Выбрать главу

Тады Алік і парасказваў сваім сябрукам, нібыта Дзік умее і нават любіць курыць.

Аднаго разу нашаму сабаку давялося пабыць лекарам самому. Я вярнуўся дамоў даволі позна і быў здзіўлены: Дзік не падбег насустрач, нават не ўстаў з падсцілкі. Мусіць, штосьці здарылася, зноў ублытаўся ў нейкую гісторыю.

Гаспадыня расказала, што нядаўна пайшла суседка, жалілася: у яе хварэе сынок, дактары не могуць рады даць.

— Дык яна просіць даць вады з рота…

У гэты забабон верыла і наша вёска. Калі каму нядужылася ад спалоху, дык бабулі раілі даць вады з рота таго, хто напалохаў.

— А што, хіба я гэта нарабіў?

— Ёсць каму.

Гаспадыня не дагаварыла… Дзік неспакойна паводзіў вачыма па пакоі, сустрэў мой позірк і заўздыхаў.

Высветлілася, што на тым тыдні хлопчык з суседняга дома выйшаў ноччу на ганак і ў адной кашульцы стаяў, загледзеўся на буйныя пад восень зоры. I раптам да яго падбегла задыханае страхапудзіла з высунутым языком і пацягнула ў сябе паветра. Дзіця з крыкам кінулася ў дом. З таго часу кепска спіць, худнее. Вось і ўспомнілі пра народныя сродкі.

— Думаюць на нашага Дзіка…

— Напэўна, ён. Варочаўся з сваіх вандровак. Не будзем больш выпускаць ноччу аднаго.

Алік і Лявон былі ў нас, як і заўсёды ў складаных выпадках. Уважліва слухалі, што мы ўспаміналі наконт народных прыкмет, павер’яў. Гарадскія хлапчукі, яны і чутам не чулі пра варажбу, замовы, як лячылі ад сурокаў, падзіву, зубнога болю. Ад пярэпалаху вызваляліся па-рознаму. Выкачвалі, гэта значыць, моцна разміналі кулакамі цела хвораму, асабліва жывот. Качалі яго з боку на бок, паклаўшы на тапчане. I вылівалі — чалавека змушалі многа вады піць дый некалькі разоў на дзень аблівалі, голага. Яшчэ: білі, нечакана для хворага, гаршчок ці збанок, каб напужаць хваробу і яна ўцякла. Давалі і вады з рота напалохаўшага.

Лявон паставіўся да пачутага разважліва і як практычны чалавек пачаў дазнавацца.

— А як вы возьмеце вады з рота ў сабакі?

— Я не ўпэўнены, што гэта трэба рабіць…

— А па-мойму, трэба: людзі вераць, можа, і станецца па-іхняму.

— Так, але ж Дзік — сабака, у яго могуць быць рабакі ці іншае што.

— Ну, ваш лекар — чысты, — усміхнуўся Лявон.

— Можа, у лячэбніцы праверыць? — запытаўся Алік, у яго, відаць, выспеў план. — Дзіка трэба любіць, а не баяцца. Я прывяду да вас таго Грышку. Яны падружацца, і ўсё мінецца.

Так і зрабілі. Звадзілі Дзіка да ветэрынараў, зрабілі яму пазачарговую лазню і прамылі пашчу марганцоўкаю.

У чысты паўмісачак паклалі некалькі ледзянцоў і залілі свежай вадою. Дзік ахвотна павыцягваў улюбёны прысмак і такім чынам падрыхтаваў «лекі» для хворага.

Той прыбег разам з Алікам, перш адхіснуўся ад сабакі, але, убачыўшы яго прыязную «ўсмешку» — гэтак Дзік заўсёды дзякаваў за салодкае, — заўсміхаўся і сам.

Хлопчык і праўда выглядаў кепскавата: бледненькі тварык, сінцы ад бяссоння. Аднак ён на вачах весялеў, таксама як і Алік, смела гладзіў сабаку, паціскаў яму лапу.

Алік збегаў на кухню і прынёс паўмісак з «лекамі».

— Твая мама прасіла, — звярнуўся ён да Грышкі, — даць табе Дзікавай вады. Будзеш піць?

Той у знак згоды кіўнуў галавою.

— Тады я пачну! — Алік адважна нахіліў да вуснаў паўмісак і зрабіў ніштаваты глыток. — На!

Грышка сербануў болей, вярнуў пасудак Аліку:

— I ты!

Так і распілі яны, чаргуючыся, усю тую цудадзейную мікстуру. Гулялі ў нас, пакуль не з’явіліся маці клікаць на абед. Пра Грышкаву нядужасць хутка і думаць забыліся, ён стаў нашым частым наведвальнікам. А пілі хлапчукі зусім не тую ваду. Алік прынёс другі такі паўмісачак, яго падрыхтавалі на ўсякі выпадак і паставілі поруч з Дзікавым.

Паблытаў хлопчык ці зрабіў знарок? Нашто высвятляць!

Грышка правіўся, вера ў мацунак народнага сродку дапамагла.

Як дапамагала нашым дзядам і прадзедам з курных хацін, калі не мелі яны другога спосабу лячыць душу і цела, апрача веры: у лекара, у зямлю, у свае дужыя рукі.

Як дапамагае і нам хадзіць, думаць, старацца ямчэй рабіць. I сабе і людзям.

РАЗВІТАЛЬНАЕ СЛОВА.

ПАЧАТАК НОВАЙ ДРУЖБЫ

Відаць, нехта пацікавіцца, а які ж лёс сустрэў Дзіка ў далейшым.

Можа, ён вызначыўся нейкім асаблівым учынкам, за які ўзнагароджваюць каштоўнымі падарункамі, пра каго пішуць у газетах?

Можа, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту, ён дажываў веку ў зацішку за горадам, дзе добрыя людзі даглядалі ветэрана вартавой і хатняй службы?

Можа, над ім насыпаны пачэсны курганок са стэлаю, як зроблена ў падзяку свайму псу за ўратаванне дзяцей на пажары ў адным з гарадкоў за акіянам?