Самыя галоўныя хваляванні і турботы ў яго пачыналіся, калі перад самым ад’ездам я развітваўся з усімі.
Адвітанне: «Бывай, Дзік!» — літаральна кроіла яму сэрца. Ён млява падаваў лапу, журботна ўздыхаў, глядзеў убок. А пры ўваходных дзвярах нібыта ўрастаў у падлогу, не пускаў. Калі ж удавалася выслізнуць услед самому, не даваў сесці ў машыну, хапаў зубамі за рукавы і крыссе.
Каб пашанаваць сабачыя нервы, Дзіка пачалі выводзіць куды-небудзь далекавата, пакуль не паеду. Праўда, вярнуўшыся, ён адразу ж хапаўся выяўляць прапажу. Добра і ўважліва аглядаў мой пакой, абнюхваў тэраску, дзе я трымаў старыя кнігі, тады пагаджаўся з лёсам. Чакаў.
Што ж, гэта ўласціва ўсім хатнім сабакам. А вось як ён выяўляў, што збіраюся ехаць? Прадчуваў? Ці надзелены жывёлы такімі якасцямі?
Мы меркавалі па-рознаму. Хутчэй за ўсё ён прыкмячаў, што ў доме пачынаюцца зборы. Дасталі з шафы і абцерлі пыл з чамадана. Напрасавалі і наскладалі туды хустачак і кашуль. Вось адразу дзве прыкметы, а гэтага зусім даволі для пільнага вока.
Чуласць да разумення слоў сабака даводзіў неаднойчы. Магло і тут так быць: слухаў, як па тэлефоне гаварылі: «Што, не паедзеш?» — «Паеду». — «А калі ад’езд?» I матаў на вус, запамінаў…
Я быў забавіўся ў Маскве даволі надоўга, і калі справы браліся пад канец, пазваніў дамоў.
Гаспадыня размаўляла са мной, седзячы пры адчыненым акне.
— Вось і Дзік цябе кліча, — сказала яна, — ён каля мяне. Мусіць, трохі твой голас чуе…
— А дай яму трубку! — Калі трубка была прыціснута да сабачага вуха, я перш за ўсё павітаўся.
— Здароў, Дзічок!
Трубка ласкава скавытнула.
— Слухай, Дзік! Бяжы сюды, хутчэй!
Сабака гаўкнуў і тае ж хвіліны выскачыў праз акно. Прабегся па гародзе і вярнуўся да Гаспадыні зніякавелы і збянтэжаны. Куды ж бегчы, дзе яго знайсці? Ён аглядаўся наўкол і павіскваў.
— Не знайшоў? — спытала Гаспадыня. — Нічога, зараз з’явіцца.
Яна расказвала пасля: сабака доўга не мог супакоіцца, відаць, адчуў немагчымасць пераадолець прастору.
ЛЯВОН-ДРЭСІРОЎШЧЫК.
ДЗІК УМЕЕ КУРЫЦЬ.
ДЗІК-ЛЕКАР
Сярод службовых і сяброўскіх даручэнняў, якія былі на абавязку Дзіка ў нашай сям’і, далёка не ўсе былі прыемныя яму. Але ён выконваў. Трэба было толькі ласкава звярнуцца, сказаць: «Прашу!», а калі гэта не дапаможа, дык дадаць яшчэ ласкавей: «Вельмі прашу!» I сабака ўважаў просьбу: абавязак ёсць абавязак, які б ні цяжкі ён быў для выканання.
Прыемна, скажам кінуцца з разгону ў рэчку і плысці, каб хвост калыхаўся над вадою, як ветразь.
Але асалода акунуцца ў рачную прахалоду адкрылася яму не адразу, а першае купанне здалося нават страшнаватым.
Неяк улетку мы паехалі на возера, ледзь не цэлым дваром, колькі ўлезла ў рэдакцыйную палутарку. На беразе, не марудзячы, параспраналіся і боўталіся ў ваду адно перад другім, каб як мага хутчэй выбрацца на глыбокае.
Дзік, шчанюк да года, быў ашаламонены: як можна, што вы робіце?! Ён бегаў па беразе, стараўся стаць кожнаму насупраць, не пускаў і гаўкаў, папярэджваючы: гэта ж небяспечна!
Нарэшце, пабачыўшы, што гаўканнем бяды не адхіліш, наважыў ратаваць неразумных дзівакоў. Ускочыў у ваду і спалохаўся: лапы не дасталі дна! Але тут жа, паводле няпісаных законаў, выпрацаваных ягонымі продкамі, паплыў і сам.
Што ж, калі так, трэба выганяць іх адсюль. Падплыў да Гаспадыні, хапаў за рукі, за купальнік, цягнуў на бераг. Яна сказала «дурань!» і адмахнулася. Не даўся ратавацца і Гаспадар. Алік быў зрабіў рух вылезці і перадумаў.
Канец марным намаганням ратавальніка паклаў Лявон.
— Без карысці стараешся, Дзік, хутка не вылезуць, — сказаў ён, палашчыўшы сабаку. — Зараз будзе і табе занятак.
Знайшоў выгладжаны хвалямі сухі сук і, даўшы Дзіку панюхаць, шпурлянуў яго метраў за пяць над купальшчыкамі.
— Плыві! I прынясі сюды!
Дзік паглядзеў на сур’ёзны твар выпадковага дрэсіроўшчыка і зразумеў. Сук быў дастаўлены Лявону, а той, няўдзячны, зашпурнуў яго яшчэ далей. I гэта заданне было адолена.
Выпрабаваць Дзіка ў новым умельстве захацелася ўсім. I ён без перадыху плаваў і прыносіў, што ні закідвалася ў ваду.
Гэта была першая ў ягоным жыцці падноска. З таго часу, калі здаралася апынуцца пры вадзе, Дзік заглядаў у вочы, прасіў, здавалася, пашлі мяне па што, добра сплаваю.