Выбрать главу

Кожны ўзлятае на тую вышыню, якая яму даступна па даўжыні крылаў. Антон Нічыпаравіч выканаў шэраг работ, прысвечаных вывучэнню палярызацыі люмінесцэнцыі раствораў фарбавальнікаў. Гэта і стала зместам яго кандыдацкай дысертацыі.

У час Вялікай Айчыннай вайны ім былі распрацаваны і ўкаранёны люмінесцэнтныя метады святломаскіроўкі і шэраг іншых прымяненняў фізічнай оптыкі ў ваеннай справе.

Вось напісаў я гэтую фразу і падумаў: якая яна сухая і скупая. А што ж за ёю стаіць?.. А тое, што ў вайне, дзякуючы распрацоўкам вучонага, былі выратаваны многія-многія жыцці чырвонаармейцаў, зберажона шмат зброі і вайсковай тэхнікі.

Пасля вайны Сеўчанка засяродзіў увагу на тым, каб вывучаць свячэнне ўранілавых злучэнняў. Цікавыя вынікі былі атрыманы пры даследаванні выяўленай ім палярызацыі свячэння ўранавага шкла. Сукупнасць даследаванняў аб люмінесцэнцыі ўранілавых злучэнняў, праведзеных на працягу дзесяці гадоў, склала змест доктарскай дысертацыі, якую ён абараніў у пяцьдзесят другім годзе.

Высока характарызаваў Сеўчанку як вучонага акадэмік Вавілаў. Ён пісаў, што Антон Сеўчанка стаў выдатным фізікам. У сваіх манаграфіях ён не раз спасылаўся на работы былога вучня, гаворачы пра іх вялікае тэарэтычнае і практычнае значэнне.

Па жыцці Антон Нічыпаравіч, шчаслівы, удумны аптыміст, крочыў упэўнена і горда. Ён быў цікавым, змястоўным чалавекам, які глыбока разумеў свае грамадзянскія абавязкі, усведамляў людскую прыстойнасць, умеў жыць і працаваць захоплена і самааддана.

У пяцьдзесят трэцім годзе доктара фізіка-матэматычных навук прафесара Сеўчанку выбіраюць акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. Ён пераязджае з Ленінграда ў Мінск.

За кароткі час Антон Нічыпаравіч арганізаваў у акадэміі і ўзначаліў інстытут фізікі і матэматыкі. Разам з навуковай дзейнасцю дырэктар інстытута вёў вялікую арганізатарскую і педагагічную работу. Стварыў калектыў маладых вучоных, якія паспяхова працавалі ў сферы люмінесцэнцыі. Моладзі было цікава з ім. Сеўчанка казаў:

— Знайшоў гіпотэзу — капай углыбіню, шукай доказы, з якіх яна вынікае. Бо толькі яны адкрываюць навуковую ісціну, аб’ектыўны закон. Так што капай да сёмага поту, да знямогі, а знаходзь.

3 гэтым не паспрачаешся. Многія вучні яго сталі сур’ёзнымі навукоўцамі, «капалі да сёмага поту».

Пяцьдзесят трэці год крута павярнуў жыццё акадэміка Сеўчанкі ў новае рэчышча, узняў яго на высокую хвалю. Антон Нічыпаравіч быў прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна.

— Вялікаму каню, Антон Нічыпаравіч, і хамут вялікі,— жартавалі сябры, віншуючы яго з высокай пасадай.

Прызначэнне гэтаё Сеўчанка ўспрыняў з усёй адказнасцю. Універсітэт — флагман вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, ён і кузня кадраў, і цэнтр навукі. Цэнтр гэты будзе жыць паўнакроўным жыццём, калі ўсе — і выкладчыкі, і студэнты — стануць і розумам, і сэрцам усведамляць, што кожны з іх — яго жывая часціна… Менавіта гэтыя словы, сказаўшы на сходзе прафесарска-выкладчыцкага саставу, рэктар удакладніў:

— Калі кожны тут, як у нас у Дзяніскавічах кажуць, будзе адчуваць сябе ў сваёй талерцы.

Прысутныя засмяяліся і заапладзіравалі.

Клопатаў у рэктара было — хоць адбаўляй. Найпершы, канешне,— навучанне студэнтаў. Трэба было таксама — жыццё вымагала настойліва і патрабавальна — і пашыраць кола спецыяльнасцей, па якіх вялася падрыхтоўка кадраў, і шырэй разгортваць навуковую работу. А тут яшчэ — гэтая будоўля… На будынкі размахнуліся — дай божа! Каб задавальнялі ўсе сучасныя патрабаванні. Дык тут глядзі дый глядзі!..

Тыя, хто працаваў тады з Сеўчанкам, кажуць: на ўсё яго хапала.

А таксама яшчэ расказваюць: не ўсюды ўсё, аднак, ішло гладка, не. Былі ў калектыве і разыходжанні, часам прынцыповыя, па самых розных праблемах жыцця універсітэта. Але Сеўчанка нікога не падаўляў сваім аўтарытэтам, не глушыў катэгарычнасцю свабоду мыслення і не прыніжаў чалавечую індывідуальнасць.

Дзіўныя рэчы іншы раз адбываюцца з чалавекам! От я напісаў гэты абзац, і падумалася мне: каб хто тады папытаў у Антона Нічыпаравіча, чаму ён іменна так паводзіў сябе ў калектыве, што б ён адказаў? I адразу на маю думку прыйшло хай сабе і крыху дзіўнаватае, але бясхітраснае, простае тлумачэнне: «Дык так жа ў нас у Дзяніскавічах робяць».

Тагачасны студэнт універсітэта, а цяпер вядомы беларускі паэт Мікола Чарняўскі напісаў у адным са сваіх вершаў: «Там колас важкі вырастае, дзе гнаў з душою баразну».

Гаворачы пра Сеўчанку-рэктара, з поўным правам можна сказаць: сваю баразну ён гнаў з душою. Антон Нічыпаравіч, не будучы сентыментальным чалавекам, меў добрае, шчырае сэрца, быў уважлівым і чулым да выкладчыкаў, да студэнтаў — да ўсіх, з кім працаваў і знаўся.