Выбрать главу

Малы ўстрывожыўся.

— Не, я добра ведаю: цецярук…

Выкарыстаўшы яго збянтэжанне, я пачаў выдумляць:

— Дзядзя, таму што вялікі, а рук, бо мае на кожнай лапе па пяць пальцаў і хапае імі ён усё, як мы рукамі…

Тварык у Аліка пасур’ёзнеў.

— Пайду. Спытаю ў Лявона…

Распытванне відавочна зацягвалася, Алік прыйшоў пасля паўдня назаўтра і не адзін, а з братам, відаць, чакаў, калі той вернецца са школы.

Мне было катэгарычна абвешчана:

— Вы жартуеце, а Лявон тое самае кажа, што і я. О, глядзіце, — Алік разгарнуў кнігу на патрэбнай старонцы. — Чытайце, як тут напісана. Лепш я сам прачытаю, я ўжо амаль усе літары ведаю. Ніякіх «дзядзярукаў» няма і быць не можа.

Пакуль Алік выкладаў свае неабвержаныя доказы, Дзік управіўся з поліўкай і ўсёй паставай паказваў, што зараз самы раз пайсці на праходку, у бок лесу, дзе можна паскакаць, пагаўкаць, а то і выпужаць дурную птушку з травы.

I мы пайшлі. Кожны з нас адчуваў сябе шчаслівым. Дзік праз тое, што бяжыць наперадзе трох прыемных яму асоб і ахоўвае іх, Алік і Лявон — таму, што іх суправаджае такі прыгожы сабака, і ўсе сустрэчныя, напэўна, зайздросцяць ім, мяркуючы, быццам яны — гаспадары гэтага вялікага пса-прыгажуна.

А я? Чаму я пачуваўся шчаслівым, забылася. Хутчэй за ўсё таму, што маім малым сябрам хораша і светла на белым свеце.

КОТ У ГРУБЦЫ.

ДЗІК-САНІТАР

Наш сабака сябраваў з катом, насуперак казкам і байкам аб даўняй і трывалай варожасці паміж іхнімі дзядамі-прадзедамі. Як гаворыць народнае паданне, справа зайшла вось за што.

Калісьці ў злагадзе жылі Сабака й кот з мышамі, Сяброўства мелі і былі Знаёмыя дамамі.
Рабілі справы талакой, Бывала скварка ў кашы… Кот жыў пад самаю страхой,
Сабака — ў бельэтажы.
А мыш жыла яшчэ ніжэй, Займала сутарэнне, Такі ўжо звычай у мышэй — Пужлівыя стварэнні.
Сабака добры меў кажух, А кот — бекеш цудоўны, А мыш — здабыты праз мяжу Кабат з ангорскай воўны.
Жылі падспеўваючы ўсе, Ды нейк, зірнуўшы ў чарку, Стаў піць сабака пакрысе I зводзіць гаспадарку.
Ён да такой бяды дайшоў, Што ўсе паспродваў транты I двух заможных парсюкоў Пусціў у кватаранты.
А сам з сям’ёю дзень пры дні Наняўся пасвіць статак, I хоць было ў яго брахні, А забягаў і ў хату.
Той пёс здаўна ўжо быў вядом Між усяго жывога: Ён ганаровы меў дыплом Бадай ці не ад бога.
Там ад часоў, як створан свет, Быў спіс радні сабачай: І кум, і сват, і бацька, й дзед І хто з іх чым адзначан.
Які хто меў ад роду хвост — Ці доўгі, ці куртаты, Як на бягу і як на поўсць — Ці гладкі, ці калматы.
I так выходзіла, што пёс, Нібы праўдзівы шляхціц. Але што зробіш — кепскі лёс! — Авечкі трэба пасвіць.
Вядома, клопату стае, Паганыя умовы… Паперы пёс аддаў свае Кату на перахову.
— Каб часам дзе не загубіў, Няхай ляжаць у хаце… Ну, кот прыняў і палажыў Пад бэльку на палацях.
Тым часам — восені канец, У хлеў пастаўлен статак, Пёс атрымаў капу яец I сала дужавата.
Мукі асьміну — на бліны, Ячменю мех — на піва. Мяркуе Лыска: — Да вясны Я пражыву шчасліва.
З лапцей я вылезу ізноў, Сукенку спраўлю сучцы, Куплю валёнкі для сыноў I дзеўкам па анучцы.
Ідзе дадому, а ў двары Душа зайшлася ў звадцы: З яго кватэры жыхары Не хочуць выбірацца.
Замкнулі ўсё, глядзяць з акон І рохкаюць паскудна: — Ідзі ты прэч, пайшоў ты вон Адсюль, пастух прыблудны.
Паскроб патыліцу бядак: — Калі такія справы, Тады я здолею інакш Сваё давесці права.
Яшчэ мой прадзед гэты дом Узняў з адной сякерай, Аб гэтым сведчыць мой дыплом I прывілеяў шэраг.
Давай, каток, паперы, Адразу ўсё праверым.
Хапіўся кот, палез пад столь, А там — адны атрускі, Драбочкі белыя, як соль, З мышынай перакускі.
Парвалі кацяняты, Паелі мышаняты.