьці незалюбіў: стаяў у дзвярах, растапырыўшы лапы, і шчэрыўся. Той з’явіўся, каб адзначыць разам нейкую дату, з туга напакаваным партфелем, сабака не мог не ўнюхаць, што адтуль патыхае прысмакамі, што не так часта вадзіліся ў доме. Аднак ён не сыходзіў з парога і злосна гаўкаў. Загаду сціхнуць не выконваў, давялося ўзяць за нашыйнік і прымкнуць на верандзе.
На мяне глядзелі з нямой просьбай слаўныя карыя вочы: «Што ты робіш? Дазволь быць каля цябе. Калі што якое, я пакажу яму пачым фунт ліха».
Наведвальнік, праўду сказаць, прынёс не вельмі ўцехі гаспадарам. Калі яго вынесла за дзверы, Дзік з настаўленым хібам абнюхаў крэсла, на якім той сядзеў, і агледзеў усе закуткі ў пакоях, — ці не прыхаваўся дзе.
Як бы адчуўшы, што яго разумеюць не толькі людзі, госць больш не з’яўляўся.
Другі падобны чалавечына прыходзіў да нас амаль кожны дзень, а сабака ніяк не хацеў пагадзіцца: не брахаў, а пільнаваў выпадку схапіць за порткі. Рваў на ўваходзе і на выхадзе кожны раз. Мы не маглі надзівіцца: што за ліха? Што сабака меў падставы для варожасці, высветлілася многа пазней — чалавек той многа зрабіў кепскага. I нам і людзям.
Незабыўная цёця Уладзя, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, часта бывала ў доме. Пагаварыць, параіцца. А ў свята прыходзіла сумысля раней, каб чым-небудзь дапамагчы. Скорая на словы і дзеянні, гэта жанчына і хвіліны не магла пасядзець з пустымі рукамі.
— Давайце я вам пельменяў нараблю! — падручылася яна аднойчы перад вячэрай.
I завінулася. Нікога не падпусціла ні круціць мяса, ні мясіць цеста, ні абіраць цыбулю. Усё так і гарэла ў яе руках. За нейкія паўгадзіны кухонныя сталы ўкрыліся далікатна нарэзанымі шклянкай кружочкамі цеста. У іх імгненна ўверталіся камячкі мяса, наўкол фастрыгавалася шво, акуратна, як з-пад машынкі. Чыстая кветка! Іначай не скажаш на такі пельмень.
За час кухаварання цёця Уладзя паспела расказаць, як справа са збіраннем экспанатаў у Купалаў музей, што чуваць у Вільнюсе, якія навіны ў Акадэміі навук. Ды яшчэ ўспамянуць безліч смешных выпадкаў з даўняга і нядаўняга і перасыпаць размову прымаўкамі, а то і праспяваць прыпеўку. Спяваць яна любіла, падабала «Марш ваенных карэспандэнтаў» і беларускую «Ой, чуць, маці, чуць».
Першы раз Дзік прыняў госцю з асцярогаю. Яе з’яўленне парушала некалькі абвыклую цішыню, прынамсі тэмп жыцця многа паскараўся. Сабака не мог уразумець, добра гэта ці дрэнна, якую лінію паводзін трэба трымаць яму.
Але бачыў: усе хатнія весялелі пры госці, выказвалі да яе павагу і пашану, значыць, трэба было падстройвацца пад гаспадароў.
Аднак хуткая мова, гучны смех, асабліва актыўная жэстыкуляцыя госці непакоілі. Дзік не адыходзіўся ад яе і, калі па-ягонаму, цётчыны рухі рабіліся занадта рэзкія, уставаў і прытрымліваў, цягнуў уніз якую-небудзь руку.
— Адкасніся ты! — кожны раз палохалася цёця Уладзя. Доўга, аднак, стрымлівацца не магла, зноў жвавелі рухі, галаснела мова, а сабака сядзеў пры ёй, каб не было якога парушэння парадку.
— Прымкніце дзе гэтага д’ябла! — ахамяналася цёця Уладзя. — Глядзіць, нібыта ўсе мае думкі чытае… А потым разбрэша па ўсім свеце.
Мы запэўнялі, што наш сабака нічога не разбрэша, колькі ні чуе размоў, а ён пры ўсіх прысутнічае — нясе службу.
Часамі ў нас збіралася святочная кампанія. Дзік нерваваўся. Ад стала не адступаўся, дакладней, пільнаваўся мае нагі, ежы не браў і не прасіў — не дазваляла прыроднае далікацтва.