У нарысах, якія складаюць зборнік «Добрым сэрцам чалавечым», пісьменнік даследуе характары знакамітых людзей Жлобіншчыны. Знакамітых не толькі тым, што ў некаторых з іх шмат ордэнаў і іншых ганаровых адзнак, а найперш — сваёй чалавечай, працоўнай, духоўнай адметнасцю. Тым, што іх жыццё — гэта кропелькі нашай складанай, нялёгкай гісторыі.
Да роднай зямлі
Я навечна прырос
Карэннямі сосен усіх
І бяроз.
Пятрусь Броўка.
СЛОВА ДА ЧЫТАЧА
Хтосьці з вялікіх сказаў: «Заўтра пачынаецца сёння». Простая і разам з тым вялікая ісціна. У сваім развіцці яна можа быць выказана і так: «А сёння пачыналася ўчора». Сівыя вякі нашай гісторыі — не якоесьці сырое, змрочнае, заваленае замшэлым друзам прадонне. У іхніх патаемных глыбінях, у далёкай і блізкай мінуўшчынн — вытокі ўсіх нашых спраў і дзеяў, нашага новага, сённяшняга поступу жыцця. Часы тыя назаўсёды адышлі ад нас і назаўсёды засталіся з намі. Там карані нашых радаслоўных.
Ёсць жа мінулае, якое праз усё жыццё побач з намі, у нас саміх. Забываць пра яго мы не маем ні грамадзянскага, ні проста чалавечага права. Калі чалавек страчвае памяць, то з гэтым ён губляе і розум. Без памяці няма культуры, а 6ез культуры няма чалавека.
3 ХРОНІКІ. «Паселішча на месцы Жлобіна існавала яшчэ ў язычаскія часы; тут нярэдка выкопваюць пахавальныя урны з попелам».
«Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны». Над рэдакцыяй П. П. Сямёнава, выданне 1905 г.
«Невялікае паселішча Злобін, папярэднік сучаснага Жлобіна, узнікла ў 15 ст. на нізкім правым беразе Дняпра ля ўпадзення ў яго ручая Чорначка.
У 15—16 ст. ст. гэта валоданне належала Хадкевічам і пераносіла ўсе складанасці жыцця парубежнага паселішча. У гэты час і ўзнік на ўзвышэнні берага Жлобінскі чамак. Ён складаўся з двух частак — уласна замка і падзамка». (Далей ідзе яго апісанне).
М. А. Ткачоў. «Замкі і людзі». Мінск, «Навука і тэхніка», 1991 г.
«Хадкевічы, магнацкі род на Беларусі, прадстаўнікі якога ў 15—17 ст.ст. займалі дзяржаўныя і адміністрацыйныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Радаслоўную пялі ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) Юр’евіча (вядомы ў 1431—47)».
«Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя». Том 5. Мінск, 1981.
«Сярод шматлікіх дакументаў гістарычнага архіва БССР захоўваецца «Справа па адносіне Магілёўскага ўпраўлення пра дзве гарматы, знойдзеныя ў Рагачоўскім павеце ў маёнтку Вайзбуна». Кожная гармата з гербам і надпісам «года 1769 дня 19 ліпеня месяца ў Жлобіне Крыстоф Чахоўскі». Знайшлі гэтыя медныя аграмадзіны 11 верасня 1842 г. ля крыніцы Пянькі (напэўна, недалёка ад Жлобіна), ва ўладаннях Станіслава Вайзбуна. Стала вядома і імя беларускага майстра гарматнай зброі 18 стагоддзя — Крыстоф Чахоўскі».
Г. А. Каханоўскі. Часопіс «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», нумар 4, 1976 год.
Гэта некаторыя вехі нашай гісторыі.
Падыходзіць да канца надзвычай складанае і супярэчлівае дваццатае стагоддзе, якое прынесла свету шмат усялякіх — і сацыяльных, і навукова-тэхнічных, і так званых культурных — рэвалюцый. Гэтыя рэвалюцыі дыктавалі людзям свае ўмовы жыцця. Тым не менш кожны чалавек ішоў уласнай дарогай-пуцявінай па бяскрайніх жыццёвых гасцінцах, вытоптваў яе асабістым лёсам. А ў асабістым яго лёсе, як сонца ў кропельцы расы, адлюстроўваецца наша гісторыя — айчыны, краю, роднага кута. I памяць наша не павінна быць засмечана ідэалагічнай і палітыканскай эквілібрыстыкай, якую падчас навязваюць нам палітычныя істэрычкі, што выдаюць сябе за абаронцаў інтарэсаў народа.
На Жлобіншчыне многія памятаюць, а то і добра ведаюць тых яе ўраджэнцаў і жыхароў, пра якіх пойдзе гутарка ў маіх нарысах. Людзі яны розныя між сабой і па свайму сацыяльнаму становішчу, і па светапогляду, але аднолькавыя ў тым, што жылі і жывуць, калі можна так сказаць, пад дэвізам: «Для Айчыны зроблена недастаткова, калі не зроблена ўсё». У тым, што неслі ў сэрцах і перадавалі ад пакалення пакаленню запаветы слынных нашых продкаў, яшчэ ў далёкі час выказаныя Яраславам Мудрым: «Калі ж будзеце ў нянавісці жыць, у неладах і міжусобіцы, то загінеце самі і загубіце зямлю сваіх бацькоў і дзядоў».
Сёння, шаноўны чытач, я запрашаю цябе разам прайсці па некаторых з тых дарог услед за героямі гэтай кніжкі. Буду шчаслівы, калі ты прымеш маё запрашэнне.
У кніжку я ўключыў таксама сваю легенду пра Жлобін. Пра яе скажу словамі Плутарха: «Я хацеў бы, каб мой твор, ачышчаны розумам ад казачнага вымыслу, прыняў характар гісторыі; але там, дзе вымысел упарта змагаецца са здаровым сэнсам, не жадае зліцца з ісцінай, я разлічваю на памяркоўнасць чытачоў, якія не паставяцца сурова да паданняў далёкай даўніны».