Выключэнне рабілася для Гаспадара, а больш для Гаспадыні, і не з павагі, а з меркаванняў чыста практычных: абое яны маглі падкінуць костачку ці падсмачыць ежу, не ленаваліся і памяшаць, каб хутчэй астывала.
Алік ступіў у кухню з бясстрашнасцю пяцігадовага чалавека. У запаветным кутку было ціха, сабака не рабіў ніякіх гукавых папярэджанняў. Аднак усе дарослыя ўстрывожана прыўзняліся з месцаў. А хлапчук нагнуўся, пагладзіў Дзіка па настаўленым хібе, узяў у яго з-пад носа міску і, трымаючы яе перад сабою, рушыў у пакой, дзе мы сядзелі.
Дзік ішоў услед і збянтэжана павільваў хвастом. Пазіраў на нас і нібыта апраўдваўся: «Ну што ты зробіш, малое — дурное!»
Знецярплівеўшы ад чакання, калі будзе канец свавольству, сабака забег наперад і заступіў Аліку дарогу. Морда яго набыла красамоўны выгляд: «Аддай, нарэшце, ты ж гэтага ўсё роўна есці не будзеш!»
Зразумеўшы, што падражнівацца досыць, Алік таксама павольна павярнуўся і занёс міску назад. Дзік па-дружбацку лізнуў яго ў шчаку і лёг чакаць — некалі ж сыдзе гэтая праклятая пáра!
Трывожнае ўзрушэнне спала.
— Што ж гэта ты надумаўся, хлопчанька! А каб ён цябе хлэмнуў? Што б твая мама сказала, га?
Малы ззяў, як маладое сонейка, умыўшыся ў расе.
I было чаго! Надумаўся і зрабіў. Першы раз перамог страх і, мала таго, падпарадкаваў сваёй волі другую, хай сабе і сабачую. Хлопчык сеў, перанятым ад мамы рухам пагладзіў сам сябе па галаве — гэта азначала: «Маладзец, Алік!»
— А што? Мне хацелася, каб ён сядзеў разам з намі, — у Алікавых вачах бліснуў праменьчык задавальнення: — А як было выклікаць? Але Дзік зразумеў, ён добры хлопец і ніякі не злоснік. Ён зусім не скнара: я мог бы і сербануць ягонага крупніку, каб не гарачы.
Мы дружна зарагаталі з блазнюкоўскага выхваляння: ягоны выхад на самадзейную дрэсіроўку мог скончыцца слязамі і плачам. Аднак азначэнне «добры хлопец» мела пад сабою падставы і ўсім спадабалася. Нашы ўзрадаваныя войканні перапыніў, парушыўшы сваё абвыклае маўчанне, Алікаў апякун, Лявон. Сярод дваровых хлапчукоў ён быў непахісны аўтарытэт: ведаў мноства народных выслоўяў і двойчы прачытаў навылёт усяго Вальтэра Скота.
— Нахабства Аліку лёгка абышлося, бо яны з Дзікам зараз у адным узросце. — Лявон крыху падумаў: — Па розуме. Таму і паразумеліся.
Алік, падціснуўшы верхнюю губку, не прапускаў ніводнага братавага слоўца.
— Праўда, — бязлітасна працягваў той, — Алік умее чытаць, чаго, на жаль, не ўдасца асіліць Дзіку. Затое ён больш высакародны: ніколі не дазволіў бы сабе зачапіць Алікаву талерку.
— А давай паклічам Дзіка на вячэру, — знайшоўся хлопчык. — I я пастаўлю перад ім на падлозе сваю манную кашу.
Лявон не звярнуў ніякай увагі на пярэчанне.
— Сабака названы зусім справядліва. Клічце яго поўным імем: Дзік Львінае Сэрца. Як у Вальтэра Скота.
— Чакай, дык там жа быў Рычард?
— Так. Англічане скарачаюць Рычард на Дзік.
— Нешта ты стаў красамоўны, Лявон, — пасміхнулася Наташа. — Сам жа нядаўна паўтараў прымаўку: «Скажаш — марна масла змажаш, змоўчыш — срэбра горшчык зважыш».
Лявон паблажліва зірнуў убок:
— З кожнага правіла бываюць выключэнні. Сёння выпадак выключны.
Спрачацца не выпадала, выпадак сапраўды быў з тых, што здараюцца не кожны дзень. Да таго ж нас слухаў Алік, для каго Лявон з’яўляўся першым і неаспрэчным суддзёю, тым больш што ён сапраўды навучыў малога чытаць.
З год назад, яшчэ будучы непісьменным, Алік прыцягнуў да нас «Лясную газету» Біянкі. Сеў каля мяне на канапе і выказаў нецярплівы намер падзяліцца найцікавейшымі весткамі з гэтай кніжкі. Хлопчык не зважаў нават на Дзіка, які стаяў поруч з ім і павільваў хвастом, паддобрываўся: ану і ўдасца выпрасіцца на вуліцу.
Напакаваны ад вушэй да пят здабытымі навінамі, Алік гартаў старонкі, упіраючы пальцам на малюнкі.
— А ведаеце, хто гэта? — ён называў звера або птушку і слова ў слова пераказваў змешчаны пад ілюстрацыямі тэкст. Справа растлумачвалася даволі проста: старэйшыя дзеці чыталі ўголас, а ён уважліва слухаў. Дзівіла толькі, як можна было запомніць усё ад вокладкі да вокладкі ў такім даволі таўставатым томіку.
Тым часам Алікаў палец уз’ехаў на новы малюнак.
— А гэта — цецярук!
Хлопец пачаў выкладаць, дзе жыве, чым жывіцца, як выглядае птушка, — слова ў слова па друкаваным.
— А па-мойму, гэта не цёцярук, — я знарок перайначыў слова, — а дзядзярук.