Выбрать главу

З’яўленне ў хаце доктара заўсёды трывожыла Дзіка. Ён запомніў, што аднойчы пасля такіх адведзін Гаспадар знік ледзь не два тыдні за бальнічнымі дзвярыма. Часамі дактары змушалі яго не ўставаць з ложка, а гэта пазбаўляла прыемнасці пабегчы з ім за горад, пагойсаць па хмызняках і пагрэбціся на пожнях, дзе ў свежых норках унюхваліся краты і мышы.

Яшчэ больш не любіў лячыцца сам. Калі яго прыводзілі на чарговы агляд у ветэрынарную лячэбніцу, сабака ўпіраўся ўсімі чатырма, не хацеў заходзіць у памяшканне. Яму рабілі выключэнне — аглядалі на дварэ. А прыняць адно лякарства не мог угаварыць ні фельчар у злінялай гімнасцёрцы, вельмі ўмелы ў абыходжанні з жывёламі чалавек, не ўпрасіў і Гаспадар.

— Бярыце дамоў, можа, як ашукаеце, падмяшаеце ў страву, — сказаў, даючы бутэлечку з лекамі, фельчар.

Дома таксама не дайшлі да добрай згоды. Ад поліўкі з падмешанымі лекамі сабака пагардліва адвярнуўся.

Не дапамагла і просьба.

— Еш, кажу табе!

Сабака стаяў над міскай, не нахіляючы галавы, непахісны ў прынятым рашэнні.

Пад вечар Гаспадыня надумалася:

— Буду прасіць. Быць не можа, паслухае.

Выліла рэшту лекаў у кубак, паклікала сабаку, прылашчыла:

— Выпі, Дзічок, прашу!

Сабака не зварухнуўся, схаваў морду ў мяне пад пінжаком.

— Вельмі прашу, сабачка, глыні, і ўсё.

Давялося расшчапіць моцна стуленую пашчу, тым часам просьбы рабіліся ўсё больш ласкавыя:

— Вельмі прашу, зрабі гэта. Чуеш?

Я паклаў у пашчу руку, каб выпадкам не стулілася, Гаспадыня нахіліла шклянку з лекамі, стала ліць, сабака заплюшчыў вочы і глынуў. Поўную шклянку касторкі.

Далі хутчэй на заедку кавалачак каўбасы, сабака прыняў, але пазіраў на нас з дакорам.

«А вы самі каштавалі калі-небудзь такую брыду? — гаварыў яго позірк. — Каб паспыталі хоць раз, дык не змушалі б на гэта вашага сябра».

Так, добра папрасіўшы, ад яго можна было чакаць якой захочаш паслугі.

Часамі госці, заседзеўшыся, многа і густа курылі. Гаспадыня сплясквала рукамі, адчыняла форткі:

— Божухна, колькі курцоў у нас сёння!

Зачуўшы гэтыя словы, Дзік падаваўся куды-небудзь у зацішнейшы куток, каб не трапляць на вочы.

— Чаму вы толькі нас за курцоў лічыце? — звычайна пытаўся хто-небудзь з гасцей. — У вас жа і сваіх стае.

— Вось ужо і хапае! — крыўдзілася Наташа — яна набыла гэту дрэнную звычку, цяжка жывучы і чорную работу робячы пры немцах у час акупацыі горада. — Мяне можна было б і не лічыць.

— Вы ж забылі, цёця Наташа, што і Дзік курыць, — абзываўся наш заўсёдны госць Алік. Яму нецярплівілася пахваліцца перад прысутнымі майстэрствам нашага сабакі. Даводзілася даканчваць гульню:

— А дзе гэта падзеўся наш мілы сабачка? Алік, ты не бачыў?

— Тут, тут, — Алік не хаваў задавальнення ад асалоды пачуць пахвалы свайму ўлюбёнцу.

— Дзік, дзе ты? Ідзі сюды!

Сабака з’яўляецца на святло, але трымаецца ў мяне за плячыма.

— Ідзі, ідзі, пакажыся!

Дзік набліжаецца вельмі неахвотна.

— Дык колькі ў нас курцоў, Дзік?

— Трое, трое! — Алік сплясквае далонькамі. — Вы, цёця Наташа і Дзік.

— Дзік, гэта праўда?

Сабачая галава апускаецца да падлогі.

— Калі праўда, дык вазьмі.

Сабака і глядзець не хоча на запрапанаваную папяросіну.

— Дзічок, пакуры, зрабі мне ласку.

Сабака не змяняе паставы. Трэба прасіць яшчэ.

— Пакуры, я вельмі прашу. Хоць трошкі.

Сабака, здрыгануўшыся, так яму агідна, ледзь-ледзь размыкае пашчэнкі і бярэ папяросу. Зараз жа задзірае галаву, каб усе бачылі, што ён сапраўды курэц.

— Можа, табе запалку даць?

Дзік круціць галавою і плюе так, што гільза з тытунём і муштук разлятаюцца ў розныя бакі.

Хвіліннае засмучэнне мінаецца. Мы робім тур вальса, і на міравую ён атрымлівае самае смачнае — некалькі арэхаў. Акуратна раскусвае кожны і вычышчае языком лупінкі.

Тытунёвага дыму сабака гідзіўся здаўна. Нейк мы ўзялі яго ў дом адпачынку. Там яму можна было ўдосыць налётацца і нагаўкацца. Ідучы з намі на рэчку, ён уткнуўся ў куст, дзе кувала зязюля. Напалоханая няшчасніца выскачыла з-пад галіны і замест свайго абвыклага спеву забалбатала нешта несусветнае і непрыстойнае. Сабака аж прысеў ад здзіўлення.

Так, лазячы па хмызняках, ён набраўся кляшчоў, яны паўпіваліся ў вушы і чарнелі ў поўсці, як вялікія павукі.

Лячыў яго ўсё той жа ветэрынар: прыпякаў паразітаў гарачым попелам з цыгарэты. Я трымаў яго за галаву, але Дзік, відаць, не стрываў апёкаў і смуроду, вырваў зубамі з рук лекара цыгарэту і выплюнуў у куток.