Выбрать главу

Кацяня цярпела да часу. Апечаныя мясціны перасталі аказвацца болем, і пацыент не толькі не прымаў сабачага лекавання, а нават — няўдзячны! — лупіў добраахвотнага доктара лапай поўху.

Дзік не помніў крыўды і пасля чарговай прагулкі зноў браўся за лекавыя працэдуры.

«Аперацыя Медагляд» у далейшым абыходзілася без сутычак, аж пакуль не была перанесена на іншы аб’ект.

Гаспадыня абварыла руку каля пліты. Боль утаймоўвалі як умелі: прыкладалі распараны чай, таркаваную бульбу, перачакаўшы, мазалі жыжкай, выпаранай з крутых яечных жаўткоў і прысыпалі жоўтым пылам са спелых балотных кіяхоў. Ну, і, вядома ж, лёгка забінтавалі.

Дзік не адыходзіўся ад Гаспадыні, заглядаў ёй у вочы, не ўмеючы іначай выказаць свайго спачування. А ўбінтавання не вытрымаў, садраў абвязкі, як некалі ў катка, і пачаў лізаць абвараную руку.

— Ну, гэта ўжо залішне…

— Няхай, — расчулілася Гаспадыня. — Мне як быццам лягчэй.

Лягчэй-то лягчэй, але ад чаго? Ад усіх раней ужытых сродкаў ці ад сабачага клопату? Ніхто не высвятляў, абы рука гаілася.

КАЛІ ГЭТА ЎСЁ АДБЫВАЛАСЯ

Цёплы і сонечны, сунічны і канюшынны ходзіць па лясах і сенажацях чэрвень.

Асаджваю тужэй пілотку на галаве, каб часам не здзьмула за борт з грузавічка, машыны-паўтарачкі.

Няўжо, думаецца, мы цэлыя тры гады не бачыліся са сваёю зямлёю! За адзін момант я ўявіў сваё нядоўгае жыццё на вайне. Пажары, што гасіў у Маскве пасля першых бамбёжак. Выбліскі ад залпаў «кацюш» пад Катлубанню, ад якіх па стэпе беглі шасціпалыя кіпцюры агню, падпальваючы небакрай і ўсю прастору за небакраем. Непрытомнасць пасля мінамётнага налёту, калі, засыпаны зямлёю, не мог паварушыцца, шпіталь у Іванаве.

Нарэшце такі самая страшная на чалавечай памяці вайна выкінута з нашай зямлі, дабіваецца на той, дзе пачыналася.

Бяжыць па гравійцы грузавічок, і ў ім — дзесятак паспешна адкліканых з фронту камандзіраў. Не, ужо не камандзіраў! Заўтра мы станем на сваю абвыклую работу, што рабілі да вайны: у даследчых установах, ліцейных цэхах і канструктарскіх бюро.

Бяжыць грузавічок, пасажыры прыстылі вачыма да шчодрых чэрвеньскіх краявідаў.

Дарога загінаецца ў лес, і на завароце — некалькі аўтаматных чэргаў: спачатку насустрач, а затым услед… Грузавічок ірвануўся наперад, матор загуў, сапучы і чхаючы…

Праскочылі…

Тут быў «кацёл», так у вайну называлі тугое і надзейнае акружэнне варожых часцей, адкуль адна дарога — у палон. А не хочуць, няхай наракаюць на сябе.

Відаць, нейкая жменя варожых салдатаў выслізнула з абцугоў і не кідае зброі — мерыцца пралезці за лінію фронту.

Грузавічок — не прымаць жа бою, немаведама, якая сіла з таго боку, — стараецца на ўсе лапаткі. Нарэшце стаў — хуткасць перавысіла яго ветэранскія магчымасці.

Былыя камандзіры саскокваюць цераз борт. Перакур. Шафёр, як звычайна, калупаецца ў маторы. Няшмат нам паказала дарога, але і тое цікава.

Не паспеў асесці парахавы дым, а на недатлелыя галавешкі родных сяліб збягаюцца, сыходзяцца, з’язджаюцца людзі, колішнія жыхары. Хапаюцца за працу, не абтросшы пылу горкай і гарачай дарогі бежанства і партызанства.

Перш за ўсё агорваюць жытло, хоць якое, з жэрдак і аполкаў, абы не мачыў дождж і не завявала снегам, раздабываюць ежу, прысяваюць, колькі стае насення, кавалкі зямлі позняю ярыною, хоць курам пасыпаць.

Твары ў пасажыраў грузавічка святлеюць: праз кроў, праз бяду, попел, друз прабіваюцца сцяблінкі жыцця.

Уцешна і смутна — магло ж гэтага няшчасця і не быць! Дый наперадзе не аладкі з мёдам чакаюць. Нялёгка будзе, можа, яшчэ цяжэй, як на фронце.

З нізіны патыхае смурод, робіцца млосна, і кружыцца галава: не ўсіх забітых паспелі пахаваць, наступленне разгортвалася шпарка. Не было часу і зброю сабраць: расхінеш куст — карабін ці аўтамат з патронамі.

Непадалёку ад дарогі брызентавыя палаткі, у іх пакіданы шынялі, бялізна, мундзіры. Доле — аж бела ад газет, адозваў, складзеных у гармонік паскудных плакацікаў. Па ўсім відаць — вытворчасць уласаўскай прапаганды.

Ледзь не поруч рыпнулі калёсы. Азіраемся на лесавую дарогу. Канячка, лядашчая, нявылінялая, угінаючыся, цягне воз. Адзін возчык вядзе каня за аброць, другі робіць выгляд, што папіхае.

Драбіны накрыты салдацкай коўдрай, узятай, відаць, у тым пакінутым лагеры.

Нехта з нас асцярожна адхінуў беражок коўдры: вінтоўкі! Навалены па самыя аглабіцы, нашы і трафейныя.

— А гэта нашто?

— Можа, спатрэбяцца калі, — адказвае маладзейшы возчык, бялявы, з не вельмі пэўнымі вачыма.