Варта было бяседзе павесялець, заспрачацца, даводзячы, чыя праўда, замахаць рукамі, Дзік браўся за выкананне службовых абавязкаў. Падыходзіў да найбольш гарачага прамоўцы і некалькі хвілін уважліва глядзеў на яго. Калі гэта не дапамагала, стукаў лапаю па калене, папярэджваў: ахаладай! А як і такога папярэджання было мала, сабака браў госця за паднятую руку і адгінаў уніз: зразумеў! Супакойся!
Гэты сабачы захад прыносіў разрадку ў дыялог. Людзі смяяліся, гаварылі цішэй, пакуль хто-небудзь не дадаваў гарачага ў размову.
У дзень нараджэння Гаспадыні віншавальнікі, паводле старога звычаю, дзякавалі ёй, цалавалі ў руку. Сабака стаяў і непакоіўся: каб не ўчынілі чаго кепскага. І ўсё ж цярпеў. Пакуль не падышоў дзякаваць стары паважаны музыка. Тут сабака страціў вытрымку: ну, гэты ў барадзе і вусах абавязкова ўкусіць. Падскочыў, схапіў спалоханага госця за рукаў і адвёў убок.
ДЗІК АДБІРАЕ АЛАДКУ.
ЯК ЁН НЕ ПУСКАЕ МЯНЕ Ў ДАРОГУ.
ДЗІК ГАВОРЫЦЬ ПА ТЭЛЕФОНЕ
Мы часта гаварылі пра тое, што заўважыла цёця Уладзя: ён мае думкі чытае. Як мог Дзік угадваць з паўслова, што яму трэба зрабіць, дазнаваўся адкуль, што будзе рабіцца ў доме, можа, хто мае прыйсці, калі каго з хатніх спатрэбіцца правесці ў магазін ці на пошту. А разуменне ім зваротаў да сябе часам смяшыла, часам палохала.
Вярнуўшыся са школы, Іна ведала: яе чакаюць некалькі гарачых аладачак, першае падмацаванне, пакуль усе збяруцца на абед. Пачаставала была кавалачкам таго прысмака Дзіка, і ён упадабаў. Дзяўчынка бралася за полуднік, а ён сядзеў поруч і прасіў падзяліцца.
Прасіў літаральна, чаго не дазваляў сабе, калі сядалі есці дарослыя і госці. А тут неадрыўна глядзеў малой у вочы, нават пачэпваў спаднічку лапаю.
Аднойчы яна села за стол і ўткнулася ў цікавую кніжку, адсунула талерачку з аладкамі і толькі часам адшчыквала пакрысе.
Дзік заняў просьбіцкую паставу каля яе крэсла. Глядзеў, глядзеў і без карысці. Іна нічога не бачыла, акрамя свае кніжкі.
Сабака ўстаў, перайшоў пакой і стаў каля канапы, дзе я праглядаў газеты. Хвост у яго пакрыўджана варушыўся, вочы глядзелі з дакорам то на мяне, то на нядбалую дзяўчынку. Паніжаны выгляд яго нібыта падказваў мне: ну, хоць ты абзавіся, што я на свеце ёсць. I чакаю.
— Што, не частуе?
Каб ён мог гаварыць, дык, напэўна б, сказаў: «Так».
— А ты добра прасіў?
Умольная морда і шпарчэйшае вілянне хвастом як бы пацвердзілі: «Аж занадта добра».
— А ты пайдзі яшчэ папрасі.
Дзік імгненна падаўся і зноў ператварыўся ў просьбіта. Пасядзеўшы, штурхнуў Іну носам у калена.
Я паўзверх старонкі наглядаў, што будзе далей. Сабака вярнуўся да мяне з яшчэ больш настойлівай просьбай памагчы. Паглядаў на мяне, потым паварочваў морду на аладкі, нібы паказваў, чаго яму жадаецца і ў чым яму так несправядліва адмаўляюць.
Іна тым часам зразумела ўсё і ўключылася ў гульню. Павольна са смакам мачала блінцы ў смятану і ела, падражніваючыся. Адразала кавалак і падымала ўгару, нібыта збіралася падзяліцца з Дзікам. I раптам адсоўвала руку, ела сама.
Дзік устаў і, не вільнуўшы ёй хвастом, прыйшоў да мяне з крыўдай.
— Ну, што? Не дае? Дык ты вазьмі сам.
Усё астатняе адбылося ў адзін момант: падскок, лапы на стол, талерачка з аладкамі была не толькі падчышчана, але і вылізана.
Здаволеная морда пасміхнулася, а Іна заплакала. Не так шкада было свае страты, як спалохалася.
Давялося супакойваць, асушваць слёзы цукеркай. Дзік падаўся на сваю падсцілку і ляжаў ціхенька, ці не пачуваў сябе вінаватым.
Мы сталі асцерагацца. Стараліся не ўжываць сказаў, што маглі быць успрыняты сабакам як просьба ці загад і выкананы ў шкоду каму-небудзь. I чым далей жыў ён у нас, тым больш і хутчэй мы разумелі адзін аднаго.
Дзік страшэнна не любіў, калі я выязджаў з дому. А гэта здаралася даволі часта: то паклічуць на радзіму землякі, то захочацца зірнуць на асушанае Палессе, то з’явіцца патрэба з’ездзіць у Маскву.
За некалькі дзён да выезду сабака пачынаў відавочна засмучацца. Хадзіў за мною лапа ў лапу, праводзіў на работу да брамкі і тут жа сустракаў. Ад дому далёка не адбягаўся, хіба што суправаджаў Наташу ў двор па ваду ці па хлеб.
Калі я ішоў працаваць у свой пакой, ён клаўся на парозе, і ўжо туды ніхто і кроку не ступі. Выключэнне рабілася толькі для Гаспадыні. Дый то пасля належнага ўшчунку: «Адсунься, дурань! Не з’ем я твайго гаспадара, толькі кнігу вазьму!»
Сабака неахвотна даваў дарогу і зараз жа прымаў старое становішча: морда і пярэднія лапы ўпіраліся ў адзін вушак, а заднія і хвост — у другі: ходу няма. Ноччу для большай пэўнасці, што ўпільнуе, ціхенька перабіраўся да мяне на тахту, асцярожна скручваўся ў нагах: падрабляўся пад ката, таму часамі пазвалялася спаць на ложку.