На самым маім ад’ездзе сабака зноў знік. Я не здзівіўся: ударыў нязвыклы для гэтых мясцін мароз, градусаў пад дваццаць. Нашто мерзнуць жывёліне, чакаючы няпэўнага спадарожніка, які нават не здагадаўся зняць з дрэва нядрэнны ласунак.
Аднак на вакзале, дзе патупвала чалавек пяць, не на тое надвор’е абутых сяброў, пад самыя мае ногі падсунулася пакрыўджаная шэрая морда: і не брыдка, пакідаеш мяне не развітаўшыся.
Я забраў бы яго, але цягнік меўся крануцца, заставаліся лічаныя хвіліны. Пусціць у тамбур праваднік не згадзіўся.
Стала сумна. Успомнілася, як адзін забыты, пакінуты гаспадаром сабака поўз, ішоў, бег тысячы тры кіламетраў з поўначы на поўдзень. I абняў наймілейшага ў свеце чалавека на люднай вуліцы, знайшоў на новым месцы жыхарства.
Тады чалавек заплакаў. А перш-то ліў слёзы па ім сабака. Дзік ці яго бліжэйшы сваяк.