Выбрать главу

Раніцай, зусім не падобнай на снежаньскую — снег падаў і раставаў пад нагамі, — яшчэ на прыцемку я выбраўся прайсці, падыхаць паветрам. Ніяк не канчалася тэрміновая работа, трэба было прасвяжыць галаву.

Ставарышаваць мне адразу падручыўся Дзік, ён яшчэ не дацягваў да года, але выглядаў на дарослага пса.

Я адамкнуў варотцы і спыніўся, нічога не бачачы. Ліхтароў не было, вочы не прывыкшыя да перадзолкавай імжы, не свяцілі. Трымаючыся агароджы, намацаў нагамі тратуарчык і завярнуў за вугал. Дзік падбег да мяне ўсутыч і мнагазначна цяўкнуў. Ён хацеў некуды адбегчыся і прасіў прабачэння: пахадзі, маўляў, трохі адзін, мне тут трэба зазірнуць у адзін адрас, з знаёмымі панюхацца.

Дзік падставіў галаву мне пад руку: гладзь і май пэўнасць, я цябе хутка даганю. I растаў у тумановай вільгаці.

У баку хлебазавода пасігналіла машына, няйначай, прасілася ў двор на загрузку. Значыць, хутка будзе выходзіць начная змена. I я пакіраваўся пад хлебазавод.

На скрыжаванні мяне схапілі ззаду за каўнер.

— Палітончык! — закамандаваў рыплівы голас. — Скідай і — носам да плота. Каб ні руху, ні гуку.

Тут не паспрачаешся! У яго ж, напэўна, ёсць зброя, дый напарнік, відаць, непадалёку. Але — паліто! Няхай старое, але перспектыў на новае не прадчуваецца.

Як не сваімі рукамі, павольна расшпіляў я гузікі. Думалася даволі рызыкоўна: пачну скідаць з рукавоў і накіну гэтаму д’яблу на галаву, ану і забрытаю.

Раптам мой каўнер адпусцілі, той самы голас, але значна памякчэлы, папрасіў:

— Паклічце, калі ласка, свайго сабачку…

Я азірнуўся. Дзік, наш рахманы і вясёлы шчанюк, прыціснуў да плота прысадзістага чалавека, паклаўшы яму лапы на плечы, рычаў і дабіраўся да гарлянкі.

Вельмі хацелася блаславіць між вачэй прыпёртага, але нешта стрымала.

— Дзік, сюды!

Калоцячыся, напружаны да апошняй жылкі, сабака паслухаў. Чалавек не паспеў зрабіць кроку, як завыў немым голасам: Дзік ірвануў яго за сцягняк.

— Каму сказана: сюды? А ты — давай адгэтуль… I дарогу забудзь.

Чалавек пабег у завулак. Мне каштавала нямала высілкаў утрымаць сабаку за нашыйнік.

— Ціха, дурань! А то бяды набярэшся.

Сапраўды, з завулка пачуўся стрэл, бліснуў імгненны вышуг агню. Поўсць на маім сабаку нашылілася, ён падскочыў, каб бегчы наўздагон.

— Нікуды не пойдзеш, супакойся, — я пачухаў шэрую галаву за вушамі. — Ты хоць і не Рычард, але маеш львінае сэрца. I гэта будзе адзначана ў летапісе нашага дому.

Калаціла нас абодвух больш ад узрушэння і неспадзяванасці, хоць і страху хапіла, не ўтаю.

Праходка была сапсавана, хочаш не хочаш — вяртайся дамоў. Так мы і зрабілі. Прыйшлі і расказалі пра здарэнне: не так для выхваляння, як для навукі — вельмі рана і вельмі позна хадзіць аднаму не выпадае.

Сабака атрымаў дадатковы паёк з цялячых храшчыкаў, еў і час ад часу падымаў на мяне галаву. Нібыта запэўніваў: нічога не здарылася і не здарыцца, давай толькі гуляць усюды разам.

ДЗІК ТРАПЛЯЕ Ў БЯДУ

Пагранічнае начальства запрасіла мяне зірнуць, на якія замкі замыкаецца наша мяжа. А з’явіцца жаданне, можна і даўжэй пабыць на заставах, пазнаёміцца з абаронцамі запаветнай рысы.

Гэта было ў навіну, і я даў згоду. Але напярэдадні знік наш сабака. Уночы папрасіўся на двор, як заўсёды, далікатна; у такіх выпадках ён сядзеў насупраць гаспадынінага ложка і глядзеў ёй у твар, чакаў, пакуль адчуе позірк і абудзіцца.

Дзіка выпусцілі перад ранічкай. Было ўжо з паўдня, а ён не з’яўляўся, хоць больш за дзве гадзіны ў самастойных праходках ніколі не бавіўся і снедаць прыбягаў акуратна.

Адсутнасць спрабавалі растлумачыць проста: спаткаў дзе-небудзь вясельную кампанію хвастатых сваякоў, на правах дужэйшага ўзначаліў яе, узгуляліся і павяліся за горад. Але тым часам мінавала пара абеду, а яго не было і не было.

— Трэба шукаць!

Шукалі па ўсім горадзе. Я пайшоў за велазавод, на адлоўны пункт. Туды звозілі ў будках сабак-бесхацінцаў, а то і хатніх, калі былі без нашыйнікаў. Хапалі ўсіх, што трапляліся на вока і не паспявалі ўцячы. Звычайна псы ўнюхвалі набліжэнне будкі здалёк і прыпускаліся прэч, колькі ставала сілы. На маіх вачах пярэстарак-дварняк з суседняга двара, які з людское ласкі дажываў веку і не кусаўся, бо мог разжаваць хіба што бульбіну, зачуўшы небяспеку, даваў ходу на ўзроўні алімпійскага рэкорду і сігануў цераз плот, даступны не менш чым чэмпіёну свету па падскоках угару.

Было малаверагодна, каб наш лёгкі на лапу сабака трапіў у пастку. Сапраўды, на адлоўным пункце, апытаўшы, як выглядае прапажа, цвёрда адказалі: