Выбрать главу
Схапіўся пёс за галаву, Ад гора ледзь не плача: — Як я з малымі пражыву, Ты вінават, лайдача!
Ды за ката, а кот за мыш, Пайшла такая бойка — Дзівіся збоку, а не дыш, Калі не хочаш войкаць.
Сабраўся ўвесь сабачы род, Усе каты прыбеглі — Настаўлен хвост, разяўлен рот, Уструшня, як у пекле.
Аж змогся Лыска, грызся так, А ў дом не мог вярнуцца, Цяпер жыве ён, небарак, На панадворку ў будцы.
Упала шмат на землю рос Ад той сабачай страты, Але ў народзе кажуць скрозь: «Была ў сабакі хата».
Адтуль пачаткі ўсіх нязгод Між кошкай і сабакам. Абы сышліся — з году ў год, — Хто-небудзь мусіць плакаць.
Сабака брэша і злуе, А кот б’е лапай і плюе.
А калі злосць пачне цішэць I знойдзе межы сквапнасць, Аблавы робяць на мышэй Яны надзвычай трапна:
Кот у кутку чакае — Паперы спаганяе.
Сабака верне ржышча, Мо там паперы сышча.
Вось каб памірыліся — Мышы б не пладзіліся.

А ў нашым доме царавала самае сапраўднае сяброўства. Яно завязалася даўно: Дзік яшчэ ні разу не ліняў, а кот ледзь-ледзь адскочыў ад падлогі, мёрз без матчынага догляду і, шукаючы жывога цяпла, умошчваўся на сон каля сабакавага жывата. Дзік пагадзіўся: так было цяплей і яму самому.

Дом наш, так-сяк скіданы на жывую нітку нядбалымі рукамі няўмекаў, быў страшэнна халодны. Пліту палілі ўдзень, а грубку — рана і ўвечары. Зіма яшчэ не канчалася, а ў нас вылецела ў комін дваццаць восем кубаметраў бярозавых дроў — цэлы гай! — і два грузавікі торфу.

Усё роўна пасля таго, як зачынялі юшку, прыстойная цеплыня трывала ўсяго некалькі гадзін. Пакуль печ не астыла, туды закладалі абярэмак дроў: угрэюцца, крыху насохнуць, лягчэй будзе іх распальваць.

Аднойчы наша кацяня, шукаючы ўтулку, улезла ў грубку, за дровы, і соладка заснула.

— А ў нас зноў лядоўня! — Гаспадыня вярнулася з магазіна і пахукала ў азяблыя рукі. — Трэба брацца за печ.

Аблупіла з палена стужку бяросты, нашчапала смольных лучынак. Распалка ўзялася гарэць адразу ж, пакрысе агонь перапоўз на таўсцейшыя .

Дзік з відавочным задавальненнем наглядаў за працэдурай распальвання, ён любіў ляжаць каля адчыненых дзверцаў печы і зараз чакаў, калі ж яго пачне прыбываць, таго жаданага цяпла. Праўда, цяпер трывожыўся: раз-поразу настаўляў то адно, то другое вуха — з-за дроў чуўся нейкі незразумелы шолах.

Раптам у печы нешта вякнула, загурчала, заплявалася, і з сярэдзіны, праціскаючыся паміж паленняў, выкацілася кацяня: на ім стала займацца поўсць.

Дзік скочыў, падгроб пад сябе катка і пакачаўся з ім па падлозе. Ката ахаялі, памазалі нос і апечаныя лапы вазелінам і забінтавалі.

— Ну і ну! — Гаспадар пачухаў Дзіка за вухам. — Давядзецца аддаваць цябе на курсы ратавання ахвяр агню.

Дзіка перш хвалілі ўсе хатнія, потым далучыліся і сябры, што завіталі на агеньчык і амаль сталі сведкамі той удала адхіленай кацінай бяды. Сабака шчодра ўзнагароджваўся самымі высокімі словамі падзякі.

Крытык Уладзя, чалавек чуллівы, нават крыху сентыментальны, скарміў на Дзіка каўбасу, якую нёс дадому, — там чакаліся госці.

— За спрыт і вынаходлівасць, — казаў крытык, — не лішне было б адшкадаваць яму які-небудзь сабачы медаль.

Дзік спаважна павільваў хвастом, быццам разумеў, пра што ідзе гаворка, а разумеў ён з чалавечых слоў, як высветліцца пазней, значна больш, чым можна было ўявіць.

Перабінтаванага ката паклалі на канапу, ачуньвай сабе ў выгодзе! I тут зусім нечакана падаспела «хуткая дапамога». Сабака ўзлез на канапу, паздзіраў з катовых лап бінты і ахайна злізаў языком вазелін. Гаспадыня была памкнулася адганяць, але крытык Уладзя запэўніў:

— Дзейнічае паводле ўсіх правіл сабачай медыцыны. Пайду яшчэ па каўбасу.

— I варта, — падтрымаў я. — Яго сваякі залізвалі раны толькі сабе, а гэты і сябру даў рады…

— Відаць, у сабачай сліне нешта гаючае ёсць, — здагадаўся крытык.

Ад таго дня, калі пасля ранішняй прамінкі сабаку ўпускалі ў дом, хто-небудзь абавязкова папярэджваў:

— Хама, рыхтуйся на медагляд.

Сабака абабягаў прысутных, усяляк выказваў знакі прыхільнасці, стараючыся, калі ўдасца, і пацалавацца. Потым пераходзіў да ката і, прытрымліваючы яго лапаю, каб не ўцёк, вылізваў таму мызачку.