Выбрать главу

Так пыталіся ўжо і пытаюцца зараз. Не буду даваць адказаў, не хачу ні засмучаць вас, ні ўсцешваць.

Адно скажу, дзесяткі два гадоў назад дом наш збяднеў на аднаго сямейніка. Дзікава адсутнасць спачатку адчувалася вельмі востра, але мінаў час і адчуванне адсутнасці змянілася адчуваннем заўсёднай прысутнасці яго поруч. Магу абазвацца, паклікаць, спытаць. Адказу няма, але я адчуваю позірк разумных карых вачэй, зайздросную пільнасць, тонкую чуласць, ахвярную адданасць.

На вуліцы, пры вадзе ці на выстаўцы вам можа трапіцца даўгаватая цёмна-шэрая морда з крыху абвіслым вухам. Зірніце ў вочы: яны самі, здаецца, гавораць пра вялікае сабачае сэрца, выказваюць зрыхтаванасць не даць у крыўду блізкага чалавека. I ў той жа час распытваюць: чым магу пасабіць? Збегаць па газету або па хлеб? Сплаваць у возера па кіёк? Легчы на парозе і не падпускаць нікога?

Загадвайце, будзе ўсё зроблена. Дужыя лапы могуць бегаць шпарка.

Дык вось, калі вам пашчаслівіцца ўбачыць дзе такую слаўную морду і вы адчуеце пад сэрцам цеплыню, лічыце, што сустрэліся з Дзікам. Ды, зрэшты, які сабака ні трапіць вам на вочы, будзьце ўважлівыя, кожны прадстаўнік гэтага роду мае часцінку Дзікавай істоты: за дабро плаціць дабром. Так робяць усе чыста сабакі на ўсім белым свеце.

Сустрэча з адным верным сабачым сэрцам была ў мяне на поўдні, у Кіславодску. Да санаторнай сталовай дакладна ў час снедання, вячэры звалакалася цэлая чарада сабак — бесхацінцаў і пры гаспадарах, што апынуліся на мяжы беднасці.

Яны ведалі, куды бегчы. У санаторыі лячыліся пажылыя і старыя людзі, што не з’ядалі і не маглі з’есці ўсяго пакладзенага на талеркі. I па дабраце ці па ўзроставай чуллівасці выносілі астачу сабакам. Вот чаму яны строга пільнаваліся распарадку дня.

Я аднойчы прыпазніўся на абед: ужо людзі пад’елі, разышліся і сабакі, падсілкаваўся, выйшаў, а каля ганка — божа мой! — тая самая морда, моцная грудзіна і тое самае разуменне ў вачах.

— Дзік!

Я гукнуў, ён нясмела наблізіўся, апускны, нявылінялы бадзяга:

— Спазніўся? А есці хочацца?

Я вынес яму на лустачцы хлеба ўсё, што заставалася на талерцы. Сабака з’еў і падняў морду ўгару.

— Ты дзякуеш? Мала? Тады пойдзем пашукаем чаго.

Ён пабег за мною. Каля ларочка, блізка Храма Паветра, спыніўся, нібыта падказваў: тут можна замарыць чарвяка.

Гэта зноў нагадала пра Дзіка і ўпадабалася.

Ларочніца абуралася на нейкі буфет, адкуль прывозяць сухія пазалеташнія бутэрброды з кількаю.

— А хто іх есці будзе? Паляжаць у мяне ў будцы ноч, у гарачыні, а назаўтра — у глум, спісваюць. Дык гэтага валацугу, — яна паказала на сабаку, — падкармліваю.

Пасля кароткіх перамоў з прадаўшчыцай я атрымаў пакунак асуджанага на спісанне дабра.

Не адыходзячы далёка, каля бліжэйшага куста я выгарнуў з газеціны ўвесь не вельмі апетытны пачастунак.

Сабака стаяў і не дакранаўся. Толькі што не пытаў: мне? і столькі? праўда, можна?

— Пачынай!

Сабака дакрануўся да скрынкі з кількаю і ўмомант заглынуў. Тады, як быццам ахамянуўшыся, зноў глянуў на мяне:

— Смялей, працягвай! — я сеў на бліжэйшую лаўку.

Сабака еў не адыходзячыся, доўга і грунтоўна, як пасля цяжкое дарогі. Потым падабраў крошкі, аблізаўся і лёг у мяне ў нагах. Стала зразумела: я набыў ахоўніка і спадарожніка.

Мы больш не разлучаліся, куды я, туды і ён. А жыць ён перабраўся ў бяседку каля дамочка, дзе я жыў, ціха і аддалена ад мітусні працэдурнага і галоўнага корпуса. Новы жыхар паводзіўся даволі агрэсіўна: не пускаў у мой дом людзей, якія ішлі на масаж і ў свае палаты.

Пасыпаліся скаргі галоўнаму ўрачу. Сабака знік, недзе навязалі ці завялі куды. Аднак каля знаёмага ларка, назаўтра па абедзе, мяне зноў сустрэла страчаная істота.

Сабака, відавочна, чакаў мяне, бо пры ларку не спыніўся, а павёў — махаў хвастом і запрашаў ісці — на бакавую сцежку. У зарасніку акацыі на схіле гары спыніўся і зноў падняў морду, паказаў, куды трэба глядзець.

На адным з дрэў ветралі трусовыя тушкі. Тры ці чатыры, на ніштаватай вышыні, метры за два ад зямлі, каб не дасталі вось такія бадзякі, як гэты. Ён нецярпліва перабіраў лапамі: маўляў, чаго ты марудзіш? Даставай хутчэй, хопіць табе і мне. К чорту ліхому тыя салёныя кількі.

З’яўленне на дрэве такой правізіі тлумачылася даволі проста: нехта рабіў запас, каб завезці дадому, і павесіў вяліцца далікатнае мяса. Тады лупленых трусоў на Кіславодскім рынку прадавалася вялікае мноства. I за бесцань.

Пакуль я разважаў пра гэта, сабака змарыўся чакаць ці страціў надзею на нездагадлівага і сеў.

Давялося паклікаць. I мы пайшлі да ларка з сухімі бутэрбродамі.