Выбрать главу

— Хто вы?

— Мы з… — называецца вёска, — вёрст пяць адсюль. Толькі што з партызанаў сыскаліся, адваявалі.

— I зноў за зброю? — гаворку вядзе капітан, старшы нашай групы.

— Не надта трэба, але няхай будзе.

— Лепш бы адзежу бралі. Бачылі, колькі яе. Вам жа перазімаваць у нечым давядзецца.

— Гнюсная там адзежа, гідка ў рукі ўзяць.

— А вінтоўкі не гнюсныя?

— Так-то яно так. Але ж вінтоўку агледзь ды страляй у варожыя галовы.

— Дык жа вайна пад канец коціцца.

— Так-то яно так! — зноў абзываецца белабрысы. — Але вайна ёсць вайна… Няхай будзе поблізу тое, чым стрэліць.

На гэтым і развітваемся. Казаць, каб скінулі з воза зброю — сэнсу няма: скінуць, а мы ад’едземся, зноў набяруць.

Сядаем на адпачыўшы грузавічок. Ва ўсіх, відаць, падобныя думкі. Столькі адваяваў, перацéрпеў народ і зараз не хоча выпускаць з рук зброі: ану, не дай божа, зноў давядзецца брацца за яе.

Наша машына адважна пераадольвае ручаіны — масты разбураны, выбіраецца з пяску, натужыцца, узлазячы на пагоркі.

I яшчэ раз спыняецца. Вылазім і, скінуўшы шапкі, моўчкі глядзім. Родны з маленства брук сталіцы, яе водар, яе сціплы выгляд. Няўжо ж нічога не змянілася?

Лепшая і прыгажэйшая частка горада, што называецца цэнтр, здаецца, стаіць, як і даўней. Але ж гэта адны сцены! Узвышаюцца над патрушчаным шклом і патоўчанай цэглаю руін. Нахаладаліся ад сіверу, наслязіліся ад пранізлівай слаты і вось пазіраюць пустымі аконнымі проймамі на ўсе бакі свету! Дахі, падлогі, рамы паглынула полымя: адна бамбёжка даганяла другую.

Хачу ўцерці запылены твар і намацваю пальцам мокрую палоску на шчацэ. Гляджу на сваіх таварышаў: і ў іх на тварах гэткія самыя рáгі. Апошнія, будзем спадзявацца, мужчынскія слёзы. А можа, і першыя: раней на іх не было ні часу, ні права.

Зараз жа — перад зіркам знішчаны горад, той, што падняў нас на ногі, стаў вялікім бацькоўскім домам. Праз сухія вочы глядзець на яго, такі, нельга…

Усе мы кіруемся ў адзін дом. Праз нейкую гадзіну кожнага накіроўваюць на работу, на нікім не ўгрэтае яшчэ месца. Часцей за ўсё не ў дамы, на пляцоўкі, дзе павінны вырасці дамы.

УСКРАІНА МАЛАДОСЦІ

Я падаўся шукаць начлегу на ўскраіну свае маладосці. Некалі шчыльна пазабудоўваныя вуліцы паказвалі воку шэрыя лапіны прыску, а зверху — абгарэлае галлё ігруш і яблынь. Ацалелыя драўляныя хаціны напакоўваліся прыезджымі ад падлогі да столі, на душу прыпадала метр ці паўтара.

Праз нейкі час з’явілася кватэра — частка наспех збудаванай хаціны. Пасяліліся там я з жонкай, яе сястра Наташа з дачкою-школьніцай. Не жылі, а мерзлі.

Дом будавалі палонныя, пагаднення аб звароце іх яшчэ не было. Дык не карміць жа дармова, да таго ж па рабочай норме, плойму здараўцоў! Хай хоць што робяць, напэўна, не адзін з іх прыкладаў руку да спалення нашых дамоў.

Палонныя расчышчалі руіны, разбівалі на кавалкі бетанаваныя падмуркі і сутарэнні, разбіралі на цэглу сцены. А там-сям аднаўлялі больш-менш прыдатныя для жытла мураванкі. Будаваць драўляныя дамы не ўмелі, рабілі абы-як, дый, мусіць, нагляду належнага не было.

Жыхарам, што засялялі пастаўленыя гэтымі рукамі дамы, прыйшлося нясоладка. Паміж кепска падагнанымі бярвеннямі лёгка ўваходзіў палец, сцен не імшылі, дзе-нідзе ўткнулі ў шпары пакулле, дый тое, разгледзеўшыся, парасцягвалі вераб’і і большыя птушкі на ацяпленне сваіх сядзіб.

За недаробкі мы ўзяліся самі. Пазатыкалі большыя шчыліны чым маглі — кудзеляю, анучамі, ватаю, а ўсярэдзіне абабілі сцены нейкай чорнай, тоўстай, пад кардон, паперай.

Усё роўна, на дварэ было цяплей. Дома мы не спускалі з ног валёнак, а перад выхадам на вуліцу абувалі чаравікі.

Прымаўку «па хаце вецер ходзіць» склалі няйначай маючы на ўвазе нашу кватэру — тут вецер распяразваўся як хацеў. Фіранкі на вокнах безупынку калываліся, у пакінутых на стале кнігах самі гарталіся старонкі, а ў шчылінах між рамаю і шыбамі тоненька пасвіствала, асабліва ў вецер з поўначы, якраз туды і глядзела наша жытло.

ЗДАРЭННЕ Ў ЗАВУЛКУ

Жылося, што казаць, нялёгка, затое кожны дзень абдорваў навіною. Раслі зрубы і новыя падмуркі. Везлі свежыя караваі з толькі-толькі пушчанага хлебазавода, падымаў над дзвярыма шыльду новы магазін, праціраў шкляныя вочы кіёск — усяму было рада сэрца. Апрача таго, мы ведалі, за нейкія паўгадзіны ходу ад цэнтра ўзнікла радзіма не бачаных дасюль асілкаў: трактарнага і аўтамабільнага.

Адно што настрой часам псавалі кепскія людзі, высеўкі нядаўняй акупацыі. Не-не дый пачуеш: там крадзеж, там рабунак, недастойныя чалавечай годнасці ўчынкі, інакш кажучы, злачынствы.